Ірына Жэгала: “Бюджэт Дзятлаўскага раёна сацыяльна накіраваны”

Улада

Ірына Жэгала, начальнік фінансавага аддзела Дзятлаўскага раённага выканаўчага камітэта:

— Тое, што мяне абралі дэлегатам на V Усебеларускі народны сход, вялікі гонар, бо разам з астатнімі дэлегатамі мы, фактычна, будзем удзельнічаць у кіраванні дзяржавай.

Што тычыцца маёй працы, як начальнік аддзела фінансаў я займаюся бюджэтам Дзятлаўскага раёна – яго даходамі і выдаткамі. Раённы бюджэт фарміруецца штогод, а не раз на пяць гадоў і залежыць ад рэальнага сектара эканомікі. Раённы бюджэт Дзятлаўшчыны – датацыйны, практычна палову сродкаў мы атрымліваем з рэспубліканскага бюджэту.

Дзякуючы таму, што нашы прадпрыемствы прадукцыйна працуюць на працягу доўгага часу, у кожны з гадоў апошняй пяцігодкі наш бюджэт выконваўся і перавыконваўся. Гэта дазволіла нам не толькі прафінансаваць запланаваныя расходы, але і мэтава накіраваць дадатковыя грашовыя сродкі.

Найперш фінансавалася сацыяльная сфера, паколькі бюджэт Дзятлаўскага раёна носіць сацыяльную накіраванасць. За апошнія пяць гадоў у сацыяльнай сферы раёна было зроблена вельмі шмат – капітальна адрамантаваны дахі ўстановаў адукацыі, харчблокі ва ўстановах адукацыі і аховы здароўя, нямала сродкаў укладзена ў добраўпарадкаванне.

Толькі ў мінулым, 2015 годзе, са сродкаў, прадугледжаных у раённым бюджэце, больш за 50 мільярдаў рублёў было выдаткавана на капітальныя і бягучыя рамонты, добраўпарадкаванне і рамонт жыллёвага фонду.

Калі казаць пра тое, што хвалюе, і што, напэўна, будзе агучана на V Усебеларускім народным сходзе, – гэта павышэнне эфектыўнасці работы галінаў народнай гаспадаркі (прамысловасці і сельскай гаспадаркі). Лічу, што будзе абмяркоўвацца і вельмі своечасова прыняты 78-ы Указ Прэзідэнта “Аб мерах па павышэнні эфектыўнасці сацыяльна-эканамічнага комплексу”, бо эфектыўная работа прадпрыемстваў, прыбытковасць, скарачэнне сабекошту тавараў – гэта ўсё складнікі збалансаванасці нашага бюджэту.

Падрыхтавала да друку Н. СТУПЧЫК
Фота Н. АВЯРЧУК



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *