“Вясна трывогі нашай”…

Падзеі

Вясна 1986 года стала, бадай, адной з самых горкіх  і нешчаслівых у гісторыі беларускага народа. Гэтая сонечна-квітнеючая пара звычайна лашчыць сэрца, цешыць душу, прыносіць надзею, радасць, весялосць. А тут – неабсяжная бяда! Ядзерны выбух  стаў страшным пакараннем жыццю —  радыяцыйным апраменьваннем, смяротнымі пакутамі, бежанствам, анкалагічнымі хваробамі… Крыжы на вокнах чарнобыльскіх хат – гэта працяг вайны ў свядомасці майго народа.  Ды што там – былі пахаваны цэлыя вёскі. Гэта жахлівая  васьмідзесяцікіламетровая мёртвая зона.

Сам дзень 26 красавіка 1986 года ўвайшоў у сусветную гісторыю як адзін  з самых трагічных у ХХ стагоддзі.  У адну гадзіну 23 хвіліны ўзарваўся чацвёрты рэактар ЧАЭС. Пазней гэта аварыя была прызнана першай у свеце тэхнагеннай катастрофай  з найвышэйшым (сёмым) узроўнем небяспекі па міжнароднай шкале ядзерных здарэнняў.

Чарнобыльскі пажар быў бачны за некалькі дзясяткаў кіламетраў. Пажар, у якім гераічна гублялі свае жыцці пажарныя і ўсе тыя, хто змагаўся з наступствамі выбуху ў першыя гадзіны і дні пасля трагедыі.  Гэта ўжо сёння мы можам казаць: Чарнобыль –  народны подзвіг. Подзвіг людзей, якія сталі на барацьбу з грозным, нябачным ворагам: кожны дзень неслі небяспечныя вахты каля ядзернага рэактара, ачышчалі забруджаныя палі, сады і жыллё, прымалі ў сябе перасяленцаў.

Кажуць, назвы ў многім з’яўляюцца сімвалічна-гаваркімі. Так і ў назве ўкраінскага горада Чарнобыль, мусіць, закладзены трагічны сэнс, нават страшнае прадказанне: чорная быль, чорны боль, было (жыццё ў мінулым часе). На жаль, і ўжо 30-годдзе чарнобыльскай трагедыі, якое прыпадае на квітнеючую вясну-2016, — гэта зусім не тыя гады, дзесяцігоддзі, што забыліся, а сучасныя, досыць драматычныя наступствы. Гэта боль беларускага, украінскага, рускага і іншых народаў, боль, ад якога халаднее на сэрцы і  шчыміць душа — за лёс самой Бацькаўшчыны, за лёс будучых пакаленняў. Вось так і стаў Чарнобыль чорным сімвалам Беларусі. Але мне хочацца верыць, што яму не ўдасца выцесніць белы сімвал нашай сінявокай старонкі – мірнага бусла. Мы сталі яго не толькі ахвярамі, але і мужнымі людзьмі, здольнымі перажыць гэтую навалу.

Светлыя легенды, насуперак усяму, і ў ХХІ стагоддзі згадваюць дзівосную і духмяную кветку “чарнобыль”, якая, лічыцца, мае цудадзейную медычную сілу. Нашы продкі шукалі яе, як і папараць-кветку, каб ратаваць сябе ад хвароб, няшчасцяў, каб даць сабе даўгалецце, мудрасць. Там, дзе іх было шмат, дзе над стэпам стаяў іх дух духмяны, і пасяліліся людзі, каб дыхаць на поўныя грудзі, набірацца здароўем. І назвалі гэта месца Чарнобылем… Горкая легенда!

Чарнобыль разбурыў адвечныя сувязі чалавека і прыроды-матухны. Мы страцілі гармонію, адчуванне суладнасці з навакольным светам. Вельмі багатае на прыродныя дарункі  Палессе, на жаль, больш за ўсё забруджана радыяцыяй. Тыя ж грыбы здольны паглынаць розныя рэчывы, якія забруджваюць глебу, паветра. Радыяцыю нельга пабачыць і адчуць на смак,  аднак яна здольна захоўвацца ў нашым арганізме да крытычнага моманту.

Наша Бацькаўшчына  адчула суровы подых чарнобыльскага ветру: родная зямля атрымала смяротную дозу для жыцця. Былі жывыя вёсачкі, а сталі зонай адсялення, было поле, а стала зонай адчужэння. Чартапалох апанаваў палеткі. Быў лес, а стаў зонай пастаяннага радыяцыйнага кантролю.

Людзі, выгнаныя бядою са сваіх родных мясцін, праз гады не знаходзяць душэўнай раўнавагі. Не прыносіць спакою новая зямля, ірвуцца сэрцы дамоў. Бо там могілкі родных, бацькоўскія хаты ці тое, што ад іх засталося. Чарнобыльская катастрофа спарадзіла разбурэнне традыцыйнага ўкладу жыцця, хаос, яна перасягнула межы чалавечай свядомасці.

Зорка Палын стала злой зоркай нашага лёсу. “Радыяцыя — нябачны акупант”, — заўважыў паэт Анатоль Грачанікаў. Алесь Адамовіч, выступаючы ў Японіі ў красавіку 1990 года, так сказаў пра трагічны разлом часу: “Да Чарнобыля і пасля Чарнобыля — гэта рознае светаадчуванне, гэта па-новаму небяспечныя шляхі чалавецтва ў будучыню”.

Ва ўжо досыць працяглы час паслячарнобыльскага роздуму  з’явілася больш за 500 вершаў, дзясяткі паэм, больш за паўсотню   твораў прозы і драматургіі.

“Чарнобыльская малітва” Святланы Алексіевіч з’яўляецца  непрыдуманай, дакументальнай кнігай. Твор перакладзены больш чым на дваццаць моваў, яго параўноўваюць з уздзеяннем шокатэрапіі: настолькі моцнае ўражанне ён выклікае. Кніга  С. Алексіевіч  — гэта  збор гісторый людзей, чый лёс зачапіў Чарнобыль, аповеды ліквідатараў, жыхароў зоны адчужэння, жонкі пажарніка з дружыны, людзі якой першымі трапілі на месца аварыі і першымі ж загінулі ад прамянёвай хваробы, гісторыя маці, у якой дзіця нарадзілася калекам. Многіх з рэспандэнтаў пісьменніцы ўжо няма ў жывых.

Сябры, перачытайце гэты твор ў сёлетні трагічны “юбілейны” год.

Памяць пра гэтую катастрофу ў нашых душах і сэрцах не згасае. Яна служыць напамінам пра тое, што ўсе мы, зямляне, у адказе за ўсе справы на зямлі Бацькаўшчыны – вялікія і малыя! Жыццё нягледзячы ні на што працягваецца, яно заўсёды мацней за смерць.

Няхай  вёсны нясуць суайчыннікам толькі радасць, шчасце і надзею на лепшае. Няхай адзінства Чалавека і Прыроды будзе разумным і бессмяротным!

К. КАРНЯЛЮК



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *