“Алмазная» вяршыня

Падзеі

36 гадоў назад – у сакавіку 1980-га – дзятлаўская хакейная каманда “Алмаз” стала чэмпіёнам рэспубліканскага і ўдзельнічала ва ўсесаюзным фінальным турніры на прыз клуба “Залатая шайба”. А лідары каманды Аляксандр Жэгала і Анатоль Жук згулялі матч у складзе зборнай каманды СССР.

Хакей у Дзятлаве пачаўся ў 1967 годзе. Тады нядаўняму выпускніку Беларускага інстытута фізкультуры Валерыю Петрыкевічу прапанавалі ўзначаліць гарпасялковую ДЮСШ. У спартшколе Валерый Міхайлавіч трэніраваў футбалістаў. Блізілася зіма, і трэнер-дырэктар занепакоіўся, як прадоўжыць на снезе арганізаваны трэніровачны працэс. Рашэнне прыдумаў неардынарнае: замяніць бутсы канькамі, мяч – шайбай. Думка, увогуле, была не арыгінальная: тым часам футбольныя майстры спорту нярэдка гулялі зімою ў хакей, а знакаміты Усевалад Баброў быў лідарам зборных камандаў СССР – і  футбольнай, і хакейнай. Думка была не арыгінальная, але арыгінальным стала яе ўвасабленне. Для хакея патрэбна каробка, каробкі не было і рабіць яе не было з чаго. Але ж хіба гэта перашкода для апантанага ідэяй? Трэнер кінуў да сваіх хлапцоў кліч: штораз на трэніроўку прыносіць хоць бы па метровай дошцы. Страшная сіла – падлеткавы энтузіязм: за месяц-другі штабель дошак быў сабраны. Дзе здабывалі, няхай застанецца тайнай, бо ніхто ў Дзятлаве ад таго не збяднеў.

Да Новага года дошкі збілі ў шчыты, шчыты – у зборку. Каробку (45 на 25 метраў) паставілі на ніжнім пасялковым возеры. Возера замерзла яшчэ ў кастрычніку, і лёд стаў трывалы, звонкі. Хакей пачаўся! Тая каробка, дарэчы, запомнілася ўдзельнікам “хакейнага працэсу” яшчэ і вясновымі прыгодамі. Шайбу на возеры ганялі да апошняга дня – аж пакуль шчыты… не паплылі. Вясновыя паводкі некалькі былі знатныя: нямоглыя ручайкі ўмомант ператвараліся ў магутныя рэкі. Шчыты вылоўлівалі з бурлівай плыні, але не ўсіх далічыліся.
За першую зіму хакей у Дзятлаве ўкараніўся настолькі, што будаўніцтва стацыянарнай хакейнай каробкі стала з’яваю непазбежнаю. Ідэю футбалістаў-хакеістаў на гэты раз адобрыў і дырэктыўна падтрымаў першы сакратар райкама КПБ Іван Вікенцьевіч Крыжаноўскі – на той час паўнаўладны гаспадар раёна. Былі выдзелены 15 кубаметраў піламатэрыялаў, бульдозер і месца ў агародзе першай дзятлаўскай школы. Будавалі, вядома, без праекта. Асноўнаю рухальнаю сілаю будаўніцтва заставаўся ўсё той жа энтузіязм. Энтузіязм знаходзіў таго і тое, чаго не было і быць не магло. З небыцця з’яўляліся грэйдар, трубы, брусы і яшчэ мноства абавязковых дробязяў. Да зімовых канікулаў 1969 года новая каробка была – гатова! І дзіцяча-падлеткавы хакей Гродзеншчыны амаль на два дзесяцігоддзі стабільна прапісаўся ў Дзятлаве. Тут, зазвычай, праводзілі фіналы абласных спартакіядных турніраў і фіналы абласной “Залатой шайбы”. А ў 1975 і 1978 гадах і рэспубліканскі этап турніру адбыўся ў Дзятлаве. Госці ўражліва адзначалі мясцовы масавы інтарэс да хакею і – увага! – якасць тутэйшага лёду. У абмежаваных матэрыяльных умовах у Дзятлаве варылі хуткі лёд, рухалі хакей у шырокія масы. Рупліўцы – натхняльнікі і рухавікі працэсу стваралі, даставалі, будавалі, трэніравалі, знаходзілі нестандартныя рашэнні для разнастайных праблемаў росту. Вось, да прыкладу, некалькі гадоў дзятлаўскія хакеісты выязджалі трэніравацца… у Літву. Пад Вільнюсам у Электрэнаі нетаропка будаваўся лядовы палац. Інтэр’еры будынка былі яшчэ не аздоблены, але штучны лёд на катку ўжо быў. Затарыўшыся харчамі і падарункамі для гаспадароў, дзятлаўчане прыязджалі на 4-5 дзён і трэніраваліся, калі, здаралася, не было лёду на адкрытай пляцоўцы дома. Праўда, што дзяржаўных межаў паміж саюзнымі рэспублікамі тады не было і візы на ўезд не патрабавалі, але ж трэба было ўмець дамовіцца з гаспадарамі дэфіцытнага штучнага лёду. Вось некалькі імёнаў тагачасных найбольш актыўных рупліўцаў дзятлаўскага хакею: Валерый Петрыкевіч, Міхаіл Шайбак, Ігар Паранок, Мікалай Фаміноў, Анатоль Філіпчык, Уладзімір Якаўчык.

Быў некалі лозунг, які ахвотна вывешвалі на стадыёнах: “Праз масавасць – да майстэрства”. Ён клікаў і дзейнічаў. І праз 13 гадоў у Дзятлаве скрышталізавалася каманда, якую на сучасным спартыўным слэнгу назвалі б “Dream team”. Зімою алімпійскага 1980 года яна набрала ўпэўнены крэйсерскі ход і раскідвала сапернікаў ад свайго курсу налева і направа. У студзені была бліскуча выйграна XVI зімовая абласная спартакіяда школьнікаў. На яе першым этапе ў Дзятлаве з агульным лікам 46:9 былі пройдзены каманды Свіслацкага, Лідскага раёнаў і горада Слоніма. На другім, фінальным этапе спартакіяды зноў-такі ў Дзятлаве былі абыграны каманды Лідскага, Навагрудскага раёнаў і горада Навагрудка. Сапернікі былі яшчэ мацнейшыя, але агульны пераможны лік гаспадароў турніру толькі вырас – 51:9.

Пасля спартакіяднага турніру прыспеў час “Залатой шайбы”. Каманды дзвюх суседніх абласцей – Гродзенскай і Брэсцкай – меліся выявіць аднаго дэлегата на рэспубліканскі турнір. Адборачны матч адбыўся ў Дзятлаве. Брэсцкую вобласць прадстаўляла каманда з Баранавічаў. Гульня завяршылася разгромам гасцей з двухзначным лікам.

Пераможцы-дзятлаўчане выправіліся ў Мінск. Там чакалі сур’ёзныя сапернікі. Магілёўская вобласць, у прыватнасці, заўсёды прывозіла моцныя каманды. А сталічны Мінск меў штучны лёд як важкі аргумент для сваёй перавагі. Матч супраць сталічнай каманды і аказаўся самы складаны. Асноўны час завяршыўся ўнічыю. Для вызначэння пераможцы былі прызначаны буліты. Бітву нерваў дзятлаўчане выйгралі! Сталічны “Трактар” быў пераможаны. А 2 сакавіка 1980 года дзятлаўскі “Алмаз” (так назвалі каманду) быў абвешчана рэспубліканскім чэмпіёнам “Залатой шайбы”. Дзяржаўны камітэт па фізкультуры і спорце пры Савеце Міністраў БССР і ЦК ЛКСМБ дэлегавалі “Алмаз” на XVI Усесаюзныя фінальныя спаборніцтвы на прыз клуба “Залатая шайба” ў горад Горкі (цяпер – Ніжні Ноўгарад).

1

Зборы былі нядоўгія. З Гродна прыйшоў “Ікарус”, які вёз біятлонную каманду, загрузіў дзятлаўскіх хакеістаў і адвёз у Мінск. У Мінску дзятлаўчан экіпіравалі да прыстойнага ўзроўню: выдалі клюшкі, форму. У канцы сакавіка дзятлаўскі “Алмаз” поездам вырушыў на Маскву, далей – у Горкі. Склад каманды быў наступны: Анатоль Жук (капітан), Юрый Смаляк, Аляксандр Жэгала (асістэнт капітана), Ігар Чэрнік, Юрый Бурдун, Андрэй Ішуцін, Анатоль Нічыпар, Алег Сівы, Сяргей Дзіско, Віктар Ломаць, Сяргей Леўчык, Анатоль Кашко, Валерый Баравік, Святаслаў Смірноў, Аляксандр Башкіраў. Трэнер Валерый Петрыкевіч.

На ўсесаюзны турнір сабраліся 12 каманд, пераважная большасць з іх прадстаўляла рэгіёны Расійскай Федэрацыі. Арганізатары турніру вызначылі ў сапернікі беларускіх хакеістаў у першай групе каманды з Горкаўскай, Курганскай, Мурманскай, Валгаградскай абласцей і Латвійскай ССР. Першы матч беларусаў прызначылі на 16 гадзін 23 сакавіка. Сапернік – каманда Латвійскай ССР. Дзятлаўчане перамаглі 7:3 і ў 18 гадзін таго ж дня ў прыўзнятым настроі выкаціліся на ўрачыстае адкрыццё турніру ў Палацы спорту.

Наступныя матчы беларусаў, з успамінаў удзельнікаў турніру, склаліся менш удала. З камандамі Курганскай і Мурманскай абласцей згулялі ўнічыю. Мінімальна прайгралі хакеістам Валгаградскай і Горкаўскай абласцей. Для лепшых вынікаў “Алмазу” не хапала дробязяў, але якраз дробязі часта аддзяляюць пераможцаў ад пераможаных. Паўставалі перашкоды яшчэ і такога кшталту: з гаспадарамі лёду – камандай “Эти лен” з горада  Дзяржынска, які з’яўляецца прыгарадам буйнога Горкага, “Алмаз” доўгі час гуляў у меншасці – 3 на 5. “Грубасць” самай дысцыплінаванай каманды турніру – дзятлаўскага “Алмазу” (што было засведчана потым нават спецыяльным прызам) была абумоўлена турнірным становішчам гаспадароў. Арбітры прывярэдліва сачылі за дзеяннямі беларусаў і не саромеліся свістаць супраць іх. У выніку першая ўдарная пяцёрка дзятлаўчан – Жэгала, Смаляк, Чэрнік, Жук, Бурдун – змушана драбілася, каб цягнуць штрафны час на лёдзе, і камандная гульня распадалася. “Эти лен” перамог і з патрэбным вынікам заняў першае месца ў групе. “Алмаз” у групе фінішаваў на 4 месцы. Канчатковыя месцы каманды разыгралі ў стыкавых матчах прадстаўнікоў дзвюх групаў.

Пераможцам турніру стаў “Колас” з Навасібірскай вобласці. Ён-такі перамог “Эти лен” у галоўным фінальным матчы. Трэцяй стала “Аўрора” з Курганскай вобласці (яшчэ адна каманда з групы “Алмаза”, з якою дзятлаўчане згулялі ўнічыю).

У фінальным стыкавым матчы за 7-8 месцы беларусам супрацьстаяла каманда з Краснаярскага краю. Матч адбыўся 30 сакавіка не ў Палацы спорту, а на стадыёне “Тарпеда”, на адкрытай пляцоўцы. Усе фінальныя матчы – шэсць – гулялі ў адзін дзень, і Палац быў перагружаны. Таму палавіну каманд выправілі на “Тарпеда”. Дзятлаўскі “Алмаз” свой апошні матч на ўсесаюзнай арэне выйграў – 3:2 і заняў 7 месца ў турніры.

Дамоў каманда вярталася літаральна на крылах. Самалётам – з Горкага ў Маскву. Потым самалётам – з Масквы ў Мінск. І яшчэ раз самалётам – з Мінска ў Гродна. Абсалютная большасць дзятлаўскіх хлопцаў ляцела самалётам упершыню. І гэта запомнілася.

Што запомнілася яшчэ? На Аляксандра Жэгалу, цяпер – Аляксандра Уладзіміравіча, выкладчыка фізкультуры дзятлаўскай СШ №3, а тады – цэнтрфорварда першай пяцёркі дзятлаўскага “Алмаза” і асістэнта капітана каманды, асаблівае ўражанне зрабіў выставачны матч зборнай турніру “Залатая шайба” супраць дарослай каманды горкаўскага “Тарпеда”. Акрамя форварда Жэгалы ў склад зборнай запрасілі і лепшага абаронцу “Алмаза”, яго капітана Анатоля Жука. Запрашаць у зборную, шчыра кажучы, можна было ўсю ўдарную пяцёрку “Алмаза” – Жэгалу, Смаляка, Чэрніка, Жука, Бурдуна. Хлопцы так многа праводзілі часу на лёдзе, што на трыбунах дзівіліся: адкуль у іх сілы бяруцца. Але ўзялі толькі дваіх. І вось 16-гадовыя юнакі выкаціліся на лёд Палаца спорту супраць мужыкоў, хакейных прафесіяналаў. Горкаўскае “Тарпеда” гуляла ў вышэйшай лізе чэмпіяната СССР. І хоць каманда не займала ў чэмпіянаце прызавых месцаў (усе медалі даставаліся сталічным маскоўскім клубам), але славілася на пачатку 80-х гадоў баявым характарам і сваёю тройкаю нападзення – Ковін, Скварцоў, Варнакоў. Гэта тройка гуляла і за зборную СССР. Вядома, у выставачным (тым часам ужывалі іншы тэрмін – таварыскі) матчы супраць падлеткаў тарпедаўцы асабліва не напружваліся. Але мужчынская барацьба на лёдзе была. Анатоля Жука, дарэчы, выдалілі на 2 хвіліны за няправільны сілавы прыём – штуршок саперніка на борт. І ці не гэта выдаленне нават прычынілася да паражэння зборнай: “Тарпеда” рэалізавала колькасную перавагу.

Ваяж у Горкі запомніўся, расказаў А. Жэгала, і не па-хакейнаму. Горкі на той час быў закрыты горад з асаблівым рэжымам наведвання. І менавіта сюды за дысідэнцкую і праваабарончую дзейнасць выслалі на жыхарства пад наглядам знакамітага акадэміка Сахарава. Гаркаўчане проста ганарыліся, што ў іх горадзе жыве Сахараў. Калі аўтобус з хакеістамі праязджаў паўз шматпавярховы дом на Шчарбінцы, у якім пасялілі акадэміка, гід штораз звяртаў увагу гасцей горада: тут жыве акадэмік Сахараў.

Пасля пікавага 1980 года хакей у Дзятлаве не засох, але заўважна падвяў. У 1991 годзе спыніў існаванне ўсесаюзны турнір клуба “Залатая шайба”. І якраз дзятлаўчане сталі яго апошнімі пераможцамі на абласной арэне ў 1990 годзе. Праз сем гадоў, у 1997-ым, турнір быў адроджаны ў рэспубліканскім фармаце. Дзятлаўская каманда стала яго бронзавым прызёрам на абласным узроўні ў 1998-ым. Потым здарыўся правал на цэлае дзесяцігоддзе. Лідарства ў абласным хакеі захапілі каманды са штучным лёдам – Ленінскага і Кастрычніцкага раёнаў горада Гродна (крыты каток у Гродне пачаў дзейнічаць з 1991 года). Калі-нікалі гегемонію гродзенцаў перарывалі хлопцы з Мастоўскага раёна (знакамітыя Азёркі), і па разу – каманды з Ашмянскага і Астравецкага раёнаў.

Навейшая гісторыя дзятлаўскага хакея пачалася з 2011 года. У тым годзе і ў 2013-ым дзятлаўчане ў абласным турніры сталі бронзавымі прызёрамі. Праз два гады, летась, адразу дзве дзятлаўскія каманды (двух узростаў) сталі сярэбранымі прызёрамі абласнога турніру. Паспрыяла таму і змена формулы турніру – каманды са штучным лёдам былі выдзелены ў асобны дывізіён “А”. На лідарскія пазіцыі дзятлаўчане вярнуліся ў 2016-ым.
24 – 26 лютага ў лідскім Лядовым палацы адбыўся абласны турнір дывізіёна “Б” з удзелам каманд (малодшая група, хлопцы 2003-2004 гадоў нараджэння) 8 раёнаў вобласці  – Лідскага, Шчучынскага, Ваўкавыскага, Астравецкага, Навагрудскага, Дзятлаўскага, Смаргонскага, Карэліцкага.

У першы дзень турніру зборная каманда Дзятлаўскага раёна, якая выступала на першым этапе ў 2-й групе, абыграла другога фаварыта групы –каманду Смаргонскага раёна – 2:1. Гэта была важкая заяўка на стратэгічны поспех. Смаргонская каманда, дарэчы, два наступныя матчы выйграла 5:0, 5:1 і, як выявілася ўрэшце, стала бронзавым прызёрам турніру.

Пераможная хада дзятлаўчан прадоўжылася ў наступны дзень: былі перайграны каманды Шчучынскага і Астравецкага раёнаў – 2:0 і 3:0.

Тым часам фаварыт 1-й групы і галоўны фаварыт усяго турніру каманда Карэліцкага раёна закідала шайбамі сваіх сапернікаў: навагрудчанам карэліцкія хлопцы забілі 6 галоў, ваўкавыскім – 8. Прапусцілі ў свае вароты толькі адну шайбу і сталі грозным сапернікам дзятлаўчан у фінальным стыкавым матчы за першае месца.
Карэліцкія хакеісты абаранялі тытул леташняга пераможцы абласнога турніру. Але абараніць не змаглі. Нашы выйгралі матч за 1 месца – 2:1 і здабылі чэмпіёнскі тытул. А з тытулам – і права выступіць у фінале рэспубліканскага турніру ад Гродзенскай вобласці.

Куратар турніру Лідзія Шуцікава па завяршэнні турніру адзначыла, што “ў параўнанні з папярэднімі гадамі значна вырасла спартыўнае майстэрства лідараў – хакеістаў Дзятлаўскага, Карэліцкага і Смаргонскага раёнаў”.

18 – 20 сакавіка ў тым жа лідскім Лядовым палацы дзятлаўская “Юность” змагалася ўжо ў фінальным рэспубліканскім турніры дывізіёна “Б” з лепшымі камандамі Магілёўскай, Гомельскай, Мінскай і Віцебскай абласцей. У першым матчы турніру “Юность” не пакінула шанцаў віцебскай “Дзвіне” – 19:0. Другі матч для дзятлаўчан завяршыўся паражэннем ад магілёўскага “Кадзіна” – 1:5. Фаварыт турніру “Кадзіна” дэманстравала вельмі выніковы хакей: віцяблян перамагла – 21:0, мінчан – 9:0. А “Юность” рэабілітавалася за паражэнне ў наступным матчы – перайграла “Ільяшы” з Мінскай вобласці – 5:1. І з турнірнага раскладу вынікала, што ў апошнім матчы дзятлаўчане будуць змагацца з “Лельчыцкімі зубрамі” (Гомельская вобласць) за другое месца. Але здарыўся канфуз. Гомельская каманда падала пратэст, аргкамітэт турніру зафіксаваў мандатныя парушэнні ў магілёўскай камандзе і залічыў ёй адразу два тэхнічныя паражэнні (па 0:3) ад “Юности” і “Лельчыцкіх зуброў”.

Пасля дыскваліфікацыі “Кадзіна” лёс першага месца і чэмпіёнскага тытула вырашаў матч “Юности” і “Лельчыцкіх зуброў”. Дзятлаўчане вырвалі перамогу – 3:1 і сталі рэспубліканскімі чэмпіёнамі. Сярэбраныя прызёры – гамяльчане. Бронзавыя медалі нечакана дасталіся віцебскай “Дзвіне”.

Лепшым галкіперам турніру названы Максім Кузняцоў (“Кадзіна”), лепшым абаронцам – Арцёмій Замбер (“Дзвіна”), лепшым форвардам – Станіслаў Старавойтаў (“Лельчыцкія зубры”). Лепшым бамбардзірам стаў аўтар 8 галоў Міхаіл Даніловіч (дзятлаўская  “Юность”).

Чэмпіёны Беларусі ў малодшай групе дывізіёна “Б” турніра “Залатая шайба” на прызы Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь – Арцём Лішык, Дзмітрый Русін, Радзівон Рэгіневіч, Максім Кузьма, Дзмітрый Дзірвук, Артур Максімчык, Максім Аляксейчык (усе СШ №3), Міхаіл Даніловіч і Уладзімір Емяльянчык (гімназія), Мікіта Ёда і Андрэй Шымановіч (СШ №1), Кірыл Мазоль, Максім Мазоль, Іван Альшэўскі, Ягор Лазута, Дзмітрый Якаўчык, Яўген Місілевіч (усе Казлоўшчынская СШ). Зборную каманду рыхтаваў да турніру Дзмітрый Ёда. У падрыхтоўцы хакеістаў удзельнічалі выкладчыкі фізкультуры Аляксандр Жэгала (СШ №3), Станіслаў Плюта (гімназія), Уладзімір Якаўчык (СШ №1), Мікалай Юрчык (Казлоўшчынская СШ).
Хакейная гісторыя Дзятлава прадаўжаецца.

IMG_9092  IMG_9093 IMG_9109 IMG_9110 IMG_9087

 

Б. ВАРНА
Фота Б. ВАРНЫ і з архіву Дзятлаўскага спартклуба.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *