У студзені спрацавалі аператыўна

Здарэнні і бяспека

У Дзятлаўскім аддзеле Дэпартамента аховы МУС Рэспублікі Беларусь на чарговай аператыўнай нарадзе асабовага саставу абмяркоўвалі рабочыя пытанні, таксама начальнік аддзела Дзмітрый Іванавіч Харошка пахваліў лепшых супрацоўнікаў за выніковую работу ў студзені 2016 года.

IMG_4096

9 студзеня міліцыянер-кінолаг узвода міліцыі Дзятлаўскага аддзела Дэпартамента аховы сяржант міліцыі Дзмітрый Барысавіч Абрамчык выехаў на месца злачынства разам з аператыўна-следчай групай. У вёсцы Пенчыцы ў мясцовай жыхаркі з незамкнёнага склепа невядомы скраў прадукты харчавання: 6 слоікаў са свіной калбасой, 2 — з паляндвіцай, 3 — з салам. Знайсці злодзея міліцыянеру-кінолагу ўдалося з дапамогай службовага сабакі Нінзаны. Нінзана змагла ўзяць след і вывела праваахоўнікаў спачатку да хаты, дзе знаходзілася частка скрадзеных прадуктаў, а затым — на дарогу да вёскі Засецце, па якой ішоў злодзей. Беспрацоўны, раней судзімы, без пастаяннага месца жыхарства грамадзянін быў затрыманы. Узбуджана крымінальная справа.

20 студзеня міліцыянер узвода міліцыі Дзятлаўскага аддзела Дэпартамента аховы прапаршчык міліцыі Андрэй Вячаслававіч Альшэўскі нёс службу па ахове парадку ў рэспубліканскай туберкулёзнай бальніцы «Наваельня». Санітарка ўстановы паведаміла яму, што аднаму з пацыентаў другі хворы парэзаў нажом нагу. А. В. Альшэўскі знайшоў вінаватага на другім паверсе бальніцы, аднак зламыснік пачаў пагражаць нажом і яму. Супрацоўніку службы аховы, каб затрымаць злачынцу, давялося выкарыстаць спецсродкі. Пасля затрымання вінаваты быў перададзены следча-аператыўнай групе, узбуджана крымінальная справа.

21 студзеня Дзятлаўскім раённым аддзелам Следчага камітэта па заяве гаспадара аўтамашыны «Фіят» аб угоне была ўзбуджана крымінальная справа. Вінаваты ўжо быў вядомы праваахоўнікам дзякуючы рабоце нарада групы затрымання Дзятлаўскага аддзела Дэпартамента аховы ў складзе міліцыянера-вадзіцеля, прапаршчыка міліцыі Андрэя Пятровіча Берасневіча і міліцыянера групы затрымання старшыны міліцыі Віктара Віктаравіча Цыгеля. Праваахоўнікі ў адну з начэй, у час свайго дзяжурства, затрымалі ўгоншчыка. Зламыснік — беспрацоўны, раней судзімы жыхар гарпасёлка Наваельня, скарыстаўся для ўгону «Фіята» ключамі, якія гаспадар неабачліва пакінуў у замку запальвання. Цяпер за супрацьпраўныя дзеянні ён адкажа перад судом.
Усе супрацоўнікі аддзела, дзякуючы якім былі раскрыты гэтыя злачынствы, узнагароджаны грашовымі прэміямі за выніковую службу.

IMG_4098

IMG_4103

Напрыканцы аператыўнай нарады начальнік Дзятлаўскага аддзела Дэпартамента аховы Д. І. Харошка і асабовы састаў аддзела павіншавалі яшчэ аднаго супрацоўніка — міліцыянера ўзвода міліцыі Івана Міхайлавіча Валчкевіча. Загадам Міністэрства ўнутраных спраў Рэспублікі Беларусь ад 20 студзеня 2016 года па асабовым саставе яму было прысвоена чарговае спецыяльнае званне малодшага кіруючага саставу «прапаршчык міліцыі». Ва ўрачыстай абстаноўцы Івану Міхайлавічу ўручылі новыя пагоны і пажадалі далейшых службовых поспехаў.

І. СТЫРНІК
НА ФОТАЗДЫМКАХ:
1. Міліцыянер-кінолаг узвода міліцыі Дзятлаўскага аддзела Дэпартамента аховы сяржант міліцыі Д. Б. Абрамчык.
2. І. М. Валчкевіч атрымаў чаговае званне. Новыя пагоны прапаршчыка міліцыі яму ўручае начальнік Дзятлаўскага аддзела Дэпартамента аховы Д. І. Харошка.
Фота П. АДАМЧУКА



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *