Дарожнікі нашага раёна

Падзеі

Нездарма дарожнікі і аўтамабілісты адзначаюць сваё прафесійнае свята ў адзін дзень. Адны з іх якасна выконваюць сваю справу, каб змаглі добра працаваць другія. Са святочнай нагоды работнікі дарожнай галіны расказалі пра сябе і паншавалі сваіх калегаў-дарожнікаў.

IMG_1379

ГАЛІНА ГАРОДКА працуе ў ДРБУ-119 ужо восем гадоў. Спецыяльнасць бухгалтара яна набывала ў Навагрудскім гандлёва-эканамічным каледжы, амаль дзесяцігоддзе працавала бухгалтарам у хлебным цэху Дзятлаўскага райспажыўтаварыства. У бухгалтэрыі дарожнага рамонтна-будаўнічага ўпраўлення Галіна Сяргееўна выконвае важную місію – налічвае заработную плату ўсім 140 работнікам арганізацыі. Па словах жанчыны, і бухгалтарская справа на гэтым участку работы ёй падабаюцца: з аднаго боку, пастаянна даводзіцца з людзьмі падтрымліваць стасункі, з другога боку, захапляльны стройны свет лічбаў з гадамі не страціў сваёй цікавасці. З нагоды прафесійнага свята бухгалтар са стажам жадае сваім калегам-дарожнікам моцнага здароўя і цярпення.

IMG_1405
АЛЯКСАНДР СІДОРЧЫК разам са сваімі калегамі ўдзельнічае ў дарожных работах па вуліцы Фрунзэ ў Дзятлаве. За яго плячыма – дзесяцігадовы стаж работы машыністам бульдозера ў ДРБУ-119, куды ён прыйшоў з меліярацыі раёна. Разроўніванне грунту перад укладкай асфальту, афармленне дарожных адкосаў – толькі некаторыя з відаў работ, якія выконвае Аляксандр Аляксандравіч. Сёлета машыністу бульдозера давялося паўдзельнічаць і ў рэканструкцыі шашы, і ў добраўпарадкаванні да будучых абласных “Дажынак”. Штодзённая работа на свежым паветры, на бульдозеры “са стажам” нялёгкая, як і праца любога дарожніка, ды ад гэтага яна не менш любімая. Машыніст бульдозера і зычыць дарожнікам, каб тэхніка не ламалася, здароўе не адводзіла, і сустрэць прафесійнае свята ў бадзёрым настроі.

IMG_1450
ЯЎГЕН МАНЦЭВІЧ – дарожны рабочы. Як і кожны работнік арганізацыі, ён вельмі запатрабаваны на сваім участку. На кожным аб’екце рамонту дарог ці добраўпарадкавання нязменна працуе шмат тэхнікі, але ёсць віды работ, якія выконваюцца ўручную дарожнымі рабочымі – укладка бардзюраў і тратуарнай пліткі, падрыхтоўка асновы пад асфальт. У ДРБУ-119 Яўген Уладзіміравіч прыйшоў са спецыяльнасцю газаэлектразваршчыка, якую атрымаў пяць гадоў таму ў Казлоўшчынскім прафтэхвучылішчы. На пытанне, ці даспадобы яму дарожная справа, малады чалавек адказвае сцвярджальна: “Калі б не падабалася, мабыць, не працаваў бы тут”. Усім работнікам галіны ён жадае простага чалавечага шасця, задавальнення ад працы і дастойных заробкаў.

Тэкст і фота Н. Авярчук



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *