ЦВК Беларусі абнавіў інфармацыю аб выбарчых фондах патэнцыяльных кандыдатаў у прэзідэнты

Улада

ВК Беларусі апублікаваў на сваім сайце абноўленую інфармацыю аб агульнай суме сродкаў, што паступілі ў выбарчыя фонды асоб, якія вылучаюцца кандыдатамі ў прэзідэнты. Таксама размешчана справаздача аб агульнай суме зрасходаваных грошай, паведамляе БЕЛТА.

Так, па стане на 12 жніўня на рахунак Сяргея Калякіна паступіла амаль Br10 млн, з якіх зрасходавана крыху больш як Br3,1 млн. У Таццяны Караткевіч — больш як Br11,8 млн (грошы пакуль з рахунку не здымаліся), у Жанны Раманоўскай — Br144 тыс., якія яна ўжо зняла з рахунку ў банку. У выбарчым фондзе Віктара Цярэшчанкі максімальная сума склала Br6,4 млн (з іх Br6 млн ужо зняты на бягучыя расходы выбарчай кампаніі). Яшчэ два патэнцыяльныя кандыдаты — Сяргей Гайдукевіч і Мікалай Улаховіч, паводле інфармацыі Цэнтрвыбаркама, у свае фінансавыя фонды грошай пакуль не атрымлівалі і не пералічвалі.

У адпаведнасці з Выбарчым кодэксам крыніцамі фарміравання асабістага фонду асобы, якая вылучаецца кандыдатам у Прэзідэнты (кандыдата ў Прэзідэнты), з’яўляюцца яе ўласныя грашовыя сродкі, прычым іх максімальны памер не можа перавышаць 9 тыс. базавых велічынь. Такім чынам, на сёння максімальны памер фонду складае Br1 млрд 620 млн (01.01.2015 устаноўлены памер базавай велічыні Br180 000). Акрамя таго, да крыніц адносяцца добраахвотныя ахвяраванні грамадзян Рэспублікі Беларусь (памер кожнага з іх не можа перавышаць 20 базавых велічынь) і добраахвотныя ахвяраванні юрыдычных асоб (не больш як 50 базавых велічынь).

Не дапускаецца пералічэнне ў пазабюджэтны фонд бюджэтных сродкаў, а таксама грашовых сродкаў замежнымі дзяржавамі і арганізацыямі, міжнароднымі арганізацыямі, замежнымі грамадзянамі, асобамі без грамадзянства, арганізацыямі, заснавальнікамі (удзельнікамі, уласнікамі маёмасці) якіх з’яўляюцца замежныя дзяржавы, замежныя арганізацыі, міжнародныя арганізацыі, замежныя грамадзяне і асобы без грамадзянства.

Сродкі пазабюджэтнага фонду будуць выкарыстаны на аплату дадатковых расходаў, звязаных з правядзеннем выбараў кіраўніка дзяржавы. Гэта выраб інфармацыйных матэрыялаў аб кандыдатах на пасаду Прэзідэнта, плакатаў з датай выбараў, матэрыяльна-тэхнічнае забеспячэнне тэрытарыяльных і ўчастковых камісій, а таксама на аплату іншых расходаў, звязаных непасрэдна з выбарчай кампаніяй.

Як паведамлялася, Цэнтральная камісія Беларусі па выбарах і правядзенні рэспубліканскіх рэферэндумаў дапусціла да ўдзелу ў зборы подпісаў 8 ініцыятыўных груп: Аляксандра Лукашэнкі, Сяргея Калякіна, Сяргея Гайдукевіча, Віктара Цярэшчанкі, Мікалая Улаховіча, Жанны Раманоўскай, Таццяны Караткевіч і Анатоля Лябедзькі. Для таго каб кандыдат быў зарэгістраваны, трэба сабраць не менш як 100 тыс. подпісаў. Пры гэтым канкрэтны грамадзянін Беларусі мае права ставіць подпіс за вылучэнне адразу некалькіх кандыдатаў, але ён не можа падпісвацца два і больш разы за аднаго прэтэндэнта.

Logo BelTA



Теги:

Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *