ЦВК Беларусі абнародаваў інфармацыю аб выбарчых фондах патэнцыяльных кандыдатаў у прэзідэнты

Улада

ЦВК Беларусі абнародаваў на сваім сайце інфармацыю аб агульнай суме сродкаў, якія паступілі ў выбарчыя фонды асоб, якія вылучаюцца кандыдатамі ў прэзідэнты. Таксама размешчана справаздача аб агульнай суме зрасходаваных грошай, паведамляе БЕЛТА.

Так, па стане на 5 жніўня на рахунак Сяргея Калякіна паступіла крыху больш за Br3,3 млн, з іх у ходзе выбарчай кампаніі зрасходавана амаль Br1,7 млн. На рахунак Таццяны Караткевіч паступіла больш як Br7 млн, аднак з гэтай сумы пакуль нічога не патрачана. Патэнцыяльнаму кандыдату Жанне Раманоўскай ахвяравалі Br144 тыс., якія яна ўжо зняла з рахунку ў банку. Яшчэ тры патэнцыяльныя кандыдаты — Сяргей Гайдукевіч, Мікалай Улаховіч і Віктар Цярэшчанка, паводле інфармацыі Цэнтрвыбаркама, у свае фінансавыя фонды грошай пакуль не атрымлівалі.

У адпаведнасці з Выбарчым кодэксам крыніцамі фарміравання асабістага фонду асобы, якая вылучаецца кандыдатам у Прэзідэнты (кандыдата ў Прэзідэнты), з’яўляюцца яго ўласныя грашовыя сродкі, прычым іх максімальны памер не можа перавышаць 9 тыс. базавых велічынь. Такім чынам, на сёння максімальны памер фонду складае Br1 млрд 620 млн (01.01.2015 устаноўлены памер базавай велічыні Br180 000). Акрамя таго, да крыніц адносяцца добраахвотныя ахвяраванні грамадзян Рэспублікі Беларусь (памер кожнага з іх не можа перавышаць 20 базавых велічынь) і добраахвотныя ахвяраванні юрыдычных асоб (не больш як 50 базавых велічынь).

Як паведамлялася, Цэнтральная камісія Беларусі па выбарах і правядзенні рэспубліканскіх рэферэндумаў дапусціла да ўдзелу ў зборы подпісаў 8 ініцыятыўных груп: Аляксандра Лукашэнкі, Сяргея Калякіна, Сяргея Гайдукевіча, Віктара Цярэшчанкі, Мікалая Улаховіча, Жанны Раманоўскай, Таццяны Караткевіч і Анатоля Лябедзькі. Для таго каб кандыдат быў зарэгістраваны, трэба сабраць не менш як 100 тыс. подпісаў. Пры гэтым канкрэтны грамадзянін Беларусі мае права ставіць подпіс за вылучэнне адразу некалькіх кандыдатаў, але ён не можа падпісвацца два і больш разы за аднаго прэтэндэнта.

Logo BelTA



Теги:

Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *