Тэрытарыяльныя камісіі завяршылі прыём подпісаў ад ініцыятыўных груп

Улада

Тэрытарыяльныя камісіі завяршылі прыём подпісаў ад ініцыятыўных груп, паведамляе БЕЛТА.

У Беларусі тэхналогія праверкі сапраўднасці здадзеных у падтрымку вылучэння патэнцыяльных кандыдатаў аўтографаў адпрацавана з гадамі. «Усе подпісы паступаюць у раённыя камісіі, пры гэтым іх прыёмка адзначаецца ў журнале, дзе распісваецца член камісіі, які іх прымае. Здаваць подпісы павінен каардынатар па гэтым раёне»,- растлумачыла Лідзія Ярмошына.

Пасля акта здачы-прыёмкі лісты аглядаюцца, выключаюцца тыя подпісы, якія не падлягаюць праверцы. Далей па кожнай групе адбіраецца аднолькавы працэнт астатніх аўтографаў. «Дапусцім, што група здала ў раённую выбарчую камісію 6 тыс. подпісаў — адпаведна, у яе павінна быць адабрана для праверкі не менш як 20 працэнтаў (1,2 тыс.)», — заўважыла старшыня ЦВК.

Па выніках праверкі выяўленыя дэфекты будуць ануляваны. Калі больш за 15 працэнтаў правераных подпісаў будуць прызнаны несапраўднымі, усе подпісы, сабраныя па гэтым раёне, не ўлічваюцца. «Іх як быццам няма. Але адразу магу сказаць, што ў нас такога прэцэдэнту на прэзідэнцкіх выбарах не было ніколі. Выключаецца толькі нейкая колькасць подпісаў», — сказала Лідзія Ярмошына.

Праўда, паводле яе слоў, ініцыятыўныя групы, якія прадставілі для праверкі роўна 100 тыс. подпісаў або крыху больш за гэту колькасць, здорава рызыкуюць. «У выніку, верагодна, тысяча-другая адпадзе і можа быць менш за 100 тыс. Не хацелася б, таму што сабраць і прадставіць такую колькасць подпісаў — вельмі складаная работа», — упэўнена старшыня Цэнтрвыбаркама.

Калі подпісы будуць падлічаны, раённая камісія складзе пратакол аб іх колькасці па кожным кандыдаце і прадставіць у абласную камісію. «Пры жаданні абласная камісія таксама можа штосьці праверыць (калі будуць нейкія скаргі або падазрэнні), а затым ужо складае пратакол па вобласці», — нагадала тэхналогію Лідзія Ярмошына, дадаўшы, што ўсе лічбы будуць падсумаваны Цэнтральнай выбарчай камісіяй.

«Таму калі хтосьці пачынае сумнявацца ў выніках збору, а потым — у выніках выбараў, адразу магу сказаць, што якая-небудзь маніпуляцыя тут выключана. Ніводны з раёнаў не ведае, колькі прадстаўлена подпісаў у суседні раён і якая ў канчатковым рахунку атрымаецца лічба на тэрыторыі вобласці», — заўважыла Лідзія Ярмошына. Далей, паводле яе слоў, ЦВК толькі плюсуе лічбы па рэгіёнах і падводзіць вынік. «Тут усё робіцца абсалютна надзейна. Гэта ўжо тэхнічная работа, у якой чалавечы фактар выключаны, таму што падлік вядзе камп’ютар», — падкрэсліла яна.

Logo BelTA



Теги:

Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *