Больш як 3,6 тыс. рахункаў на сямейны капітал адкрыты ў Беларусі з сакавіка 2015 года

Сацыяльная сфера

Больш як 3,6 тыс. рахункаў на сямейны капітал адкрыты ў Беларусі з сакавіка 2015 года, паведаміў сёння карэспандэнту БЕЛТА начальнік упраўлення жыллёвай палітыкі Міністэрства архітэктуры і будаўніцтва Аляксандр Горваль.

«Сямейны капітал першапачаткова прадугледжваўся як элемент стымулявання паляпшэння дэмаграфічнай сітуацыі ў Беларусі, а таксама адна з форм дзяржаўнай падтрымкі шматсямейнасці. Калі гаварыць аб будаўніцтве жылля, то, вядома, гэта адна з важнейшых мэт, для якіх сямейны капітал і задумваўся. Маладыя людзі толькі ўступаюць у жыццё, і ім абавязкова трэба дапамагчы. 3 тыс. 614 рахункаў на сямейны капітал ужо адкрыты з сакавіка. Лічу, што толькі адзінкі не скарысталіся гэтым правам», — падкрэсліў ён.

Паводле слоў Аляксандра Горваля, пры распрацоўцы пастановы Мінбудархітэктуры нумар 10, якой зацверджаны парадак выкарыстання сродкаў сямейнага капіталу на паляпшэнне жыллёвых умоў, спецыялісты ведамства вельмі ўважліва падыходзілі да тых умоў, якія павінны быць для выкарыстання гэтых сродкаў.

Так, у дакуменце сказана, што грамадзяне, адносна якіх прынята рашэнне аб распараджэнні сродкамі сямейнага капіталу, маюць права выкарыстаць гэтыя сродкі ў поўным аб’ёме або па частках на паляпшэнне сваіх жыллёвых умоў некалькімі спосабамі. Гэта будаўніцтва або рамонт памяшкання ў складзе арганізацыі забудоўшчыкаў, на падставе дагавора па аб’екце долевага будаўніцтва, аднакватэрнага жылога дома, кватэры ў блакіраваным жылым доме падрадным спосабам, будаўніцтва гаспадарчых пабудоў да жылога дома. Таксама размова ідзе аб куплі жылога памяшкання, у тым ліку пабудаванага па дзяржзаказе, аб капрамонце жылля, пагашэнні запазычанасці па крэдыце (у тым ліку льготным), пагашэнні пазыкі (прадастаўленай арганізацыяй на будаўніцтва або набыццё жылога памяшкання) і выплаце працэнтаў за карыстанне ёю. «Выключэнні складаюць будаўніцтва жылля па жыллёвых аблігацыях і будаўніцтва індывідуальнага жылля гаспадарчым спосабам, таму што чалавеку не даюцца грошы ў асабістае карыстанне, яны маюць строга мэтавае прызначэнне і ідуць толькі па безнаяўным разліку», — растлумачыў ён.

Для выкарыстання сродкаў сямейнага капіталу на паляпшэнне жыллёвых умоў грамадзяне павінны звяртацца ў падраздзяленне ААТ «ААБ «Беларусбанк» па месцы жыхарства або адкрыцця дэпазітнага рахунку «Сямейны капітал» з адпаведнай заявай. Акрамя таго, трэба прадставіць дакументы, што засведчваюць асобу і пацвярджаюць паўнамоцтвы прадстаўніка.

Беларусбанк будзе пералічваць сродкі сямейнага капіталу на рахункі юрыдычных або фізічных асоб, у тым ліку індывідуальных прадпрымальнікаў.

Сродкі, пералічаныя банкам, але не выкарыстаныя на паляпшэнне жыллёвых умоў, павінны быць вернуты не пазней за тры месяцы з моманту скасавання дагавора або аднабаковай адмовы ад выканання дагавора, або з моманту спынення членства ў арганізацыі забудоўшчыкаў.

Нагадаем, з 1 студзеня 2015 года ўведзены новы від доўгатэрміновай падтрымкі шматдзетных сем’яў — сямейны капітал (аднаразовае прадастаўленне сем’ям безнаяўных грашовых сродкаў у памеры $10 тыс. пры нараджэнні, усынаўленні (удачарэнні) трэцяга або наступных дзяцей). Праграма разлічана на 5 гадоў — з 1 студзеня 2015 года па 31 снежня 2019 года. Сям’я можа рэалізаваць права на назначэнне сямейнага капіталу адзін раз.

Logo BelTA



Теги:

Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *