Заўсёды паспявае той, хто нікуды не спяшаецца!

Здарэнні і бяспека

31 ліпеня дзяржаўтаінспекцыя праводзіць Адзіны дзень бяспекі дарожнага руху «Заўсёды паспявае той, хто нікуды не спяшаецца!»

За першае паўгоддзе 2015 года на тэрыторыі Дзятлаўскага раёна зарэгістраваны два дарожна-транспартныя здарэнні, у якіх тры чалавекі атрымалі раненні. Адна з аварый адбылася з удзелам вадзіцеля, які кіраваў аўтамабілем у стане алкагольнага ап’янення.

У параўнанні з аналагічным перыядам 2014 года колькасць дарожна-транспартных здарэнняў зменшылася з трох да двух, пацярпелых — з чатырох да трох, а колькасць ДТЗ з удзелам нецвярозых вадзіцеляў засталася ранейшая. Аварый з загінулымі ў іх людзьмі не зарэгістравана.

Асноўная прычына ўсіх пералічаных дарожных здарэнняў — няправільна выбраная хуткасць руху. Хуткасць і бяспека знаходзяцца ў прамой залежнасці. Кіруючы аўтамабілем, вадзіцель, як правіла, імкнецца ехаць хутчэй. Але такія паводзіны на дарозе могуць прывесці да аварыі.

За першае паўгоддзе 2015 года аддзяленнем дзяржаўтаінспекцыі аддзела ўнутраных спраў Дзятлаўскага райвыканкама выяўлены звыш 200 парушэнняў вадзіцелямі хуткаснага рэжыму.

Варта нагадаць аўтааматарам, што за перавышэнне хуткасці ад 10 да 20 км/гадз. прадугледжаны штраф ў памеры да 1 базавай велічыні, ад 20 да 30 км/гадз. — ад 1 да 3 базавых велічыняў, на 30 і больш км/гадз. — ад 3 да 10 базавых велічыняў. Калі ж вадзіцель паўторна на працягу года затрыманы за перавышэнне хуткасці на 20 км/гадз. і больш, сума штрафу складзе ад 5 да 15 базавых велічыняў, таксама парушальніка могуць пазбавіць права кіраваць транспартнымі сродкамі на тэрмін да 12 месяцаў.

Вадзіцелям заўсёды трэба выбіраць такую хуткасць, каб з улікам інтэнсіўнасці руху, дарожных і метэаралагічных умоваў, іншых фактараў, якія ўплываюць на агляд дарогі ў накірунку руху, а таксама асаблівасцяў грузу, што перавозяць, яны маглі свабодна і бяспечна кіраваць транспартным сродкам.

В. ЯХНАВЕЦ,

інспектар аддзялення дзяржаўтаінспекцыі АУС Дзятлаўскага райвыканкама



Теги:

Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *