Моладзевае лета будзе актыўным

Падзеі

У Дзятлаўскім раённым выканаўчым камітэце прайшло чарговае пасяджэнне каардынацыйнага савета па рэалізацыі дзяржаўнай моладзевай палітыкі. На гэты раз на парадак дня былі вынесены чатыры пытанні, якія тычыліся працы, жыцця і адпачынку моладзі раёна.

Першай абмеркавалі праблему забеспячэння дадатковых працоўных і сацыяльна-эканамічных гарантый, якія спрыяюць замацаванню кадраў з ліку моладзі ў арганізацыях Дзятлаўскага раёна. Аб рабоце з маладымі спецыялістамі і кадрамі на прыкладзе сваёй арганізацыі расказала І. А. Гусева, намеснік галоўнага доктара Дзятлаўскай ЦРБ . Інэса Анатольеўна зазначыла, што ва ўстанове аховы здароўя працуюць 727 чалавек. Гэта 84 доктары, 305 сярэдніх і 196 малодшых медыцынскіх работнікаў. 14 дактароў і 34 сярэднія медыцынскія работнікі знаходзяцца ў водпуску па доглядзе за дзецьмі ва ўзросце да 3-х гадоў. 125 работнікаў медустановы — моладзь ва ўзросце да 31 года. У 2014 годзе на першае працоўнае месца ў Дзятлаўскую ЦРБ прыйшлі 12 дактароў, 2 доктары-інтэрны, 17 сярэдніх медыцынскіх работнікаў. Сёлета тут чакаюць 10 дактароў: чатырох тэрапеўтаў, анколага, афтальмолага, доктара-фтызіятара, траўматолага-артапеда, псіхіятара-нарколага і доктара агульнай практыкі. З мэтай замацавання спецыялістаў кіраўніцтва ўстановы прымае такія меры, як забеспячэнне жыллём, сацыяльна-эканамічныя гарантыі (аплата наёмнага жылля, праезду з гарадской мясцовасці ў сельскую да месца працы), заключэнне працоўных кантрактаў са стымулюючымі мерамі (дадатковыя дні да працоўнага водпуску, павышэнне тарыфнай стаўкі), даплаты за складанасць і напружанасць. Прафсаюзны камітэт установы выдае абанементы на наведванне басейна. Моладзь прымае ўдзел у спартыўных і культурна-масавых мерапрыемствах з прэміяваннем 1-3 базавыя велічыні ад наймальніка і да адной базавай велічыні ад прафсаюза за прызавыя месцы. 34 спецыялісты ўстановы — члены ГА «БРСМ». Усім маладым спецыялістам прадастаўляецца магчымасць кар’ернага росту, павышэння кваліфікацыі, атэстацыі.

З дакладам «Аб арганізацыі вольнага часу і другаснай занятасці моладзі ў складзе студэнцкіх атрадаў» выступіла першы сакратар раённага камітэта ГА «БРСМ» Анастасія Чурай. Яна расказала, што на Дзятлаўшчыне ўжо падведзены вынікі раённага этапу спаборніцтваў на сяўбе, прадаўжаецца рэалізацыя праекта «Алімпійскія гульні ў сельскай глыбінцы» — на ліпень запланаваны спаборніцтвы па пляжным валейболе сярод аматарскіх камандаў.

Што тычыцца занятасці, то на 1 чэрвеня 2015 года вызначаны пералік прымаючых арганізацый на 250 вакансій (СВК раёна; спажыўтаварыства; аддзел адукацыі, спорту і турызму; ахова навакольнага асяроддзя), дзе будуць працаваць сельскагаспадарчы, экалагічны, сэрвісны атрады, ёсць два дагаворы на работу добраахвотных студатрадаў. Усяго ў чэрвені пачнуць функцынаваць 22 атрады колькасцю 272 чалавек. Доўжыцца набор праваднікоў на чыгунку Расійскай Федэрацыі. У летні перыяд на работах у Дзятлаве будзе заняты добраахвотны атрад навучэнцаў, якія знаходзяцца на ўліку ў інспекцыі па справах непаўналетніх (16 чалавек). Запланавана працаўладкаваць у раёне прыезжы студэнцкі атрад.

Аб правядзенні мерапрыемстваў па прапагандзе здаровага ладу жыцця, папулярызацыі спорту, закліку моладзі да заняткаў фізкультурай расказаў намеснік начальніка аддзела адукацыі, спорту і турызму Дзятлаўскага райвыканкама Д. К. Ёда. Ён зазначыў, што на Дзятлаўшчыне зарэгістраваны 60 аматарскіх калектываў фізічнай культуры: 29 — на прадпрыемствах і ў арганізацыях, 9 — у СВК, 22 — ва ўстановах адукацыі. Штогод у раёне праводзіцца агляд-конкурс на лепшую арганізацыю фізкультурна-масавай работы. Многія арганізацыі прымаюць актыўны ўдзел у галіновых спартыўных спаборніцтвах. Найбольш папулярныя віды спорту — футбол, лёгкая атлетыка, грэка-рымская барацьба. Функцыянуе трэнажорная зала, спартыўны клуб «Барс», працуе басейн, зімою папулярныя каткі. Басейн у час ацяпляльнага сезона здольны прыняць ад 33 да 58 тысяч чалавека-наведванняў, сёлета выйшлі на лічбу 10 тысяч 62 чалавека-наведванні. Гэты паказчык плануецца павысіць, магчыма, за кошт увядзення абанементаў. У 2015-2016 навучальным годзе на базе раёна збіраюцца адкрыць спартыўны клас. У час абмеркавання пытання таксама паступіла прапанова зноў адкрыць на Дзятлаўшчыне філіял спартыўнага клуба Федэрацыі прафсаюзаў Беларусі.

Намеснік начальніка аддзела ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі райвыканкама Н. Я. Калодка расказала як ідзе падрыхтоўка да традыцыйнага штогадовага турысцкага злёту працоўнай моладзі, які пройдзе 26-28 чэрвеня, і якія арганізацыйныя пытанні яшчэ трэба вырашыць.

І. КАЎКЕЛЬ

 



Теги:

Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *