Адпачынак з мясцовым каларытам

Спорт і турызм

Надышло лета, і адпускнікі ўсур’ёз задумаліся, дзе можна адносна танна і камфортна адпачыць. Егіпет або Турцыя сёлета даволі нятанныя, а адэскія пляжы нават затанна наведваць пакуль яшчэ боязна. Таму ўсё больш турыстаў з нашай краіны і бліжэйшага замежжа выбіраюць аграэкатурызм. Тым больш, што пазнаёміцца з гэтым відам адпачынку можна на Днях адчыненых дзвярэй, якія традыцыйна напярэдадні “курортнага” сезона ладзяць аграсядзібы. Каб дэталёва даведацца пра магчымасці аграэкатурызму, кіруемся ў Цецейкі, на аграсядзібу “Каля дуба”.
IMG_1576
Гаспадар сядзібы «Каля дуба» Сяргей Калпінскі.

— Дзень адчыненых дзвярэй  і Хрышчэнне – два дні на год, калі ўваход да нас вольны. Мы рады вітаць гасцей, сяброў і проста цікаўных, – заўважае гаспадар турыстычнага комплексу Сяргей Калпінскі. – Мы пакажам наш турыстычны быт, адкажам на пытанні і пачастуем усіх жадаючых.

Калі аграсядзіба вольная ад пастаяльцаў, тут ладзяць разнастайныя мерапрыемствы па замове, вясельныя фотасесіі. Астатнім часам цяжкія дубовыя вароты сядзібы хаваюць яе жыццё ад старонніх вачэй: спакой адпачываючых – перадусім! Сельскі сямейны адпачынак, прырода і цішыня – галоўныя выгоды аграсядзібы “Каля дуба”.

IMG_1559

Аднак сустракаюцца і такія турысты, якія рады гасцям. З іх ліку мінчанін Дзмітрый, на сямейны адпачынак якога акурат прыйшоўся Дзень адчыненых дзвярэй. Пакуль малады чалавек як вопытны повар, “шаманіў” над патэльняй са сняданкам, я пацікавілася, што прывабіла сталічных жыхароў на Дзятлаўшчыне.

— Мне, жонцы і дзецям вельмі падабаецца, вельмі ўсё прыгожа, утульна, натуральна, – эмацыянальна распавядае пра адпачынак Дзмітрый. – Прыехалі сюды надыхацца кіслародам, пасядзець ля вогнішча, паесці стравы, прыгатаваныя на агні, пагуляць па лесе, адпачыць ад шумнага горада і пабыць сам-насам з сям’ёй.

Сядзібу “Каля дуба” іх сям’я наведвае другі раз, і гэта, напэўна, стане іх сямейнай традыцыяй. А знайшлі турыстычны аб’ект проста – праз Інтэрнэт. Дзмітрый, як вопытны агратурыст, заўважае, што ў параўнанні з Польшчай і Літвой адпачынак на Дзятлаўшчыне выйграе.

IMG_1605

IMG_1607

Час хіліцца да абеду, і ў Цецейкі пачынаюць прыбываць госці. Адны цікавяцца інтэр’ерам і каларытным дэкорам прысядзібнай тэрыторыі (Сяргей Калпінскі зрабіў тут імправізаваны музей рарытэтных сельскагаспадарчых прыладаў), другія – назіраюць як жанчыны вараць юшку на вогнішчы, трэція, ужо падрыхтаваныя, уладкоўваюцца з вудамі на беразе мясцовага возера. Адна сям’я аблюбавала альтанку на беразе возера, крыху ў аддаленні ад усіх. Усё гэта суправаджае асаблівы гукавы фон: песні зліваюцца з птушынымі пералівамі і дзіцячымі галасамі, ствараючы ўражанне, што на імгненне я вярнулася ў сваё шчаслівае вясковае дзяцінства. Тым часам гаспадары сядзібы Жанна і Сяргей Калпінская разліваюць з самавара па кубках чай на зёлках і адказваюць на мае пытанні.

IMG_1637

— Які па ліку Дзень адчыненых дзвярэй ладзіцца ў сядзібе “Каля дуба”?

— У 2008-м годзе мы адкрыліся, з той пары амаль ніводнага года не прапускаем.

— Які адпачынак прапануеце гасцям?

— Адасоблены, спакойны, побач з прыродай. У сядзібе ёсць усе кухонныя прылады, спартыўны інвентар, хатнія рэчы і тэхніка, усё, ад іголкі да шампура, каб задаволіць патрэбы турыстаў. Сям’і дастаткова ўзяць з сабою толькі запас прадуктаў, калі людзі хочуць гатаваць самі. Аматары пахадзіць па лесе, кіруюцца ў лес, які ў крокавай даступнасці, дзе багата грыбоў і ягад.

— Колькі чалавек запар змяшчае для адпачынку аграсядзіба?

— У гасцявым доміку могуць свабодна размясціцца дзве сям’і, агулам недзе да дзесяці чалавек. Там ёсць дзве рускія печкі, як сучасныя, так і вясковыя прадметы інтэр’еру, цікавыя і нават незвычайныя для гараджан.

Якія планы на летні турыстычны сезон?

— З самага значнага – адкрыццё новай кухні-сталовай з мансардай, якая цяпер дабудоўваецца. Для гэтага мы ўжо вырабілі драўляную мэблю – лавы, крэслы, сталы. Будзе зручна збірацца тут кампаніяй, групай людзей.

— Акрамя святкавання ў аграсядзібе Хрышчэння Гасподня, з высяканнем палонкі і купаннем, якія традыцыі мае ваша сядзіба?

— Ужо традыцыйным стала прымаць у нас маладажонаў. Апошнім часам папулярнасць набывае выязная рэгістрацыя шлюбаў, і сёлета мы таксама маем такія замовы. За лета “каля дуба” пройдуць сама менш – гэта шэсць выязных рэгістрацый. Некаторыя маладыя прыязджаюць да нас зрабіць вясельную фотасесію.

— Ці складана яе падрыхтаваць?

— Насамрэч, вельмі няпроста. Дзеля некалькіх гадзінаў такой фотасесіі нам даводзіцца загадзя рыхтавацца некалькі дзён. Пакасіць траву, спецыяльна навесці чысціню і прыгажосць. Шкада, не ўсе разумеюць, колькі працы мы ўкладваем у падрыхтоўку, здзіўляюцца, маўляў, а за што тут плаціць, мы ж толькі па тэрыторыі паходзім?

IMG_1616

— Турысты з якіх краін наведваюць вашу аграсядзібу?

— Тут поўны інтэрнацыянал. Вядома, пераважна, беларусы, гараджане. Але наведваюць нас і турысты з Расіі, Украіны, з Прыбалтыкі і нават з далёкага замежжа. Мы рады ўсім гасцям.

— Хто падтрымлівае ў парадку такую немалую тэрыторыю?

— Мы з мужам працуем разам сям’ёй, – кажа Жанна. – Некалькі гадоў таму я развіталася з педагагічнай працай і цалкам прысвяціла сябе аграэкатурызму. Дапамагаюць родныя – мая мама, сястра Сяргея.

— Дзе вы самі любіце адпачываць?

— Складанае пытанне… Працяглага адпачынку ў чыстым выглядзе ў нас не бывае. Мы таксама вельмі любім цішыню і, здавалася б, мясцовыя краявіды выдатна падыходзяць, каб адпачываць. Тым не менш, для нас гэта перш за ўсё праца, хоць і праца ў асалоду.

Н. АВЯРЧУК



Теги:

Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *