У Дзятлаўскім райаддзеле міліцыі — новы кіраўнік

Здарэнні і бяспека

Загадам МУС Рэспублікі Беларусь ад 29 красавіка 2015 года №104 л/с на пасаду начальніка Дзятлаўскага райаддзела міліцыі назначаны падпалкоўнік міліцыі Аляксандр Францавіч Біль, які раней займаў пасаду першага намесніка начальніка аддзела ўнутраных спраў Воранаўскага райвыканкама.
У зале пасяджэнняў аддзела ўнутраных спраў Дзятлаўскага райвыканкама ў час аператыўнай нарады новага кіраўніка асабоваму саставу прадставіў начальнік УУС Гродзенскага аблвыканкама Вадзім Іванавіч Сіняўскі.
Аляксандр Францавіч Біль нарадзіўся ў 1972 годзе ў вёсцы Залессе Іўеўскага раёна Гродзенскай вобласці. З 1991 па 1993 гады служыў ва Узброеных Сілах Рэспублікі Беларусь. Яго міліцэйская кар’ера пачалася ў маі 1994 года з пасады міліцыянера роты патрульна-паставой службы Лідскага раённага аддзела ўнутраных спраў. З сакавіка 1995-га Аляксандр Францавіч прадоўжыў службу ўчастковым інспектарам міліцыі. У 2001 годзе быў назначаны начальнікам участка міліцыі грамадскай бяспекі ў мікрараёне «Слабада» аддзела ўнутраных спраў Лідскага райвыканкама. У 2003-ім скончыў Акадэмію МУС Рэспублікі Беларусь па спецыяльнасці «правазнаўства». З чэрвеня 2004-га працаваў на пасадзе начальніка аддзялення міліцыі па ахове мікрараёна «Слабада» АУС Лідскага райвыканкама. У кастрычніку 2005-га назначаны намеснікам начальніка аддзялення аховы правапарадку і прафілактыкі, з 2007 года — начальнік штаба. Пазней займаў пасады памочніка начальніка аддзела па арганізацыйна-аналітычным забеспячэнні, оперупаўнаважанага аддзела крымінальнага вышуку крымінальнай міліцыі, начальніка аддзела аховы правапарадку і прафілактыкі міліцыі грамадскай бяспекі АУС Лідскага райвыканкама. У лютым 2012 года назначаны першым намеснікам начальніка аддзела ўнутраных спраў Воранаўскага райвыканкама, дзе і служыў да нядаўняга часу. За гады службы ў міліцыі Аляксандр Францавіч Біль паказаў сябе адукаваным і ўмелым кіраўніком, сапраўдным прафесіяналам сваёй справы.
Начальнік УУС Гродзенскага аблвыканкама В. І. Сіняўскі зазначыў:
— Выбар на карысць Аляксандра Біля быў зроблены таму, што ён вопытны, падрыхтаваны супрацоўнік, доўгі час служыў у важных падраздзяленнях Лідскага райаддзела міліцыі. Лідскі раён — адзін з найбольш крымінагенных на Гродзеншчыне. Звычайна на Лідчыне, а таксама ў Кастрычніцкім і Ленінскім раёнах горада Гродна рэгіструецца найбольшая колькасць злачынстваў. Варта спадзявацца, што атрыманы вопыт дапаможа Аляксандру Францавічу справіцца з новымі службовымі абавязкамі на Дзятлаўшчыне.
Сёлетні год для міліцыі складаны і напружаны, краіна святкуе 70-годдзе Перамогі, рыхтуецца да выбараў, а ў Дзятлаўскім раёне пройдуць абласныя «Дажынкі». У час усіх масавых мерапрыемстваў праваахоўнікам давядзецца сачыць за бяспекай грамадзян і правапарадкам.
Старшыня Дзятлаўскага райвыканкама І. І. Крахмальчык выказаў спадзяванні на плённае, выніковае супрацоўніцтва. Ён зазначыў, што сёння для краіны, і нашага рэгіёна ў прыватнасці, галоўнае — эканоміка. Эканоміку складаюць прадпрыемствы раёна. Летась у сельскай гаспадарцы атрымана прадукцыі на суму каля 600 мільярдаў рублёў, а ў прамысловасці на суму каля трыльёна рублёў. Сёлета Дзятлаўшчына сур’ёзна рыхтуецца да абласнога свята «Дажынкі», і старшыня райвыканкама спадзяецца на разуменне і падтрымку ўсіх службаў.
Новы кіраўнік Дзятлаўскага райаддзела міліцыі Аляксандр Францавіч Біль толькі заступіў на пасаду. Цяпер ён актыўна знаёміцца з суб’ектамі прафілактыкі і службовымі абавязкамі, але згадзіўся падзяліцца сваімі ўражаннямі з карэспандэнткай газеты:
— Згодна са статыстыкай, Дзятлаўскі райаддзел міліцыі працуе стабільна, але ёсць пэўныя пытанні, вырашэню якіх надам асаблівую ўвагу. З вопыту ведаю, што ўсё пачынаецца з прафілактыкі. Калі міліцыя не змагла папярэдзіць якія-небудзь негатыўныя з’явы, у далейшым давядзецца раскрываць злачынствы і правапарушэнні, адшукваць вінаватых. Таму на Дзятлаўшчыне найперш займаюся вывучэннем абстаноўкі, каб у далейшым вырашыць, якія менавіта прафілактычныя меры выкарыстоўваць і дзе.
Ад калектыву Дзятлаўскага райаддзела міліцыі чакаю зладжанасці і працаздольнасці, адказнасці за агульную справу. Спадзяюся, ён стане адзінай камандай, якой па сілах вырашаць любыя задачы.
Першае маё ўражанне аб Дзятлаўшчыне станоўчае. Я праехаў па раёне, убачыў, што ён развіваецца, рухаецца наперад, жыве. Тут праходзіць шэраг мерапрыемстваў, скіраваных на перспектыву, і гэта асабліва радуе.
І. СТЫРНІК



Теги:

Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *