Па Беларусі

Падзеі

УЗБРОЕНЫЯ СІЛЫ БЕЛАРУСІ ЗАЎСЁДЫ ГАТОВЫ АДЭКВАТНА АДКАЗАЦЬ НА ЛЮБЫЯ ВЫКЛІКІ І ПАГРОЗЫ

Аб гэтым гаворыцца ў віншаванні Прэзідэнта Беларусі Аляксандра Лукашэнкі ветэранам і ваеннаслужачым беларускай арміі з Днём абаронцаў Айчыны і Узброеных Сіл Рэспублікі Беларусь.
Кіраўнік дзяржавы лічыць, што гэта ўсенароднае свята з’яўляецца сімвалам глыбокай павагі да ўсіх пакаленняў абаронцаў Айчыны і ўвасабляе непарыўную сувязь гераічнага мінулага і сучаснага.
На думку Прэзідэнта, у год 70-годдзя Вялікай Перамогі Дзень абаронцаў Айчыны і Узброеных Сіл набывае асаблівую значнасць. «У свяшчэннай барацьбе з ворагам чалавецтва беларускія воіны паказалі прыклад найвышэйшай доблесці, стойкасці і самаадданай любові да Радзімы, — гаворыцца ў віншаванні. — Гэта свята ўсіх, хто адстаяў свабоду і незалежнасць нашай Айчыны ў гады Вялікай Айчыннай вайны, хто прыняў эстафету ў пакалення пераможцаў і ў сучасных умовах надзейна забяспечвае бяспеку краіны».
«Сёння Рэспубліка Беларусь — незалежная суверэнная дзяржава, дзе забяспечаны мір, стабільнасць і згода. І ні ў каго не павінна быць сумненняў, што так будзе і надалей, таму што абарона Айчыны ў нашай краіне мае ўсенародны характар, а Узброеныя Сілы заўсёды гатовы адэкватна адказаць на любыя выклікі і пагрозы», — падкрэсліў кіраўнік дзяржавы.
Аляксандр Лукашэнка пажадаў ветэранам і ваеннаслужачым беларускай арміі дабра, шчасця і дабрабыту, новых поспехаў у службе і працы на карысць нашай роднай Беларусі.
Прэзідэнту Беларусі Аляксандру Лукашэнку ў час наведвання Міністэрства абароны падарылі аўтамат Калашнікава.
Падарунак у спецыяльным футляры кіраўніку дзяржавы ўручыў міністр абароны Беларусі Андрэй Раўкоў. Ён адзначыў, што на працягу ўжо некалькіх дзясяткаў гадоў гэта надзейная правераная зброя запатрабавана ў арміях многіх краін свету.

БУДЗЕ АСВОЕНА ВЫТВОРЧАСЦЬ 140 ЛЯКАРСТВАЎ

У 2015 годзе ў Беларусі будзе асвоена вытворчасць 140 лякарстваў. Аб гэтым паведаміў міністр аховы здароўя Васіль Жарко.
Міністр адзначыў, што новыя лякарствы беларуская фармпрамысловасць асвойвае штогод. У бягучым годзе 140 найменняў новых лякарстваў будзе асвоена і ўкаранёна для патрэбаў насельніцтва.
Ён падкрэсліў, што айчынныя прэпараты па ўсіх параметрах ідэнтычныя імпартным і пры гэтым значна таннейшыя. Сярэднеўзважаная цана айчыннай упакоўкі — $1,36, у той час як імпартная каштуе $4,72, адзначыў міністр. Між тым, у Міністэрстве аховы здароўя занепакоены неабгрунтаваным імпартам лякарстваў і маюць намер прыняць меры для вырашэння гэтай праблемы.
Васіль Жарко нагадаў, што ў бягучым годзе доля айчынных прэпаратаў на ўнутраным рынку павінна скласці 50 працэнтаў. Такую задачу ў свой час паставіў Прэзідэнт Аляксандр Лукашэнка.

РЭФАРМАВАННЕ ЖКГ ПРАДУГЛЕДЖВАЕ ІСТОТНАЕ ЗНІЖЭННЕ КОШТУ ПАСЛУГАЎ

Рэфармаванне жыллёва-камунальнай гаспадаркі Беларусі дасць магчымасць істотна знізіць кошт аказваемых насельніцтву паслугаў. Аб гэтым заявіў міністр жыллёва-камунальнай гаспадаркі Аляксандр Церахаў.
«З 1 сакавіка тарыф на тэхнічнае абслугоўванне квадратнага метра як быў, так і застаецца на ўзроўні Br947,1. Але з-за структурнага пераўтварэння мы разлічваем, што сам кошт паслугі, які цяпер складае каля Br2,8 тыс., павінен істотна знізіцца, у выніку чаго ўзровень кампенсавання затрат насельніцтвам павысіцца з сённяшніх 25-30 працэнтаў да 50-70 працэнтаў», — растлумачыў Аляксандр Церахаў.
Паводле яго словаў, рэфармаванне ЖКГ накіравана, па-першае, на павышэнне якасці аказваемых паслугаў, па-другое, на дасягненне максімальнай празрыстасці іх налічэння.
З 1 сакавіка на базе Партызанскага і Першамайскага раёнаў Мінска плануецца пачаць эксперымент па рэфармаванні жыллёва-камунальнай гаспадаркі.

БелТА



Теги:

Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *