Моладзь пашырыць геаграфію студатрадаўскага руху

Падзеі

З мэтай падрыхтоўкі да новага моладзевага працоўнага семестра на базе санаторна-аздараўленчага комплекса БДУ «Брыганціна» прайшоў семінар па развіцці студатрадаўскага руху.

Праграма мерапрыемства ўключала ў сябе адкрыты дыялог па праблемах арганізацыі студэнцкіх атрадаў, навукова-практычныя заняткі на пляцоўках вядучых прадпрыемстваў краіны, інтэрактыўныя і дзелавыя гульні для камандзіраў і камісараў, начальнікаў штабоў студатрадаў. У рабоце семінара ў якасці экспертнай групы прымалі ўдзел прадстаўнікі моладзевай агульнарасійскай грамадскай арганізацыі «Расійскія студэнцкія атрады».

У ліку дэлегатаў Гродзенскай вобласці была першы сакратар Дзятлаўскай раённай арганізацыі грамадскага аб’яднання «Беларускі рэспубліканскі саюз моладзі» Анастасія Чурай.

Афіцыйная частка сустрэчы праходзіла ў Мінску ў Беларускім дзяржаўным музеі гісторыі Вялікай Айчыннай вайны. Гэта было сімвалічна, бо сёлета краіны Саюзнай дзяржавы святкуюць 70-годдзе Вялікай Перамогі.
Пасля экскурсіі па музеі адбылося пастраенне ў зале Перамогі для ўрачыстай цырымоніі ўзнагароджання пераможцаў працоўнага семестра па выніках 2014 года. У цырымоніі прымалі ўдзел міністр адукацыі М. Жураўкоў, міністр архітэктуры А. Чорны, міністр сельскай гаспадаркі і харчавання Л. Заяц, міністр лясной гаспадаркі М. Амельяновіч, міністр гандлю В. Чэканаў, намеснік кіраўніка Прадстаўніцтва Пастаяннага камітэта Саюзнай дзяржавы ў горадзе Мінску С. Місюраў.

Да моладзі звярнуўся першы сакратар Цэнтральнага камітэта ГА «БРСМ» Андрэй Белякоў. Ён зазначыў, што ў 2015 годзе беларускі студатрадаўскі рух пашырыць сваю геаграфію. Аб’екты для работы руска-беларускіх студэнцкіх атрадаў будзе прадастаўляць не толькі Расія: вырашаецца гэта пытанне і з Казахстанам, вядзецца пошук працоўных месцаў у Заходняй Еўропе. Ужо ёсць дамоўленасць аб тым, што валанцёры БРСМ будуць працаваць у Італіі і Польшчы. Вядома, па-ранейшаму, студатрадаўскі рух будзе развівацца ў Саюзнай дзяржаве. Працягвае працаваць рэспубліканская будоўля Беларускай атамнай станцыі ў Астраўцы, дзе зноў мяркуецца задзейнічаць зводны беларуска-расійскі атрад, магчыма, падключацца і студэнты з іншых краін.
Асноўныя задачы для студатрадаўцаў на 2015 год — павышэнне якасці работы, падрыхтоўка камандзіраў і камісараў, павелічэнне колькасці выязных атрадаў.

Часткова гэтыя задачы пачалі вырашаць ужо ў час сустрэчы. Пасля цырымоніі ўзнагароджання для моладзі прайшлі навукова-практычныя заняткі на пляцоўках Рэспубліканскага ўнітарнага прадпрыемства электрасувязі «Белтэлекам». Увечары ў адміністрацыйным будынку санаторна-аздараўленчага комплекса БДУ «Брыганціна» ладзіліся інтэрактыўныя заняткі «Фарміраванне спадзяванняў». А на наступны дзень сустрэчы маладыя людзі прынялі ўдзел у практыкуме па конкурсе «Працоўны семестр», працоўнай акцыі, дзелавой гульні для камандзіраў і камісараў студатрадаў «Працоўны ажыятаж».

І. КАЎКЕЛЬ



Теги:

Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *