Злачынства ёсць — будзе і пакаранне

Здарэнні і бяспека

Праблема наркаспажывання сярод моладзі вельмі абвастрылася ў вобласці. І, нават нягледзячы на тое, што ўпаўнаважанымі органамі праводзяцца прафілактычныя меры, моладзь ва ўзросце да 18 гадоў становіцца ахвярай наркатычных сродкаў і псіхатропных рэчываў. Колькасць учыненых непаўналетнімі такіх правапарушэнняў няўхільна расце і складае амаль чацвёртую частку ад агульнай колькасці зарэгістраваных злачынстваў – 23,9%. Цалкам па Гродзенскай вобласці злачынствы па незаконным абароце наркатычных і псіхатропных сродкаў звязаны з імёнамі 49 непаўналетніх, 27 з якіх з’яўляюцца навучэнцамі ўстановаў прафесійна-тэхнічнага навучання.

У Дзятлаўскім раёне папярэджанне наркаманіі і барацьба з ёй з’яўляецца актуальным накірункам у дзейнасці суб’ектаў прафілактыкі. За мінулы год у раёне былі выяўлены 2 выпадкі правапарушэнняў у гэтай сферы.

Адзначу, што з 1 студзеня 2015 года ўступіў у сілу Дэкрэт Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь №6 ад 28.12. 2014 года “Аб неадкладных мерах па процідзеянні незаконнаму абароту наркотыкаў”. У сваю чаргу, у адпаведнасці з Дэкрэтам органы дзяржаўнай улады і ўваходзячыя ў іх арганізацыі, саветы грамадскіх пунктаў аховы правапарадку, грамадскія аб’яднанні, на якія заканадаўчымі актамі ўскладзены функцыі па прафілактыцы правапарушэнняў у сферы процідзеяння незаконнаму абароту наркотыкаў, актыўна праводзяць “антынаркатычныя” мерапрыемствы.

Стала больш жорсткай крымінальная адказнасць за правапарушэнні, звязаныя з абаротам наркотыкаў. Разам з гэтым за збыт наркотыкаў, якія па неасцярожнасці выклікаюць смерць чалавека, таксама прыйдзецца адказваць на лаве падсудных. А ўзрост крымінальнай адказнасці за такія правапарушэнні зніжаны з 16 да 14 гадоў. Таксама ўзмацніліся і меры адміністрацыйнай адказнасці за ўжыванне наркотыкаў.

З’яўленне ў грамадскім месцы ў стане наркатычнага ап’яненне караецца штрафам ад 5 да 10 базавых велічыняў. З важкай сумай – ад 20 да 50 базавых велічыняў прыйдзецца расстацца тым індывідуальным прадпрымальнікам або юрыдычным асобам, якія на дыскатэках, у начных клубах дапускаюць продаж і спажыванне наркатычных рэчываў. А знаходжанне на працоўным месцы ў стане наркатычнага ап’янення будзе каштаваць ні многа ні мала – да 12 базавых велічыняў, а за спажыванне ў грамадскім месцы наркотыкаў без прызначэння доктара прыдзецца аддаць ад 8 да 15 базавых велічыняў.

Адзіная сістэма ўліку асобаў, якія спажываюць наркатычныя сродкі, псіхатропныя рэчывы і іх аналагі, будзе фарміравацца і весціся з 1 сакавіка 2015 года пад кіраўніцтвам Міністэрства аховы здароўя.

У сувязі з пагрозай шырокага распаўсюджвання наркотыкаў праз сетку Інтэрнэт замацоўваецца механізм аператыўнага абмежавання доступу карыстальнікаў інтэрнэт-паслугаў да інтэрнэт-рэсурсаў, на якіх змешчаны матэрыялы, накіраваныя на незаконны абарот наркотыкаў.

Барацьба з наркаманіяй павінна насіць планавы характар, поспех якой будзе магчымы, дзякуючы прадуманным і дакладным дзеянням з боку дзяржаўных органаў, грамадскіх аб’яднанняў і грамадзян.

В. ЗАЯЦ,
пракурор Дзятлаўскага раёна



Теги:

Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *