Снежаньская касавіца

Здарэнні і бяспека

“Рыхтуй сані летам, а воз – зімой” – вучыць абачлівых гаспадароў народная мудрасць. Ды ніхто не згадвае пра тое, што варта распачынаць касьбу ў сярэдзіне зімы. Што, аднак, не спыняе некаторых грамадзян ад неабдуманых учынкаў. З такой трагікамічнай сітуацыяй сутыкнуліся супрацоўнікі Дзятлаўскага аддзела Дэпартамента аховы МУС РБ.

24 снежня дзяжурны нарад у складзе прапаршчыка міліцыі Андрэя Берасневіча і старшага сяржанта міліцыі Віктара Цыгеля па ўказанні дзяжурнага раённага аддзела ўнутраных спраў выехаў на вуліцу Фрунзэ ў Дзятлава, дзе ў адным з прыватных дамоў здарыўся крадзеж. Злодзеі паквапіліся на бензінавы трымер маркі “DEMON RQ580” коштам 1300000 рублёў, які знаходзіўся ў каморы дома і належаў унуку гаспадыні дома, работніку Дзятлаўскага РУП ЖКГ.

У выніку вышуковых мерапрыемстваў ужо а палове 6-й вечара міліцыянеры затрымалі грамадзяніна Л., 1964 года нараджэння, жыхара райцэнтра, беспрацоўнага, раней судзімага. “На дзела” ён пайшоў не адзін, у змове са злодзеем дзейнічалі яшчэ двое дзятлаўчан – раней судзімы беспрацоўны грамадзянін М., 1970 года нараджэння, і раней не судзімы беспрацоўны грамадзянін К.

На што разлічвалі тры таварышы, сярод белага дня ўчыняючы крадзеж немалога па габарытах трымера: ці то застацца незаўважанымі, ці то і праўда трын-травы накасіць. Аднак гісторыя мела лагічны справядлівы фінал – дзякуючы аператыўнай рабоце дзятлаўскіх міліцыянераў, зламыснікі панясуць заслужанае пакаранне: у адносінах да іх узбуджана крымінальная справа па частцы 2 артыкула 205 Крымінальнага кодэкса Рэспублікі Беларусь.

Д. ЦУМАРАЎ,
начальнік Дзятлаўскага аддзела Дэпартамента аховы МУС РБ



Теги:

Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *