Дзятлаўшчына стала другой радзімай

Падзеі

Ірына Бушчык, бухгалтар СВК «Вензавец», на Дзятлаўшчыне ўжо сёмы год. Сюды яна, ураджэнка Шчучынскага раёна, прыехала працаваць па размеркаванні пасля заканчэння Навагрудскага аграрнага каледжа.

Належныя ўмовы працы, забяспечанасць добраўпарадкаваным жыллём, размяшчэнне Вензаўца паблізу раённага цэнтра — усё гэта паспрыяла таму, каб Ірына і яе муж засталіся на Дзятлаўшчыне надоўга. Ды, як гаворыць маладая жанчына, планаў мяняць месца жыхарства ў яе пакуль няма.

Ужо трэці год сваю працу Ірына сумяшчае з грамадскай дзейнасцю — з’яўляецца сакратаром пярвічнай арганізацыі грамадскага аб’яднання «БРСМ» СВК «Вензавец». У рабоце, як адзначае Ірына, «пярвічка» прытрымліваецца плана работы раённага камітэта ГА «БРСМ». Гэта ўдзел у прафілактычных акцыях, і флэш-мобах, у традыцыйным летнім моладзевым турзлёце, які, на думку Ірыны, аб’ядноўвае моладзь раёна, дае магчымасць пазнаёміцца, цікава правесці вольны час.

Непасрэдна для самой Ірыны найбольш аптымальным з’яўляецца адпачынак з сям’ёй, з сябрамі на прыродзе. Няма нічога лепшага, адзначае маладая жанчына, як палюбавацца прыгожымі і непаўторнымі краявідамі роднай прыроды, схадзіць улетку па грыбы і ягады. Падабаецца Ірыне завіхацца і на прысядзібным участку, займацца вырошчваннем кветак.

З’яўляецца Ірына і прыхільнікам біятлону: імкнецца сачыць за дасягненнямі беларускай зборнай у спаборніцтвах па гэтым відзе спорту, «хварэе» за трохразовую алімпійскую чэмпіёнку Дар’ю Домрачаву.

Як сакратар пярвічнай арганізацыі ГА «БРСМ» Ірына Бушчык ставіць перад сабой задачу прывабіць як мага больш моладзі да ўдзелу ў мерапрыемствах, якія праводзіць грамадскае аб’яднанне «БРСМ». А іх, як мяркуе маладая жанчына, будзе шмат: Год моладзі павінен быць насычаны цікавымі сустрэчамі і акцыямі, якія дадуць магчымаць адчуць моладзі, што яна запатрабаваная. А таксама юнакі і дзяўчаты, на думку Ірыны, павінны верыць у сябе, ставіць мэты і ісці да іх здзяйснення, быць больш актыўнымі.

А. ДУБРОЎСКАЯ



Теги:

Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *