Пажарны пост у Раготне:

Падзеі

Пажарны аварыйна-ратавальны пост №13, які размешчаны ў Раготне, быў сфарміраваны ў 1995 годзе. Пост размясціўся ў былым калгасным будынку. На першае баявое дзяжурства ратаўнікі заступілі ў маі, да гэтага ў будынку некалькі месяцаў вяліся рамонтныя работы. У чэрвені раготнаўскія ратаўнікі ўдзельнічалі ў ліквідацыі пажару ў Жукоўшчыне.
Такая, у цэлым, кароткая гісторыя ПАРП №13. А, увогуле, звязана яна з імёнамі шэрагу ратаўнікоў, якія служылі і служаць на пасту, першым начальнікам якога быў Іван Іосіфавіч Ашмян.

НАСТАЛЬГІЯ ПА СЛУЖБЕ

Разам з Іванам Іосіфавічам у 1995 годзе на службу заступілі Сяргей Антонавіч Вялічка, Аляксандр Уладзіслававіч Кардаш,а таксама Аляксандр Уладзіміравіч Мармыш, які цяпер з’яўляецца інспектарам дзяржаўнага пажарнага нагляду Дзятлаўскага раённага аддзела па надзвычайных сітуацыях.

ПАРП №13 Іван Іосіфавіч Ашмян узначальваў да 2011 года. Цяпер ён — работнік раённага аддзела пазаведамаснай аховы. Тым не менш, 19 студзеня для яго па-ранейшаму застаецца прафесійным святам. І гады службы на варце бяспекі людзей, як прызнаецца Іван Іосіфавіч, ён заўжды ўзгадвае з настальгіяй. Яно і зразумела, са службай ратавання звязаны амаль дваццаць гадоў жыцця, напоўненых баявымі дзяжурствамі, прафілактычнай работай з насельніцтвам. Акрамя гэтага, Іван Іосіфавіч актыўна прымаў удзел у міжгаліновым аглядзе-конкурсе мастацкай самадзейнасці — спяваў, чытаў вершы. Любімыя з іх належалі пяру Сяргея Ясеніна.

РАТАЎНІК З АДУКАЦЫЯЙ ЭКАНАМІСТА

Валерый Вікенцьевіч Нічыпар у службе ратавання — чацвёрты год. На ПАРП №13 ён прыйшоў у 2011 годзе: змяніў Івана Іосіфавіча Ашмяна на пасадзе начальніка паста.

Цяпер тут нясуць варту 7 чалавек, у ліку якіх і маладыя спецыялісты, якія ў службе ратавання нядаўна.

У юнацтве Валерый Вікенцьевіч марыў быць кінолагам, аднак пасля заканчэння школы асвоіў прафесію эканаміста. Затым прыйшоў у службу ратавання — адразу на пасаду начальніка паста.

Як начальнік паста і малодшы дзяржінспектар пажарнага нагляду Валерый Вікенцьевіч праводзіць з насельніцтвам прафілактычную работу. За ім замацаваны Мяляхавіцкі сельскі савет.

У большасці, гаворыць Валерый, насельніцтва станоўча рэагуе на заўвагі аб неабходнасці прывесці пажарную бяспеку ў жыллі ў належны стан. Аднак ёсць і тыя, хто на заўвагу аб тым, што печку трэба адрамантаваць, адказваюць: » А навошта, і так добра.» У такім выпадку на дапамогу ратаўнікам прыходзіць адміністрацыйны кодэкс аб пажарнай бяспецы, згодна з якім парушальнікі прыцягваюцца да адказнасці за сваю нядбайнасць.

КАМАНДЗІР АДДЗЯЛЕННЯ І СПЯВАК

З моманту заснавання ПАРП №13 камандзірам аддзялення тут служыць Сяргей Антонавіч Вялічка . Служыць сумленна і адказна, аб чым сведчыць нагрудны знак «Выдатнік службы».

У службу ратавання Сяргей Антонавіч прыйшоў з прафесіі механіка, па якой працаваў на чыгунцы, у калгасе. Аднак лёсавырашальнай для яго стала прафесія ратаўніка.

Сяргей Антонавіч не толькі прафесіянал сваёй справы, але яшчэ і таленавіты чалавек. Неаднаразова ён выступаў за раённы аддзел па надзвычайных сітуацыях у міжгаліновым аглядзе-конкурсе мастацкай самадзейнасці. Увогуле, з песняй на «ты» Сяргей Антонавіч усё жыццё: спяваў у школьным хоры, у калектыве мастацкай самадзейнасці, які ў свой час дзейнічаў у мясцовым клубе.

Акрамя музыкі, Сяргей Антонавіч захапляўся і спортам — іграў у міні-футбол, у шашкі. А вось хобі для яго — рыбалка.

Да ўсяго варта дадаць і тое, што Сяргей Антонавіч яшчэ і шматдзетны бацька — у яго сям’і трое дзяцей: два сыны і дачка.

РАДЫЁТЭХНІК І ВАДЗІЦЕЛЬ

Аляксандр Уладзіслававіч Кардаш  — вадзіцель ПАРП №13. Выпускнік Гродзенскага радыётэхнічнага вучылішча па спецыяльнасці рэгуліроўшчык радыёапаратуры. Армейскую службу праходзіў у радыётэхнічных войсках, быў вадзіцелем. Увогуле, у Аляксандра Уладзіслававіча ўжо працяглы вадзіцельскі стаж — з 1985 года.

Вадзіцель пажарнага аўтамабіля — справа вельмі адказная. Складана кіраваць аўтамабілем, ды і на дарозе можа здарыцца ўсялякае.
Вядома, за многія гады службы, у Аляксандра Уладзіслававіча выпрацаваўся важкі прафесійны вопыт. Тым не менш, прызнаецца ратаўнік, нягледзячы на гэта, з кожны выездам адчуваеш хваляванне: кожная надзвычайная сітуацыя не падобная на іншую, і прадугледзець, як яна будзе развівацца, — немагчыма.

Як і яго калегі, Аляксандр Уладзіслававіч у свой час прымаў удзел у міжгаліновых спартыўных спаборніцтвах — па міні-футболе, перацягванні каната, бегу на доўгія дыстанцыі.

А вось хобі Аляксандра з’яўляюцца паляванне і аўтамабілі.

А. ДУБРОЎСКАЯ



Теги:

Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *