З надыходзячым!

Падзеі

Першыя, хто падрыхтаваўся да новага года, гэта аб’екты гандлю. Акурат цяпер усе магазіны спажывецкай кааперацыі удзельнічаюць у аглядзе-конкурсе на лепшае навагодняе ўбранне. Мы прапануем вам, паважаныя чытачы, не чакаць вынікаў конкурсу, а вырашыць для сябе, які магазін, па вашым меркаванні, самы-самы.

ПАПЯРОВАЕ НОУ-ХАУ

Магазін “Мясная лаўка” (колішнія “Сельгаспрадукты”) заўжды ў прызёрах конкурсу на лепшае ўпрыгажэнне аб’ектаў гандлю. І штогод у іх нешта новае, незвычайнае. Сёлета творчы калектыў прадаўцоў-дызайнераў на чале з загадчыцай магазіна, прадаўцом 6-га разраду Святланай Нядбайлік пастараўся на славу над упрыгажэннем гандлёвай залы.

Мабыць, не адзін наведвальнік магазіна задаваўся пытаннем: колькі ж абгортак ад цукерак пайшло на гірлянду, якая ўпрыгожвае ўваходныя дзверы? Усеагульную цікавасць задавальняе аўтар гэтай прыгажосці: усе фанцікі ад мінулагодніх навагодніх святаў да гэтага месяца. Прадавец нават можа даць майстар-клас па яе вырабе. Як вядома, 2015-ы – год авечкі або казы па ўсходнім календары, якая жывёліна больш вам імпануе выбірайце самі. У “Мясной лаўцы” зрабілі стаўку не на ціхмяную авечку, а на бойкую гарэзу-казу, магчыма, атаясамліваючы яе з такім жа бойкім гандлем, які калектыў чакае ў святы. Гераіню наступнага года, як і іншыя малюнкі, што ўпрыгожваюць сцены магазіна, выканала дачка Святланы Уладзіміраўны Анастасія.

Галоўная адметнасць навагодняга ўпрыгажэння магазіна – надзвычайнай прыгажосці белыя папяровыя ёлкі (фота 1). Гэта аўтарская работа ўсё той жа творчай загадчыцы магазіна. Ёлкі менавіта белыя, а не зялёныя, бо так яны выглядаюць нашмат эфектней. Жанчына рабіла дома нарыхтоўкі, а затым усе работнікі магазіна прымалі ўдзел у афармленні, стваралі ў магазіне зімовую казку.
— Я ведала пра ёлку з конуса, – дзеліцца сваёй ідэяй яна, – і вырашыла, а чаму б не зрабіць ёлку шматконусную? Пазней дадаліся пацеркі і іншыя ўпрыгажэнні.

ГОД МОДНАЙ АВЕЧКІ

Галоўнаму прамысловаму магазіну Дзятлава – універмагу – належыць і ў Новы год трымаць высокую планку. Калектыў магазіна, які складаюць шэсць прадаўцоў, робіць гэта творча, арыгінальна і тэматычна.

Слоган “Тварам – да спажыўца” апраўдваецца і ў навагоднім дэкоры: ля самага ўваходу на другі паверх наведнікаў сустракае святочная ёлка (па ўмовах конкурсу кожнаму магазіну спажывецкай кааперацыі для “старту” было прадастаўлена па штучным навагоднім дрэве), прыбраная арыгінальнымі бантамі, якімі зазвычай упрыгожваюць падарункі. Тут вам і яркая аздоба, і дэманстрацыя прафесійных здольнасцяў прадаўцоў. Побач з ёлкай – сімвал года наступнага, а дакладней – два сімвалы. Па версіі ўнівермага гэта модныя авечкі: дама – са сучаснай сумкай, кавалер – са стыльным чырвоным гальштукам (фота 2). Яны былі прыдуманы і выраблены з упаковачнай фанеры крэатыўнымі супрацоўніцамі магазіна.

Адметнасць універмага – тэматычнае навагодняе афармленне: у “Галантарэі” – ёлка з рознакаляровымі стужкамі, у абутковым аддзеле – калядны вяночак з сімвалічным чаравікам, у дзіцячым – вялікія бліскучыя цукеркі і ўсмешлівы лесавічок.

Таленавітыя прадаўцы самі вырабілі шары, упрыгожаныя пенапластам, кветкі, сняжынкі. Мяркую, наведнікі магазіна змогуць не толькі падзівіцца на яго аздобу, але і ўзяць нешта сабе на заметку.

— Працэс упрыгажэння магазіна яшчэ не завершаны, – пакідаюць месца для сюрпрызаў прадаўцы ўнівермага. – У хуткім часе абуем нашага мясцовага Дзеда Мароза ў валёнкі і зробім яго адушаўлёным, дадаўшы да навагодняга касцюма твар. Што будзе яшчэ – пабачыце пад Новы год.

ВЕРАСКОВАЕ РЭТРА

Не памылюся, калі скажу, што самы папулярны ў дзятлаўчан магазін “Верасок” (ён жа “хлебны”) сустрэў пачатак снежня ў поўным навагоднім “узбраенні”. Нават яшчэ не пераступаючы парог магазіна, па яркіх малюнках на шыбах спажыўцы ўжо здагадваюцца: свята – унутры. Ужо не першы год запар свае адметныя мастацкія здольнасці дэманструе цяперашняя загадчыца магазіна Святлана Серая.

Унутраная аздоба магазіна, як і паўсюль, справа агульная. І сёлета калектыў аб’екта гандлю пайшоў па прынцыпе “згадаем былое”, выцягнуўшы з куфраў і “загашнікаў” дарагія сэрцу рэчы. Так да традыцыйнай аздобленай па-навагодняму ёлкі разам з сасновай кампазіцыяй, бліскучых гірляндаў і папяровых самаробных сняжынак дадаліся вясёлы мяккі карапуз, зайчыкава снежная хатка, кот Матроскін, мядзведзь у навагоднім капелюшы і нават калматы сабака з гармонікам. Як запэўніваюць самі прадаўцы магазіна, гармонік цалкам спраўны і гатовы да таго, каб на ім урэзалі навагоднюю полечку. Галоўнымі ж спонсарамі мяккіх цацак сталі ўсе прадаўцы магазіна, якія маюць дзяцей.

Як вядома, ужо не першы месяц “Верасок” выкарыстоўвае палетную выкладку тавараў, калі тавар размяшчаецца проста ў цэнтры гандлёвай залы. У перадсвяточны месяц цэнтральнае месца тут займаюць навагоднія падарункі беларускіх кандытарскіх фабрык багатага асартыменту – ад 30 да 300 тысячаў рублёў. Ёсць нават мяккія падарункі з цукеркамі – бэзавы “цуд”, калядны боцік і скрыначка з сюрпрызам. Вось толькі авечак і козаў, на жаль, у асартыменце няма. Аднак гэта няблага кампенсавалі самі работніцы “Вераска”: то тут, то там па паліцах і вітрынах магазіна “скачуць” папяровыя казляняткі.

Аднак галоўны ў хлебным магазіне – снегавік у капелюшы, сканструяваны з мяха з крупамі (як кажуць, чым багаты, тым і рады). Ён гасцінна запрашае ў гандлёвы зал сваімі рукамі-рукавічкамі.

Тэкст Н. АВЯРЧУК



Теги:

Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *