У «Праменьчыку» — агеньчык

Падзеі

“Каб дапамагчы іншым, неабавязкова быць моцным і багатым, — дастаткова быць добрым”.
Сімяон Афонскі

IMG_3574

У аддзяленні дзённага знаходжання для інвалідаў “Праменьчык” надвор’е ствараюць яго работнікі, валанцёры гімназіі №1 горада Дзятлава, артысты РДК і ўсе людзі з добрым сэрцам. Для “незвычайных людзей” тут штогод праводзяцца “агеньчыкі”.

Кастрычніцкае свята прысвечана самым дарагім людзям у нашым жыцці, нашым зямным анёлачкам – матулям.

Да Дня маці ў “Праменьчыку” быў арганізаваны невялікі канцэрт, на які хлопцы і дзяўчаты запрасілі сваіх матуляў. За сталом з кубкам смачнага чаю і пачастункамі маці і іх дзеці добра праводзілі час.

IMG_3608

Загадчыца “Праменьчыка” В. Саламевіч адзначыла, што гэтыя мерапрыемствы вельмі важны для моладзі. Яна чакае вось такіх агеньчыкаў, і кожны раз шчыра ім радуецца. Сённяшняе мерапрыемства адметна тым, што матулі прысутнічаюць тут побач са сваімі дзецьмі. Гэта дазваляе ім раскрыцца, адчуць сабе ўпэўненымі, паказаць свае таленты і быць камунікабельнымі.

Забаўляльны праект, да якога прыклалі намаганні розныя людзі, быў цікавы і насычаны рознымі нумарамі. Канцэртную праграму падрыхтавалі валанцёры — вучаніцы 8 класа гімназіі №1 г. Дзятлава. Дзяўчаты спявалі, ігралі на гітары і чыталі прыгожыя вершы, а шчодрыя на эмоцыі гледачы падпявалі ім і пляскалі ў далоні.

IMG_3582

IMG_3599

Валанцёр Юлія Валадайшчык адзначыла, што ўдзел у такіх добразычлівых мерапрыемствах – вельмі важная справа: “Валанцёрства патрэбна не толькі гэтым людзям, але і нам самім. Калі яны радуюцца нашым выступленням, мы радуемся разам з імі. Мы з дзяўчатамі прыходзім сюды з вялікай радасцю, бо маленькай дапамогі не бывае”.

Наведвальнікі “Праменьчыка” таксама парадавалі ўсіх гасцей. Спецыяльна да свята яны вывучылі вясёлы танец, а Алег Бяляк выканаў прыгожую песню “Вясельная” ўласнага сачынення.

IMG_3638

Сваім матулям хлопцы і дзяўчаты жадалі доўгіх гадоў жыцця, цярпення, моцнага здароўя, вялікай радасці. Наведвальнікі старанна рыхтаваліся да свята і не толькі словамі віншавалі матуляў, але і падрыхтавалі падарункі, якія зрабілі сваімі рукамі.

В. Саламевіч павіншавала і падзякавала матулям, якія змаглі прыйсці на гэты канцэрт, і пажадала, моцнага здароўя ім і іх дзецям, міру ў сямейным коле і божай міласці.

Напрыканцы варта дадаць, што, безумоўна, важней за ўсё – надвор’е ў доме, а ў “Праменьчыку” яно заўсёды цёплае, бо тут працуюць людзі з добрым сэрцам. І цеплыня, якая ідзе ад іх учынкаў, сагравае лепш за любыя рукавіцы.

Л. СУР’ЯНІНАВА



Теги:

Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *