Работнікі ВУ «Дзятлаварайгаз» у працы і адпачынку

Падзеі

Часлаў Кароль

больш за дваццаць гадоў у газавай службе Дзятлаўскага раёна. Ён пачынаў працаваць у вытворчым упраўленні “Дзятлаварайгаз” як вадзіцель, а праз некаторы час атрымаў дадатковую спецыяльнасць слесара. Такое “павышэнне кваліфікацыі” Часлаў Іосіфавіч тлумачыць па-свойму: не можа ён стаяць у баку ад працы на аб’ектах, хоча працаваць разам з калегамі. У складзе брыгады па абслугоўванні газарэгулятарных пунктаў сёлета вадзіцель-слесар стаў пераможцай рэспубліканскага галіновага спаборніцтва. Прафесійнае свята газавікоў Часлаў Іосіфавіч Кароль сустракае не толькі з добрым настроем, але і важкімі ўзнагародамі за працу – падзячным пісьмом канцэрна “Белпалівагаз” і ганаровым званнем ветэрана працы.

Таццяна Герус

IMG_0058a

працуе ў вытворчым упраўленні “Дзятлаварайгаз” ужо на працягу дваццаці гадоў. З 1994 года пачынала кантралёрам, а потым – сумяшчала працу з атрыманнем спецыяльнай адукацыі. У Навагрудскім сельскагаспадарчым тэхнікуме набыла прафесію бухгалтара. Таццяна Барысаўна, мабыць, самы нераўнадушны работнік арганізацыі, бо займаецца налічэннем заработнай платы. Па словах бухгалтара, работа гэта карпатлівая, але любімая.

А два гады таму Таццяна Герус узначаліла прафсаюз вытворчага ўпраўлення. З задавальненнем і энтузіязмам займаецца арганізацыяй культурна-масавых і спартыўных мерапрыемстваў.Такая дзейнасць па душы жанчыне: па-першае, яна сама займаецца спортам і вядзе актыўны лад жыцця, па-другое, прыемна весці прафсаюзную работу ў дружным калектыве.

У свята ўсіх газавікоў Таццяна Барысаўна зычыць калегам найперш моцнага здароўя. А яшчэ – каб работа заўжды прыносіла радасць і добра аплачвалася.

Васіль Сенькавец

IMG_0083a

мае вышэйшую тэхнічную адукацыю. Атрымаўшы спецыяльнасць інжынера-механіка сельскай гаспадаркі, у 1986-м прыехаў з Брэсцкай вобласці працаваць па размеркаванні ў сённяшні СВК “Войневічы”, затым 18 гадоў прысвяціў СВК “Граніт-Агра”.

У газавай службе, дзе Васіль Сенькавец працуе ўжо восем гадоў механікам, тут ён працягвае займацца сваёй справай. Абслугоўвае і рамантуе ўсю тэхніку, якая ёсць у арганізацыі: ні мала ні многа 16 аўтамабіляў і адзін экскаватар.

Прыемна радуе вопытнага механіка, што транспартны парк арганізацыі з кожным годам абнаўляецца: вось і сёлета для аварыйнай службы атрымалі аўтамабіль ГАЗ-33023, абсталяваны па апошнім слове тэхнікі для эфектыўнай работы.

Васіль Сенькавец – чалавек актыўны, артыстычны, рознабаковы. Сярод яго захапленняў гіравы спорт, шашкі, шахматы. У вольны ад работы час ён любіць “даць бой” калегам у настольны тэніс. Работы па дрэве яго аўтарства ўпрыгожваюць фае арганізацыі. А нядаўна Васіль Аляксеевіч праявіў сябе і як таленавты артыст гутарковага жанру, стаўшы прызёрам творчага конкурсу.

Калегам па працы і ўсім работнікам газавай галіны ён адрасуе пажаданні, агучаныя героем знакамітай “Каўказскай палонніцы”: каб ніхто з іх, як бы высока ён ні лётаў, ніколі не адрываўся ад калектыву.

Андрэй Абражэй 

IMG_0106a

знакамітасць года ў калектыве ВУ “Дзятлаварайгаз”. Разам з брыгадай па абслугоўванні газарэгулятарных пунктаў ён перамог сёлета ў рэспубліканскім галіновым конкурсе. Як зазначае сам слесар па абслугоўванні газавага абсталявання, нічога надзвычайнага для перамогі рабіць не давялося: проста належным чынам выконваць сваю справу.

— Газавікамі не нараджаюцца, а становяцца, –  упэўнена кажа Андрэй Васільевіч, які за сем гадоў працы ў арганізацыі змог стаць добрым спецыялістам.

Андрэй Абражэй віншуе ўсіх работнікаў нафтавай, газавай і паліўнай прамысловасці з надыходзічым святам і жадае моцнага здароўя, удачы ў справах, дастойных заробкаў.

СПОРТ, ПРАЦА, ПЕСНЯ

У народзе кажуць, як чалавек умее адпачываць, так ён і да працы здольны. У вытворчым упраўленні “Дзятлаварайгаз” умеюць бавіць вольны час творча, актыўна, спартыўна і нават вынікова.

Доказам таму – удзел у шматлікіх галіновых спаборніцтвах, пераважна – з поспехам. У гэтым годзе ўпершыню арганізацыя прымала на Дзятлаўшчыне, на беразе Маўчадкі, абласны турыстычны злёт, у якім бралі ўдзел работнікі ўсіх упраўленняў унітарнага прадпрыемства “Гроднааблгаз”. Нашы газавікі праявілі сябе не толькі гасціннымі гаспадарамі, але і добрымі спартсменамі, паказаўшы добрыя вынікі.

У абласной галіновай спартакіядзе, у якой ВУ “Дзятлаварайгаз” прадстаўлялі мужчынская каманда па міні-футболе і зборная па лёгкай атлетыцы, нашы спартсмены занялі залатую сярэдзіну сярод арганізацый вобласці.

Але сапраўдны поспех работнікі газавай галіны раёна мелі на абласным творчым конкурсе, прысвечаным 70-годдзю вызвалення Беларусі ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў. З Гродна нашы самадзейныя артысты вярнуліся з высокімі ўзнагародамі. Уладзімір Данільчык атрымаў дыплом першай ступені ў намінацыі “вакал”. Разам з Аляксандрам Пятроўскім яны сталі “сярэбраным” дуэтам канцэрта-конкурсу. Уладзімір Сенькавец упершыню паспрабаваў сябе ў гутарковым жанры – і адразу паспяхова: выдатнае другое месца і нагода павышаць дасягненне на наступны год.

Тэкст і фота Наталлі Авярчук



Теги:

Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *