Моладзь Дзятлаўшчыны разам у справах і адпачынку

Спорт і турызм

6 верасня 2002 года два грамадскія аб’яднанні — «Беларускі патрыятычны саюз моладзі» і «Беларускі саюз моладзі» — зліліся ў адно і ўтварылі «Беларускі рэспубліканскі саюз моладзі». Менавіта 6 верасня і лічыцца днём стварэння ГА «БРСМ». На працягу дванаццаці гадоў гэтая арганізацыя аб’ядноўвае неабыякавых людзей, якія імкнуцца зрабіць сваё жыццё і жыццё сваіх равеснікаў актыўным, яркім, асэнсаваным.

Як жыве моладзь Дзятлаўшчыны, якія справы прывабліваюць юнакоў і дзяўчат нашага раёна, да чаго яны імкнуцца і аб чым мараць, карэспандэнтка газеты пацікавілася ў першага сакратара раённай арганізацыі ГА «БРСМ» А. Чурай.

— Анастасія, яшчэ адзін год прайшоў разам з «Беларускім рэспубліканскім саюзам моладзі». Якім ён быў і што найбольш запомнілася?

— Год быў адзначаны важнай падзеяй: у Беларусі, ва ўсіх яе рэгіёнах, у тым ліку і на Дзятлаўшчыне, прайшлі справаздачна-выбарчыя канферэнцыі ГА «БРСМ». Адпаведна, пачаўся новы этап дзейнасці арганізацыі: прааналізаваны і ацэнены вопыт работы за справаздачны перыяд, пастаўлены новыя мэты, дадзены новыя ўстаноўкі. А таму можна спадзявацца, што наступныя тры гады стануць яшчэ больш насычанымі і цікавымі для моладзі Беларусі.

Калі ўзгадваць найбольш знакавыя і запамінальныя падзеі, то сярод іх варта назваць нашы перамогі. Гэта першае месца ў абласным фінале конкурсу праектаў «100 ідэй для Беларусі» ў навучэнцаў Казлоўшчынскага сельскагаспадарчага ліцэя. Іх распрацоўкі былі адасланы ў Мінск. Рэалізацыя праектаў-пераможцаў прадаўжаецца. Лепшыя з іх могуць атрымаць грашовыя гранды на ажыццяўленне ідэй. Яшчэ адно першае месца на абласным конкурсе «Валанцёр года «Добрае Сэрца» ў валанцёрскага атрада гімназіі №1 горада Дзятлава. Удалы мінулагодні дэбют нашага раёна на абласным этапе рэспубліканскага конкурсу «Уладар сяла», дзе сям’я Ананкаў заняла ганаровае чацвёртае месца. «Бронзавая» перамога дуэта Максіма Юганава і Данііла Гушчы на абласным этапе фестывалю патрыятычнай песні. Трэцяе месца механізатара СВК «Дварэц-Агра» Аляксандра Кастусіка ў сёлетніх абласных спаборніцтвах на сяўбе. А таксама высокія дасягненні моладзі раёна ў спаборніцтвах на жніве-2014 сярод камбайнавых экіпажаў, на адвозцы зерня, сярод маладых інжынераў і аграномаў.

Сярод найбольш запамінальных падарожжаў — паломніцтва ў Мінск да дароў Вешчуноў валанцёраў БРСМ «Добрае Сэрца»; удзел прадстаўнікоў раёна ў турніры па неарэнным лазертагу ў Нясвіжы; нядаўняя паездка на фестываль феерверкаў у Ваўкавыск.

— Чаго вы як першы сакратар раённай арганізацыі ГА «БРСМ» чакаеце ад моладзі Дзятлаўшчыны, што імкнецеся прывіць маладым людзям?

— Найбольш чакаю ініцыятыўнасці і жадання зрабіць што-небудзь добрае для іншых. Для мяне паміж словамі маладосць і ініцыятыва стаіць знак «роўна». Хачу, каб маладыя людзі вызначаліся не толькі на месцах у сваіх калектывах, але каб пра іх таленты ведалі ў раёне, вобласці, рэспубліцы. Гэта ж выдатна, калі ёсць лідары, ёсць кім ганарыцца. Не менш чакаю наватарскіх ідэй. Сама з кожным годам адкрываю для сябе шмат новага і цікавага, пераймаю вопыт у калегаў з іншых рэгіёнаў, стараюся на практыцы выкарыстоўваць новыя формы работы. Важна, каб і моладзь раёна была крэатыўнай, праяўляла жаданне дапамагчы, уносіла свае прапановы, арыгінальныя ідэі, тады раённыя мерапрыемствы будуць запамінальныя, масавыя, багатыя на станоўчыя эмоцыі. Маладосць — гэта той час, калі ёсць магчымасць рэалізаваць сябе, знайсці новых сяброў, пашырыць свой кругагляд, вядома, калі мець жаданне.

У час работы імкнуся прывіць маладому пакаленню пачуццё патрыятызму. І, на мой погляд, яно павінна пачынацца з любові і гонару за малую радзіму, за землякоў, ветэранаў вайны, якія падарылі нам мірнае неба над галавой. Важна паважаць старэйшае пакаленне, пераймаць у нашых бацькоў і дзядоў усё лепшае. Узаемная павага і гонар за ўчынкі і справы старэйшых — гэта вытокі патрыятычных пачуццяў. Наступны год мы святкуем 70-годдзе Вялікай Перамогі, і хочацца, каб у сэрцах маладых беларусаў засталася памяць аб людзях, якія на ўласныя вочы бачылі Вялікую Айчынную вайну. Важнейшую ролю тут іграе духоўнае асэнсаванне іх подзвігаў, каб сумная гісторыя ніколі не паўтарылася на нашай зямлі.

Не менш імкнуся прывіваць моладзі элементарныя нормы здаровага ладу жыцця. Як кажуць: моладзь — наша ўсё. А «спайсы», алкаголь, тытунёвыя вырабы могуць яшчэ больш абвастрыць дэмаграфічную праблему. Мы можам страціць будучыню нашай краіны. Таму прапаганда здаровага ладу жыцця стаіць нараўне з патрыятызмам. Дзеля нашай Беларусі, дзеля нашай будучыні давайце звяртаць на гэтыя складальнікі асаблівую ўвагу.

— Якія мерапрыемствы на Дзятлаўшчыне прымеркаваны да дня нараджэння ГА «БРСМ»?

— На працягу ўсяго верасня пройдзе шэраг мерапрыемстваў, прымеркаваных да гэтай даты. Так, 7 верасня ў нас запланавана моладзевая паездка на фестываль коннага спорту ў Шчучын. На 12 верасня рыхтуем адкрыты раённы турнір па пейнтболе сярод камандаў арганізацый і ўстановаў раёна з запрашэннем камандаў з Ліды і Навагрудка. Будзе вельмі цікава, і яшчэ ёсць час падаць заяўкі. Каманда-пераможца атрымае кубак турніру і прызы. Удзельнікі, якія найбольш вызначацца, будуць узнагароджаны спецыяльнымі граматамі.

Таксама ў сетцы Інтэрнэт на сайце brsm.by і ў групе Дзятлаўскай раённай арганізацыі ГА «БРСМ» «ВКонтакте» жадаючыя змогуць пакінуць свае арыгінальныя пажаданні і віншаванні да дня нараджэння Беларускага рэспубліканскага саюза моладзі. Лепшыя аўтары атрымаюць падарункі.

— Анастасія, а якія планы ў раённай арганізацыі надалей?

— У лістападзе мы будзем ладзіць традыцыйную сустрэчу для маладых спецыялістаў раёна. Прымем удзел у падрыхтоўцы провадаў юнакоў у войска. На пачатку наступнага года арганізуем конкурс на лепшую пярвічку сярод працоўнай моладзі раёна. Ну і, вядома, прадоўжым удзел у падрыхтоўцы да святкавання 70-годдзя Вялікай Перамогі. Дарэчы, нядаўна стартаваў тэматычны рэспубліканскі моладзевы праект «70 добрых спраў», мэтай якога з’яўляецца клопат аб ветэранах і ўдзельніках вайны: наведванні, віншаванні, дапамога па гаспадарцы. Ужо на верасень у межах моладзевага марафону «70!» запланавана сустрэча моладзі з ветэранамі Вялікай Айчыннай вайны, якія жывуць на Дзятлаўшчыне, для стварэння дакументальнай стужкі памяці.

— Традыцыйныя пажаданні ад вас для моладзі раёна.

— Найперш, скарыстаўшыся магчымасцю, хачу падзякаваць старшыні райвыканкама Івану Іосіфавічу Крахмальчыку, намесніку старшыні райвыканкама Мікалаю Валер’евічу Мацюкевічу, выконваючаму абавязкі начальніка аддзела ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі Аляксандру Уладзіміравічу Камарову, іншым спецыялістам аддзелаў райвыканкама за вялікую ўвагу да моладзі, падтрымку ў нашых справах і пачынаннях. Мы ўдзячныя кіраўнікам арганізацый, гаспадарак, установаў, службаў раёна за супрацоўніцтва і спадзяёмся, што і надалей яно будзе не менш плённым.

Моладзі раёна і іх родным жадаю моцнага здароўя, натхнення, ажыццяўлення творчых задумак, гарманічных адносінаў з равеснікамі і калегамі. У прафесійным плане — высокіх дасягненняў і майстэрства, задавальнення ад справы, якую робіш. Ніколі не заставайцеся раўнадушнымі да падзеяў у вашай пярвічнай арганізацыі, раёне, вобласці, краіне. Ну і, памятайце: будучыню Радзімы ствараць маладым. Чакаем вашых ідэй!

Гутарыла Іріна КАЎКЕЛЬ



Теги:

Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *