Дзень Казанскай іконы Божай Маці, 4 лістапада, быў адметным для Дзятлаўшчыны.
У аграгарадках Жукоўшчына і Таркачы чын асвячэння памятных знакаў, закладзеных у гонар 1030-годдзя праваслаўя на Беларусі і 30-годдзя адраджэння Навагрудскай епархіі , здзейсніў архіепіскап Навагрудскі і Слонімскі Гурый, якому саслужылі благачынны цэркваў Дзятлаўскай акругі іерэй Іаан Кісель і духавенства благачыння.
На дзятлаўскай зямлі Уладыку Гурыя гасцінна сустракалі намеснік старшыні райвыканкама Дзмітрый Баравік, старшыня Жукоўшчынскага сельвыканкама Валерый Верамейчык, дырэктар КСУП “Жукоўшчына” Васіль Алясюк, спецыялісты, мясцовыя жыхары. З вітальным словам звярнуўся настаяцель царквы ў гонар Свяціцеля Мікалая вёскі Нагародавічы іерэй Іаан Яровіч:
– Ваша высокапраасвяшчэнства, 27 гадоў таму вы ўзначалілі Навагрудскую кафедру і ўвесь гэты час з Божай дапамогай ведзяце епархію дзеля нашага выратавання. Мы памятаем гады, калі наша епархія была на мяжы разбурэння, калі на вашы плечы лягло яе адраджэнне, будаўніцтва і самае адказнае – папячэнне паствы. Ад усёй душы віншуем вас са святам Казанскай іконы Божай Маці і малітоўна жадаем вам працы ў славу нашай Маці Царквы, каб Гасподзь вам дараваў сілы, каб разам з вамі мы і надалей маглі ўпрыгожваць Навагрудскую епархію дзеля агульнага выратавання і пакінулі будучым пакаленням прыемныя ўспаміны.
Пасля малітвы Уладыка Гурый асвяціў памятны знак.
– Дарагія браты і сёстры, віншую ўсіх з асвячэннем, – звярнуўся да духавенства і вернікаў Уладыка Гурый. – Святы Крыж з’яўляецца нашым надзейным абаронцам, які ахоўвае нас ад усялякіх бедстваў, стыхіі, пажараў. Уцешна бачыць ваш добраўпарадкаваны аграгарадок Жукоўшчына. Гэта сведчыць аб тым, што вы працаўнікі, любіце сваю зямлю і адказна да яе адносіцеся. Дай Бог, каб мы заўжды сумленна працавалі на карысць Айчыны і дзеля ўратавання сваіх душаў, каб памяталі словы святых, якія казалі: “Каб дасягнуць Царства нябеснага, трэба быць годным грамадзянінам зямной Айчыны”. Радасці вам, міру, дабрабыту, Божага благаславення.
За пабудову памятнага знака Уладыка Гурый ад Навагрудскай епархіі ўручыў медаль Прападобнага Елісея Лаўрышскага Васілю Алесюку, падзяку – Валерыю Верамейчыку.
У Таркачах старшыня Данілавіцкага сельвыканкама Ігар Кухарэвіч, дырэктар ААТ “Граніт-Агра” Станіслаў Мазур, спецыялісты і вернікі таксама павіталі архіепіскапа хлебам-соллю. Зазначылі, што адкрыццё памятнага знака – значная і добрая справа, якая аб’ядноўвае людзей, робіць дабрэйшымі, злучае нябеснае і зямное.
З вітальным словам да Уладыкі Гурыя звярнуўся настаяцель царквы Нараджэння Прасвятой Багародзіцы гарпасёлка Наваельня протаіерэй Валерый Мануйла:
– Ваша высокапраасвяшчэнства, учыніце вашу свяціцельскую малітву, асвяціце памятны знак – часоўню сію – і благаславіце ўсіх нас.
Пасля чына асвячэння Уладыка Гурый павіншаваў вернікаў, падзякаваў усім, хто прымаў удзел ва ўстраенні памятнага знак і ўручыў Архіерэйскую грамату Станіславу Мазуру, Падзяку – Аляксандру Ляшэвічу.
На развітанне ён пажадаў дзятлаўчанам, каб у іх сэрцах панавалі Божая благадаць і мір, каб Гасподзь дапамагаў у справах дабра.
Ірына СТЫРНІК
Подписывайтесь на телеграм-канал «Дятлово ОНЛАЙН» по короткой ссылке @gazeta_peramoga