Верныя сваёй справе.

Штогод у лістападзе сваё прафесійнае свята адзначаюць тыя, чыя служба была і застаецца адной з самых запатрабаваных у сістэме органаў унутраных спраў – гэта ўчастковыя інспектары міліцыі. Менавіта яны бліжэй за ўсё да людзей, да іх першых звяртаюцца па дапамогу. У аддзеле ўнутраных спраў Дзятлаўскага райвыканкама гэту пасаду займаюць 12 чалавек. Ёсць сярод іх вопытныя ў сваёй справе праваахоўнікі, ёсць і зусім маладыя, але старанныя і амбіцыёзныя. Як жа праходзіць іх служба і з чым прыходзіцца сутыкацца кожны дзень?

Галоўнае ў рабоце – давер людзей

Ужо 25 гадоў служыць у органах унутраных спраў Дзмітрый Плаўскі. За гэтыя гады атрымаў званне маёра міліцыі, набыў вялікі вопыт, высокі прафесіяналізм. Нездарма сёлета яго імя было занесена на раённую Дошку гонару. Заслужана і пачэсна, але сам Дзмітрый Станіслававіч сціпла гаворыць: “Значыць, праца апраўдалася, пастаўленыя задачы выконваліся”. Дарэчы, задач і абавязкаў у праваахоўніка нямала.

– Участковы інспектар – той чалавек, які ўнікае ва ўсе праблемы, першы, да каго звяртаюцца па дапамогу, – расказвае Дзмітрый Плаўскі. – Мы адпрацоўваем жылы сектар, даводзім інфармацыю грамадзянам (на сёння актуальна пра махлярствы, крадзяжы), пад асаблівай увагай у нас асобы, якія вядуць асацыяльны лад жыцця, злоўжываюць спіртнымі напоямі, бывае, накіроўваем іх у ЛПП, наведваем сем’і, якія знаходзяцца ў сацыяльна небяспечным становішчы.

Работы шмат, і яна вельмі адказная, але Дзмітрыю Станіслававічу падабаецца, і больш мяняць яе не плануе. Пачынаў сваю працоўную дзейнасць у органах унутраных спраў менавіта на гэтай пасадзе, затым 16 гадоў быў оперупаўнаважаным аддзялення крымінальнага вышуку і з 2023 года зноў стаў участковым інспектарам міліцыі. Цяпер у зоне яго адказнасці адміністрацыйны ўчастак Вензавецкага сельскага савета.

– Участак, на якім працую, даволі спакойны, – адзначае праваахоўнік. – Парушэнні, безумоўна, выяўляюцца, але большасць жыхароў – людзі сумленныя, якія прыслухоўваюцца да маіх просьбаў, парадаў. Участковаму неабходна ўмець размаўляць з людзьмі, бо да кожнага чалавека патрэбны індывідуальны падыход. З кімсьці дастаткова пагаварыць, і ён усё зразумее, а бываюць і такія, хто ўпэўнены ў сваёй праваце і ніякіх аргументаў у свой адрас не прымае. Прыходзіцца прымяняць усю строгасць закона і сур’ёзныя меры.

Галоўным у сваёй рабоце Дзмітрый Плаўскі лічыць давер людзей:

– Важна, калі людзі не баяцца звярнуцца да міліцыянера, а прыходзяць, бо ведаюць, што ты ім абавязкова дапаможаш. Прыемна, калі потым дзякуюць.

У вольны час Дзмітрый Станіслававіч любіць хадзіць на рыбалку, паляванне, займаецца халодным каваннем, робіць вырабы з дрэва.

Калегам да прафесійнага свята жадае стойкасці духу, мужнасці, упэўненасці ў сваіх дзеяннях і рашэннях.

Кожнаму хочацца дапамагчы

Толькі першыя крокі ў прафесіі робіць Дзяніс Барук, які з дзяцінства марыў стаць міліцыянерам. Пасля службы ў арміі нядоўгі час працаваў рабочым па комплексным абслугоўванні будынкаў і збудаванняў і ўсё ж вырашыў пайсці ў органы ўнутраных спраў. Тры месяцы праходзіў вучобу ў Цэнтры падрыхтоўкі, павышэння кваліфікацыі і перападрыхтоўкі кадраў МУС Рэспублікі Беларусь у Гаранях. З 2023 года служыць у міліцыі, спачатку быў на ізалятары часовага ўтрымання, а з пачатку гэтага года – участковы інспектар міліцыі ў Данілавіцкім сельскім савеце.

– На маім участку людзі добрыя і сумленныя. Вядома, бываюць і тыя, хто ўчыняе парушэнні, але спраўляемся, – расказвае Дзяніс Аляксандравіч. – Звяртаюцца з рознымі пытаннямі, найчасцей – з просьбамі прафілактыкі, пагаварыць з ненадзейнымі асобамі – п’янымі, скандалістамі, паўплываць на іх.

Малады праваахоўнік дзеліцца, што напачатку цяжэй за ўсё было працаваць з дакументамі, бо тут павінна быць дакладнасць, нельга памыляцца. Цяпер ужо разабраўся, калі штосьці незразумела, старэйшыя калегі заўжды падкажуць і дапамогуць. Сваім настаўнікам лічыць  вопытнага ўчастковага Аляксандра Скварчынскага, цесна супрацоўнічае і са старшынёй сельвыканкама Ігарам Кухарэвічам.

– Работа ўчастковым інспектарам мне вельмі падабаецца, – дзеліцца Дзяніс Барук. – Шмат увагі надаю прафілактыцы, наведваю адзінокіх грамадзян, асабліва сталага ўзросту, бо пачасціліся выпадкі тэлефоннага махлярства. Ім прыходзіцца тлумачыць, як не трапіць на хітрасць злачынцаў. У маёй рабоце ўсё цікава, кожны дзень – штосьці новае. І ўсім хочацца дапамагчы, але разумееш, што не заўсёды гэта магчыма.

Дзяніс Аляксандравіч цяпер малодшы лейтэнант, але хоча стаць як мінімум маёрам. Таксама ў планах паступіць у Магілёўскі інстытут МУС Рэспублікі Беларусь, а самая запаветная мара – атрымаць чорны берэт.

Хоць малады праваахоўнік родам са Слонімскага раёна, але палюбіў Дзятлаўшчыну.

– Мне тут падабаецца, нікуды не хачу больш ехаць, – дзеліцца Дзяніс Аляксандравіч. – Пакуль буду ўчастковым інспектарам міліцыі, каб набрацца вопыту, а затым, можа, паспрабую іншы напрамак дзейнасці ў органах унутраных спраў.

Усіх калег віншуе са святам і жадае моцнага здароўя, цярпення, сямейнага дабрабыту, ніколі не здавацца і быць вернымі сваёй справе.

Святлана ГРЫШЫНА

Подписывайтесь на телеграм-канал «Дятлово ОНЛАЙН» по короткой ссылке @gazeta_peramoga

Похожие публикации