Абласную перамогу ў сваю скарбонку дадалі лідары занальнага этапу рэспубліканскага моладзевага праекта “100 ідэй для Беларусі” Аляксей Умоўскі і яго педагог Сяргей Сокал з Новаяльнянскай сярэдняй школы імя А. А. Шаўчук з праектам “Пясочная батарэя цеплавой энергіі”, намінацыя “Энергетыка, у тым ліку атамная энергетыка, і энергаэфектыўнасць”.
У тэхнапарку Гродзенскага дзяржаўнага ўніверсітэта імя Я. Купалы прайшоў абласны тур конкурсу, дзе 33 праекты ў розных сферах абаранялі занальныя лаўрэаты. Яшчэ Дзятлаўшчыну прадстаўляла новаяльнянка Лізавета Маліка з праектам “Камп’ютарная гульня “Брыгада Заслонава”, яна адзначана сертыфікатам.
Журы адабрала 18 лепшых работ у дзвюх катэгорыях: сярэднія спецыяльныя ўстановы адукацыі і моладзь, якая працуе. Эксперты ўлічвалі не толькі актуальнасць і навізну ідэй, але і практычную значнасць, магчымасць рэалізаваць інавацыйны вопыт.
– Уражанні ад паездкі ў Гродна станоўчыя, бо было прадстаўлена шмат дастойных работ, я пазнаёміўся з цікавымі людзьмі, – расказаў Аляксей Умоўскі. – Прызнацца, поўнай упэўненасці, што выйду ў лідары намінацыі, не было, аднак на гэта спадзяваўся.

– Чым членаў экспертнага савета зацікавіла пясочная батарэя?
– Як было адзначана, спадабалася менавіта тое, што з дапамогай падобнага прыстасавання можна амаль бясплатна ўсю зіму грэць дом.
– Раскажы падрабязней, які прынцып работы ў прыбора?
– Мы з Сяргеем Уладзіміравічам сканструявалі рабочую мадэль абагравальніка, а рэальны ў разліку на жылы дом плошчай сто квадратаў запатрабуе па такім жа прынцыпе выкарыстаць тры кубаметры пяску.
Награецца наша пясчаная батарэя ад электрасеткі, таксама для гэтага можна выкарыстоўваць ветраўстаноўкі, гідраэлектрастанцыі.
У аснове рабочай мадэлі муфельная школьная печка, а дакладней яе корпус, куды і насыпаны пясок. Корпус печкі паставілі ў металічную бочку большага аб’ёму, а пустую прастору паміж імі ў некалькі слаёў запоўнілі ізаляцыйным матэрыялам – атрымаўся эфект тэрмаса. Корпус і пясок у ім награваюцца ад электрычнасці. На пясочнай батарэі ўстаноўлены электрычны блок і кантролер для падтрымання неабходнай тэмпературы пяску. Ёсць аўтаматычны выключальнік, цвёрдацельнае рэле і вальтметр, што дапамагае аўтаматызаваць працэс. Цяпло з пясочнай батарэі паступае ў памяшканне па паветраводах, а цыркуляцыю паветра ў прыборы забяспечвае вентылятар.
Як паказалі нашы разлікі, за суткі работы пясок губляе ўсяго паўтара градуса, а калі ўзяць больш якасны ізалятар, то каафіцыент карыснага дзеяння павышаецца.
Пры выкарыстанні пясочнай батарэі для ацяплення жылых дамоў не абавязкова разглядаць новабудоўлі. Паставіць такі агрэгат (зразумела, што ён будзе значна большага памеру для трох кубаметраў пяску) можна ў склепе ці гаспадарчым памяшканні даўно эксплуатуемага жылога дома.
– Аляксей, як вам з настаўнікам прыйшла ідэя стварэння такой інавацыйнай батарэі?
– З Сяргеем Уладзіміравічам мы ўбачылі, што ў адным з фінскіх пасёлкаў пачалі майстраваць кацельню аналагічнага прынцыпу дзеяння на 100 тон пяску для абагрэву многіх дамоў. Мы ж вырашылі стварыць аўтаномны агрэгат для аднаго дома, а дакладней яго рабочую мадэль, якую і прадстаўляем на конкурсе “100 ідэй для Беларусі”. Рэалізацыя праекта была каманднай работай, значны ўклад у яе ўнёс яшчэ і навучэнец нашай школы Максім Луня.
– Як ты рыхтуешся да рэспубліканскага этапу праекта?
– Хаджу ў гурток да Сяргея Уладзіміравіча, дзе мы пастаянна займаемся тэхнічнай дзейнасцю, што спрыяе ўдасканаленню маіх уменняў і навыкаў. Увогуле, у далейшым мару аб інжынернай прафесіі, бо люблю вывучаць прынцып дзеяння розных прыбораў, толькі з кірункам пакуль не вызначыўся. Мне многае цікава, не толькі ў тэхнічнай сферы. Яшчэ захапляюся валейболам, футболам, рыбалкай.
– Чаго пажадаеш іншым школьнікам?
– Не баяцца рабіць штосьці новае. Адшукаць сабе справу па душы і развівацца ў ёй.
Ірына СТЫРНІК
Фотаздымкі ўдзельнікаў
Подписывайтесь на телеграм-канал «Дятлово ОНЛАЙН» по короткой ссылке @gazeta_peramoga
#нашалепшае #нашелучшее