Творчая майстэрня. Пруток да прутка пляце ўмелая рука

Важнае Культура і адпачынак

Сакрэтамі работы з лазой дзеліцца Сяргей Балыкоў.

Рэчы з натуральных матэрыялаў заўсёды застаюцца запатрабаванымі і моднымі, бо яны не толькі прыгожыя, але і прыемныя на дотык, экалагічныя, жывыя.

Карыснымі “спадарожнікамі” побыту беларусаў ва ўсе часы былі прадметы з лазы. Менавіта гэты драўнінны матэрыял нашы продкі выкарыстоўвалі для пляцення дзіцячых калысак, якія падвешвалі пад столь. Магчыма, “люлькі” нагадвалі прашчурам буслянкі, таму спакон веку існуе легенда, што немаўлятак прыносяць менавіта буслы. Далей на працягу жыцця месцічы выкарыстоўвалі галінкі гнуткага, пладавітага, лёгкадаступнага вербалозу для пляцення карысных рэчаў, стварэння прыродных агароджаў, нават у будаўніцтве. Ну і, вядома ж, з пачаткам восеньскага ўраджайнага сезона сяляне не абыходзіліся без надзейных “памочнікаў” – кошыкаў, у якія збіралі садавіну і агародніну.

Цяпер пры нашым хуткаплынным жыцці вельмі важна, каб ранейшыя самабытныя рамёствы беларусаў не былі забытыя нашчадкамі, каб і надалей служылі вераю-праўдаю. Менавіта адно з больш старажытных народных майстэрстваў Беларусі – лозапляценне – на Дзятлаўшчыне адраджае майстар-рамеснік з Дварца Сяргеей Балыкоў. Многія нашы землякі ўжо знаёмы з Сяргем Аляксандравічам, бо часта сустракаюць яго ў “горадзе майстроў” амаль на ўсіх раённых святах і фестывалях, аднак дварэцкі майстар нярэдка выязджае са сваёй прадукцыяй і за межы раёна, каб паўдзельнічаць у кірмашах, правесці майстар-класы і праславіць аграгарадок “плёнам рук сваіх”.

 

Дзятлаўчане, калі падыходзяць набыць у Сяргея Балыкова яго філігранную прадукцыю, па-свойску, не задумваючыся, называюць яго “зямляк”. Аднак на самой справе ў Дварэц сям’я Сяргея Аляксандравіча прыехала з расійскага горада Грознага ў далёкім 1992 годзе. Родам з гэтых мясцін была бабуля жонкі, і “другую палавінку” цягнула ў сінявокую Беларусь, у выніку было прынята лёсавызначальнае рашэнне аб пераездзе. Доўгія тры дзесяцігоддзі з “маленькім хвосцікам” Балыковы жывуць і працуюць у нашай краіне, а паколькі “прыстанкам” для сябе выбралі менавіта глыбінку, то актыўна падтрымліваюць і папулярызуюць яе лепшыя традыцыі. Вось і старадаўняе рамяство лозапляцення, характэрнае для беларускіх вяскоўцаў, як кажуць, з галавой захапіла Сяргея Аляксандравіча, які не любіць сядзець без справы. Нюансам і тонкасцям работы з гэтым прыродным матэрыялам ён навучыўся самастойна, адшукваючы неабходную інфармацыю і відэа ў інтэрнэце. Віртуальная прастора і па цяперашні час дапамагае ўдасканальваць веды, знаходзіць новыя ідэі для будучых твораў і папулярызаваць работы.

Творчая калекцыя майстра “прырастае” з кожным днём, нягледзячы на тое, што на такія прыгожыя рэчы заўсёды знаходзяцца пакупнікі. Чаму б і не! У гаспадарцы заўсёды спатрэбяцца плеценыя кашы і кошычкі, куфры для бялізны, а прывабныя хлебніцы, сухарніцы, вазы стануць дастойным упрыгажэннем інтэр’ера, што ўжо казаць пра зручныя крэслы і адметныя домікі для хатніх гадаванцаў.

Сяргей Аляксандравіч – вельмі цікавы і творчы чалавек, пра сваё захапленне ён можа расказваць бясконца, а таксама перадае карыснае рамяство наведвальнікам аб’яднання па інтарэсах “Чароўная лаза”, што працуе на базе Дварэцкага дома культуры, з гатоўнасцю ладзіць ва ўстанове майстар-класы для гасцей аграгарадка, якіх цікавіць побытавая культура беларусаў.

– Людзі часта ходзяць па лясах і палях, але мала зважаюць на прыродныя багацці. Прырода ж можа даць чалавеку ўсё, пачынаючы ад посуду, заканчваючы мэбляй і харчаваннем, – любіць паўтараць майстар для сваіх слухачоў. – Тое, што мы прывыклі называць “лазой” – гэта вярбовыя пароды драўнінных раслін. Найчасцей знайсці іх можна ў нізкіх балоцістых мясцінах, якіх досыць у розных кутках Беларусі.

Як прызнаўся майстар, з нядаўняга часу ён пачаў на прысядзібным участку сам вырошчваць больш мяккія і зручныя для апрацоўкі сартавыя пароды вярбы, а да гэтага нарыхтоўваў яе ў дзікай прыродзе.

– Найлепшы сезон, каб назапасіць пруткоў для будучых работ, надыходзіць з кастрычніка па сакавік, калі спыняецца рух соку, – тлумачыць Сяргей Аляксандравіч. – Пасля зрэзкі нарыхтаваны матэрыял неабходна 3-4 гадзіны паварыць, каб лягчэй абкорваўся, затым высушыць і пакалібраваць, бо менавіта ў такім выглядзе ён захоўваецца. Перад пляценнем галінкі трэба зноў адмачыць. Такім чынам этап падрыхтоўкі займае 85 % часу і толькі 15 % – само пляценне, і яно для мяне нібы свята.

За майстрам сапраўды прыемна назіраць у працэсе работы, асабліва калі за яе ён садзіцца ў народным строі. Белая расшытая кашуля нібыта свеціцца, вакол Сяргея Аляксандравіча ствараецца той асаблівы арэал, які прываблівае падысці бліжэй, паназіраць за рухамі ўмелых рук і на ўласныя вочы ўбачыць, як нараджаецца чарговы шэдэўр. Багатая і каляровая гама яго работ. Ад сонечна-светлых, з летняй лазы, да паласатых, у якія ўплецены карычнявата-чырвоныя, пафарбаваныя ў шалупенні ад цыбулі пруткі, ці чарнаватыя – у медным купаросе, сустракаюцца і з металічным адценнем, якое, па словах майстра, надаецца пры замочванні нарыхтаванага матэрыялу з алюмініевымі вырабамі.

Сярод апошніх цікавінак, якія пакарыліся таленту Сяргея Балыкова, – плеценыя штамбавыя вярбовыя дрэўцы, некалькі з іх можна пабачыць на газоне перад Дварэцкім домам культуры. Сакрэтамі стварэння такіх упрыгажэнняў аўтар таксама падзяліўся:

– У красавіку-маі ў вядзерцы з зямлёй я ўтыкаю прыкладна паўтараметровыя свежыя вярбовыя пруткі і заплятаю, як мне трэба, затым сачу, ці з’явіліся ў дрэўцаў карэньчыкі. Калі ёсць, “перасяляю” маладняк на пастаяннае месца жыхарства. З рухам соку ў такіх дрэвах пачынаюць адрастаць зялёныя верхавінкі. Іх трэба падразаць, надаючы форму шара. Атрымліваецца вельмі акуратна і арыгінальна. Падобныя ўпрыгажэнні будуць дарэчы як уздоўж паркавых дарожак, так і для аздаблення асобных зон прысядзібнага ўчастка.

Гэта толькі невялікая частка таго, што ведае і ўмее дварэцкі майстар па лозапляценні Сяргей Балыкоў. На дасягнутым ён спыняцца не збіраецца, таму, упэўнена, што наперадзе будзе нямала нагодаў для новых цікавых матэрыялаў пра яго захапленне. Можна таксама наведацца ў аграгарадок Дварэц – прыгожае паселішча з багатай гістарычнай спадчынай, “дакрануцца” да мінуўшчыны і пабачыць усе мясцовыя адметнасці на ўласныя вочы.

Тэкст і фота Ірыны СТЫРНІК

Подписывайтесь на телеграм-канал «Дятлово ОНЛАЙН» по короткой ссылке @gazeta_peramoga