Прафесійнае свята. Яны абараняюць прыроду

Галоўнае Грамадства

У Сусветны дзень аховы навакольнага асяроддзя 5 чэрвеня сваё прафесійнае свята адзначаць супрацоўнікі Дзятлаўскай раённай інспекцыі прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяроддзя.

Гэта зусім маленькі калектыў – два чалавекі – начальнік інспекцыі Дзмітрый Балькоўскі і галоўны спецыяліст Андрэй Лявончык, у полі зроку якіх нямала актуальных для ўсіх нас пытанняў, якія датычацца захавання і зберажэння прыродных багаццяў раёна. Якіх? Пра гэта – у інтэрв’ю з Дзмітрыем Георгіевічам.

– Некалькі словаў пра святочную дату?

– Кропкай адліку пры вызначэнні даты ўтварэння нашай прыродаахоўнай службы стала пастанова Савета Міністраў БССР ад 29 жніўня 1960 года № 480. На створаны Дзяржкамітэт ускладаліся, ускладзены і зараз, абавязкі па захаванні, аднаўленні і ўзбагачэнні прыродных рэсурсаў, кантролі за іх рацыянальным выкарыстаннем. Пастаянна ў полі зроку спецыялістаў інспекцыі, вядома ж, парадак на зямлі.

– Як характарызуецца Дзятлаўскі раён у разрэзе вашай службы?

– Тэрыторыя нашага раёна знаходзіцца ў межах Нёманскай нізіны на поўначы і захадзе, на ўсходзе – ля падножжа Навагрудскага ўзвышша. Рэльеф узнёсла-раўнінны. Пераважае вышыня 140-200 метраў над узроўнем мора. Самы высокі пункт – 283 метры (на паўночным усходзе ад горада Дзятлава). Асноўныя рэкі: Нёман, Моўчадзь, Дзятлаўка, Шчара, Пад’яварка. На рацэ Моўчадзь пабудавана Гезгалаўскае і Навасёлкаўскае вадасховішчы. Карысныя выкапні: торф, пясчана-жвіровы матэрыял, будаўнічыя пяскі, мел, гліны, сапрапелі, радонавыя воды.

Сярэдняя тэмпература студзеня – — 6,1 °С, ліпеня – +17,6 °С. Ападкаў выпадае 620 мм у год.

– Інспекцыя трымае на кантролі захаванне прыродных “жамчужын”. У нас яны якія?

– Ахоўныя прыродныя тэрыторыі складаюць 4,4 % ад плошчы раёна. Сярод іх Рэспубліканскі ландшафтны заказнік “Ліпічанская пушча”, ландшафтны заказнік мясцовага значэння “Трасцянка-Маргаль”, геалагічны помнік прыроды рэспубліканскага значэння “Камень-волат”. На тэрыторыі раёна перададзена пад ахову 43 месцы вырастання 15 відаў дзікарослых раслін (арніка горная, цыбуля мядзведжая, зубянка цыбульная, берула прамая, баранец звычайны, жывучка пірамідальная і іншыя) і 8 месцаў пражывання 4 відаў дзікіх жывёлаў (драч, зімародак звычайны, чорны бусел, шэры журавель), занесеных у Чырвоную кнігу Рэспублікі Беларусь. За апошнія 5 гадоў у выніку ўзмацнення дзяржаўнага кантролю за аб’ектамі жывёльнага свету ўдалося прыкметна павялічыць колькасць дзікіх капытных жывёлаў. Напрыклад, колькасць зубра ў 2018 годзе складала 18 асобін, у 2023 годзе іх колькасць павялічылася ў 2,2 раза, зараз іх 40. Колькасць лася за год павялічылася з 275 жывёлаў у 2022 годзе да 303 у 2023 годзе, казулі з 1250 да 1270.

– Якая работа праводзіцца па ахове навакольнага асяроддзя?

– Адзін з важных напрамкаў у рабоце – навядзенне парадку на зямлі. Значная ўвага гэтаму надаецца кіраўніцтвам раёна, актыўна працуюць па ахове навакольнага асяроддзя ў сельвыканкамах, садзейнічанне аказваюць кіраўнікі суб’ектаў гаспадарання, з разуменнем ставіцца большасць жыхароў раёна. Сумеснымі намаганнямі робіцца шмат.

Праводзяцца кантрольныя мерапрыемствы па недапушчэнні забруджвання зямель бытавымі адходамі, стварэння несанкцыянаваных звалак. Станоўча на стан навакольнага асяроддзя ўплывае арганізацыя кантэйнерных пляцовак для збору адходаў. Раздзельны іх збор дазваляе атрымаць другасныя рэсурсы. Гэта павінен разумець кожны дзятлаўчанін.

Ёсць у Дзятлаўскім раёне і значныя прыклады прыцягнення прыватнага бізнесу ў пытанні вырашэння важных экалагічных праблем. Напрыклад, ТАА “Завод палімерных тэхналогій” ажыццяўляе нарыхтоўку і перапрацоўку адходаў поліэтылену і поліпрапілену.

Акцэнт робім на абароне зямель пры вядзенні рамонтных і будаўнічых работ з мэтай захавання ўрадлівага пласта глебы. У прыватнасці, у гэтай сувязі праводзіцца рэкультывацыя ўнутрыгаспадарчых кар’ераў пасля здабычы пяску, жвіру.

Парадку на зямлі спрыяе работа ў сельсаветах па спілоўванні аварыйных дрэваў, пахаванні пустуючых дамоў і падмуркаў з наступным увядзеннем раней невыкарыстоўваемых зямель у севазварот.

Таксама праводзяцца работы па ліквідацыі інвазіўных раслін, у прыватнасці, баршчэўніку Сасноўскага і сумніку, якія ў нашым раёне асабліва распаўсюджаны. Прымяненне навейшых хімпрэпаратаў дазваляе не дапусціць далейшага разрастання шкодных для экалогіі раслін або значна зменшыць іх арэал.

У заключэнне хацелася б пажадаць усім жыхарам Дзятлаўшчыны спрыяць і актыўна ўдзельнічаць у ахове навакольнага асяроддзя. Бо шмат у чым экалагічны стан нашай планеты і малой радзімы, краіны залежыць ад кожнага з нас. Давайце берагчы прыроду, жыць з ёй у гармоніі і рабіць усё, каб наш край быў чыстым і квітнеючым!

Ірына КАМАРОВА

Подписывайтесь на телеграм-канал «Дятлово ОНЛАЙН» по короткой ссылке @gazeta_peramoga