Любімы горад, красуй у стагоддзях. Дзятлаву – 525! Лепшы падарунак – кніга, у тым ліку для горада.

Галоўнае Грамадства

Многія дзятлаўчане і госці нашага райцэнтра ўжо заўважылі, што ў лакацыі паміж гімназіяй № 1 горада Дзятлава і кінатэатрам “Спадарожнік” з’явіўся новы малы архітэктурны аб’ект – клумба ў форме разгорнутай кнігі.

Цікава было даведацца, хто стваральнік гэтай прыгажосці. Як аказалася, кніга-кветнік – падарунак аддзела адукацыі райвыканкама нашаму гораду да яго 525-годдзя ў рамках аб’яўленай тэматычнай акцыі “Наш падарунак да юбілею”, паўдзельнічаць у якой і пакінуць добры след у гісторыі райцэнтра можа любы жадаючы.

Больш падрабязна пра стварэнне аб’екта расказала начальнік аддзела адукацыі райвыканкама Марына Лашкоўская:

– Мы з задавальненнем уключыліся ў акцыю, бо жадаем бачыць родны горад прыгожым, чыстым, добраўпарадкаваным, тым больш што набліжаюцца два важныя і адметныя святы: 525-годдзе горада Дзятлава і Дзень Незалежнасці Рэспублікі Беларусь. Вырашылі, што нашым падарункам павінна быць менавіта кніга – сімвал навукі і адукацыі. Спонсарамі і рэалізатарамі праекта сталі кіраўнікі ўстановаў адукацыі раёна, якія з гатоўнасцю ўключыліся ў работу. Падборам кветак для кнігі-клумбы займалася таксама наша работніца – метадыст раённага метадычнага кабінета і біёлаг па адукацыі Кацярына Дуброўская. Ухіл быў зроблены на доўгі перыяд цвіцення і на тое, каб у нашай кнізе з’явіліся не толькі старонкі, але і радкі.

Літарамі ў гэтых радках сталі цынерарыі, традэсканцыі, ільвіны зеў, а пасланнем, напісаным “на мове кветак”, – пажаданне для землякоў. Так кожнаму жыхару нашага цудоўнага горада мы жадаем шчасця, дабрабыту і міру. Няхай дзень за днём працвітае і развіваецца наш любімы райцэнтр і становіцца толькі лепшым. Жадаем, каб усе жыхары Дзятлава атрымлівалі асалоду ад кожнай хвіліны, якую пражываюць тут.

Тэкст і фота Ірыны СТЫРНІК 

Подписывайтесь на телеграм-канал «Дятлово ОНЛАЙН» по короткой ссылке @gazeta_peramoga



Теги: