Дасягненні. Выйгралі фінансаванне на рэалізацыю ініцыятывы

Галоўнае Грамадства

Праект Дзятлаўскага раённага цэнтра дадатковай адукацыі дзяцей і моладзі сярод пераможцаў ІІ сезона конкурсу моладзевых ініцыятываў.

Афіцыйна агучаны пераможцы ІІ сезона конкурсу моладзевых ініцыятываў, арганізатарам якога з’яўляецца Міністэрства адукацыі, каардынатарам – Беларускі рэспубліканскі саюз моладзі.

На выніковым пасяджэнні былі разгледжаны 48 праектаў-фіналістаў, 20 з якіх названы лепшымі і атрымаюць фінансаванне на рэалізацыю з рэспубліканскага бюджэту. Сярод іх праект Дзятлаўскага раённага цэнтра дадатковай адукацыі дзяцей і моладзі – “Дадатковая адукацыя, дзіцячыя і моладзевыя грамадскія аб’яднанні Дзятлаўшчыны ў датах, падзеях, асобах”.

Як удалося выйсці ў рэспубліканскія лідары, расказала дырэктар установы Таццяна Ваніслаўчык:

– Паколькі арганізатарам конкурса з’яўляецца Міністэрства адукацыі Рэспублікі Беларусь, аб яго правядзенні інфармавалі і галоўнае ўпраўленне адукацыі Гродзенскага аблвыканкама, і аддзел адукацыі Дзятлаўскага райвыканкама, а прыняць удзел у конкурсе нас запрасіў раённы камітэт ГА “БРСМ” як каардынатар правядзення на раённым узроўні. Вырашылі заявіцца з ініцыятывай па стварэнні раённага музея дадатковай адукацыі. Задумалі яго яшчэ і як цэнтр грамадзянска-патрыятычнай, культурна-адукацыйнай і інфармацыйнай работы з моладдзю ў маштабах усяго раёна. Да дзейнасці музея плануем актыўна далучаць дэпутатаў моладзевага парламента пры раённым Савеце дэпутатаў, членаў раённага савета ГА “БРПА”, мяркуем, што наш музей стане дзейснай пляцоўкай актыўнага дыялогу моладзі.

Стварэнню праекта музея папярэднічала маштабная пошукава-даследчая работа, якую пачалі ў 2018 годзе. Вывучалі гісторыю ўстановы ад Дома піянераў і школьнікаў, заснаванага ў 1956 годзе, да цяперашняга часу. Рыхтаваліся да дзвюх знакавых падзей: 100-гадовага юбілею сістэмы дадатковай адукацыі дзяцей і моладзі Рэспублікі Беларусь і 100-годдзя з дня стварэння Усесаюзнага Ленінскага камуністычнага саюза моладзі. Сабралі значны пласт гістарычнага, даследчага, пошукавага матэрыялу. У выніку былі створаны праекты такіх экспазіцый як “Старонкі нашай гісторыі” (раздзелы “З гісторыі Дзятлаўскага дома піянераў і школьнікаў”, “Дзятлаўскі раённы цэнтр дадатковай адукацыі дзяцей і моладзі сёння”), а таксама “Дзіцячыя і моладзевыя грамадскія аб’яднанні на Дзятлаўшчыне: даты, падзеі, асобы”, “Наш гонар” (аб выпускніках, навучэнцах, педагогах, самых значных дасягненнях на працягу існавання ўстановы, калектывах, якія дзейнічалі на яе базе).

Яшчэ адным важным вынікам праведзенай работы стала стварэнне Летапісу ўстановы. З ім ужо заваявалі перамогу ў двух маштабных конкурсах: абласным творчым праекце “Старонкі гісторыі ўстановаў дадатковай адукацыі дзяцей і моладзі Гродзеншчыны” і абласным конкурсе даследчых работ да 100-годдзя сістэмы дадатковай адукацыі Рэспублікі Беларусь.

Каб эфектыўна арганізаваць кірунак дзейнасці будучага музея як цэнтра грамадзянска-патрыятычнай работы з моладдзю, на ўзроўні моладзевага парламента распрацавалі праект “цяпліцы” ініцыятываў. Ён уключае ў сябе пляцоўку актыўнага дыялогу па абмеркаванні важных і актуальных пытанняў ролі моладзі ў сучасным беларускім грамадстве. Разглядаем і магчымасць стварэння ў рамках “цяпліцы” адукацыйнай пляцоўкі па навучанні лідараў дзіцячых і моладзевых грамадскіх аб’яднанняў практычным навыкам распрацоўкі і рэалізацыі сацыяльна значных праектаў і ініцыятываў, аўтарскіх сацыяльных франшыз моладзі, іншага.

Для прапаганды гістарычных славутасцяў, культурнай і прыроднай спадчыны малой радзімы, стварэння станоўчага вобразу Дзятлаўшчыны як турыстычнага рэгіёна, ёсць задумка на базе будучага музея праводзіць майстар-класы па скетчынгу, стварэнні віртуальных сэлфі-тураў па гісторыка-культурных аб’ектах і памятных мясцінах Дзятлаўшчыны, па традыцыйнай беларускай народнай дэкаратыўна-прыкладной творчасці.

Вось такім мы бачым і прэзентавалі свой музей на конкурсе моладзевых ініцыятываў. З атрыманнем грашовага сертыфіката работа па яго стварэнні выйдзе на зявяршальны этап.

Ірына СТЫРНІК

Подписывайтесь на телеграм-канал «Дятлово ОНЛАЙН» по короткой ссылке @gazeta_peramoga



Теги: