Адпачывайце з камфортам

Важнае Грамадства

Ужо пачаўся купальны сезон і дзятлаўчане могуць атрымліваць асалоду ад адпачынку каля вады.

Многія жыхары райцэнтра накіроўваюцца на пляж на гарадскім возеры.

У адпаведнасці з планам мерапрыемстваў па падрыхтоўцы пляжаў да купальнага сезона перад раённым унітарным прадпрыемствам жыллёва-камунальнай гаспадаркі быў пастаўлены шэраг задач, якія трэба было выканаць у тэрмін. І наша камунальная служба справілася. Прычым справілася лепш за ўсіх у вобласці. Пры традыцыйным, абавязковым інспектаванні пляжаў, іх прыёмцы напярэдадні купальнага сезона старшыня Гродзенскай абласной арганізацыі АСВОД Сяргей Вінаградаў адзначыў, што дзятлаўскі пляж падрыхтаваны своечасова і ў адпаведнасці з усімі нормамі, таму і прызнаны лепшым. Сяргей Альбертавіч падзякаваў за якасную работу, адказны падыход да арганізацыі бяспечнага і камфортнага адпачынку людзей на вадаёме і ўручыў падзякі і памятныя падарункі ад абласной арганізацыі АСВОД начальніку Дзятлаўскага РУП ЖКГ Васілію Пецюку і яго намесніку Віктару Дзедулю.

У Дзятлаве пляж забяспечаны кабінкамі для пераапранання, ценявымі навесамі, крыніцамі пітной вады, туалетам, кантэйнерамі для смецця. Закупленна душавая кабінка, плануецца ўстаноўка сістэмы відэаназірання. Літаральна ўчора камунальнікі ўстанавілі арэлі – яшчэ адна радасць для дзятвы.

Таксама ёсць агароджаная, абазначаная буйкамі тэрыторыя для купання, дно якой загадзя праверана і ачышчана. Паколькі пляж афіцыйны, то на ім рэгулярна праводзіцца забор і аналіз вады спецыялістамі раённага цэнтра гігіены і эпідэміялогіі, таму адпачывальнікі могуць быць поўнасцю ўпэўненымі ў яе бясшкоднасці для здароўя.

Нагадаем: на тэрыторыі нашага раёна вызначаны два месцы для купання – пляж санаторыя “Радон” і пляж на гарадскім возеры ў Дзятлаве.

Яны адпавядаюць усім неабходным патрабаванням, таксама там ёсць абсталяваныя пасты і наладжана дзяжурства матросаў-ратаўнікоў, якія вядуць пастаяннае назіранне за адпачывальнікамі.

Не ігнаруйце правілы паводзінаў на вадзе і не дазваляйце рабіць гэта дзецям.

Ірына КАМАРОВА
Фота прадастаўлены раённай арганізацыяй АСВОД

Подписывайтесь на телеграм-канал «Дятлово ОНЛАЙН» по короткой ссылке @gazeta_peramoga



Теги: