Зберажом лес ад агню

Важнае Здарэнні і бяспека

Штогод з надыходам цяпла служба Дзяржаўнай лясной аховы лясгаса сутыкаецца з фактамі вясновых палаў сухой травы і верагоднасцю лясных пажараў, якія ўзнікаюць у выніку спальвання леташняй сухой расліннасці.

Трава гарыць паўсюль: на ўзбочынах і адхонах аўтамабільных дарог, чыгункі, на дачных участках, на прыдамавой тэрыторыі. Пры яе згаранні над зямлёй сцелецца з’едлівы дым, які абцяжарвае дыханне. Палы з’яўляюцца прычынай пажараў у лясах і на тарфяніках, пакутуе прырода, у выніку такіх пажараў знішчаюцца не толькі асобныя будынкі, але і населеныя пункты, а нярэдка гінуць людзі. Як правіла, прычынай падобных трагедый з’яўляецца бестурботнасць, а часам – злачынна-нядбайныя дзеянні грамадзян.

Каб не дапусціць падобнага, ахова лесу Дзятлаўскага лясгаса нагадвае:

— за незаконнае выпальванне сухой расліннасці, траваў на корані, а таксама іржышча і пажніўных рэшткаў на палях або непрыняцце мер па ліквідацыі палаў на зямельных участках – штраф ад 10 да 30 базавых велічыняў;

— за раскладванне вогнішчаў у забароненых месцах – штраф да 12 базавых велічыняў;

— калі ў выніку выпальвання сухой травы агонь распаўсюдзіцца на лясны масіў, то такія дзеянні таксама могуць быць расцэнены як крымінальныя. За знішчэнне або пашкоджанне лесу ў выніку неасцярожнага абыходжання з агнём, якое нанесла шкоду ў асабліва буйным памеры – крымінальная адказнасць згодна з артыкулам 276 Крымінальнага кодэкса Рэспублікі Беларусь.

Калі вы ўсё ж вырашылі спаліць смецце, рабіце гэта толькі ў зацішнае надвор’е, пад пастаянным кантролем, пры абавязковай наяўнасці першасных сродкаў пажаратушэння і на бяспечнай адлегласці ад збудаванняў. Памятайце, што толькі свядомыя паводзіны і строгае выкананне правілаў пажарнай бяспекі дапаможа вам пазбегнуць трагічных наступстваў.

Міхаіл КАРЭНКА,
інжынер па ахове і абароне лесу

Подписывайтесь на телеграм-канал «Дятлово ОНЛАЙН» по короткой ссылке @gazeta_peramoga