“Школа міру” цяпер і на Дзятлаўшчыне

Галоўнае Грамадства

У праекце “Сетка школ міру Рэспублікі Беларусь” ужо прымаюць удзел 26 установаў агульнай сярэдняй, прафесійна тэхнічнай і сярэдняй спецыяльнай адукацыі нашай краіны. Першай на Дзятлаўшчыне ў яго ўключылася Новаяльнянская сярэдняя школа, якой 12 мая прысвоены статус “Школа міру”.

Ва ўрачыстасці з гэтай нагоды, якая пачалася пад гукі духавога аркестра, прымалі ўдзел прадстаўнікі раённай і мясцовай улады, дэпутаты, педагогі, школьнікі, новаяльнянцы.

– Вы першыя ў раёне прымаеце ўдзел у праекце, жадаю быць у ліку лепшых у вучобе, спорце, сяброўстве, – звярнуўся да навучэнцаў і педкалектыву старшыня раённага Савета дэпутатаў Аляксандр Бараноўскі. – Віншую з дасягненнямі, якіх ужо дабіліся, жадаю новых поспехаў і быць заўжды дастойнымі таго звання, якое атрымліваеце.

Кранальнымі вершамі пра мір, стваральную працу і братэрства прысутных павіталі навучэнцы першых класаў установы, таксама школьнікі падрыхтавалі пранікнёныя песні.

– Вы не проста першая, а адзіная на Дзятлаўшчыне ўстанова, якая будзе насіць статус “Школа міру”, – падкрэсліла намеснік старшыні райвыканкама, яна ж старшыня раённай арганізацыі ГА “Беларускі фонд міру” Вольга Жэлезоўская. – Яго сапраўды трэба заслужыць. На сёння на Гродзеншчыне ўсяго 4 “Школы міру”. Гэты міжнародны праект, у Беларусь ён прыйшоў два гады таму. Па ацэнцы работы вашай установы зроблена выснова, што мясцовыя юныя міратворцы і школа дастойны насіць гэты статус. Дзейнасць мясцовых педагогаў скіравана на грамадзянска-патрыятычнае выхаванне, вы дапамагаеце ветэранам, даглядаеце помнікі, падтрымліваеце адзінокіх пажылых людзей, прытрымліваецеся здаровага ладу жыцця, вашы сэрцы напоўнены дабрынёй, якую несяце свету. Жадаю, каб так было заўжды. У рамках мерапрыемства на школьным падворку сёння будзе высаджаны яшчэ і “Бэз Перамогі — Сад міру”. З 2011 года гэта акцыя крочыць па ўсім свеце. Супрацоўнікі Акадэміі навук Беларусі сумесна са спецыялістамі батанічнага саду ў гонар Перамогі ў Вялікай Айчыннай вайне і палкаводцаў вывелі розныя гатункі бэзу. Мы разам закладзём аднайменную бэзавую алею (усяго 20 саджанцаў). Спадзяюся вы будзеце яе даглядаць і ўзгадваць аб бессмяротных подзвігах нашых воінаў і герояў.

Вольга Антонаўна ўручыла дырэктару ўстановы Алене Кругловай пасведчанне аб прысваенні статуса “Школа міру”. У гонар гэтага ў сонечнае неба з рук дзяцей узняліся белыя галубы – сімвал мірнага жыцця і стварэння.

Ва ўрачыстай абстаноўцы з выступленнем агітбрыгады, прынясеннем клятвы і павязваннем шалікаў у рады міратворцаў праекта “Сетка школ міру Рэспублікі Беларусь” былі прыняты навучэнцы 7 класа – актыўныя ўдзельнікі сацыяльна значных акцый, прапагандысты ідэяў дабра, міру, справядлівасці.

Міру з Богам, людзьмі і самімі сабой усім прысутным пажадаў настаяцель храма Нараджэння Прасвятой Багародзіцы Валерый Мануйла.

– Для нас гэта вельмі важны і знакавы дзень,– падрахункавала вынікі ўрачыстай часткі дырэктар Новаяльнянскай сярэдняй школы Алена Круглова. – Мы разумеем, што статус “Школа міру” – вялікі гонар і разам з тым значная адказнасць. Ад імя педкалектыву дзякую за давер і высокую ацэнку нашай работы старшыні Гродзенскай абласной арганізацыі ГА “Беларускі фонд міру” Івану Калбаску і раённага аб’яднання – Вользе Жэлезоўскай. Мы абяцаем і надалей праслаўляць малую радзіму і пасёлак Наваельня. Паколькі гэта міжнародны праект, спадзяёмся, што пра нашу ўстанову даведаюцца не толькі ў Беларусі, але і за яе межамі.

Святочную сустрэчу прадоўжыў працоўны дэсант. Дзякуючы дружным намаганням гасцей і гаспадароў, якія пабраліся за рыдлёўкі і палівачкі, вельмі хутка на новае месца жыхарства – зялёную зону ўздоўж школьнай агароджы – перасяліліся далікатныя саджанцы бэзу розных гатункаў. Пройдзе год-два, і алея ў рамках праекта “Бэз Перамогі — Сад міру” майскімі днямі парадуе людзей дружнай рознакаляровай квеценню і прыемным водарам. Будзе вельмі сімвалічна, калі гэта адбудзецца менавіта да 80-годдзя Перамогі савецкага народа у Вялікай Айчыннай вайне.

Ірына СТЫРНІК    

Подписывайтесь на телеграм-канал «Дятлово ОНЛАЙН» по короткой ссылке @gazeta_peramoga