Прафарыентацыя, занятасць, перападрыхтоўка кадраў

Свежыя навіны Эканоміка і сельская гаспадарка

У незалежнай Беларусі дзяржаўная служба занятасці насельніцтва пачынае адлік сваёй гісторыі з 30 мая 1991 года.

Менавіта тады быў прыняты Закон “Аб занятасці насельніцтва Рэспублікі Беларусь”, які стаў асновай для стварэння цэнтраў занятасці ва ўсіх раёнах нашай краіны і паслужыў нарматыўнай базай функцыянавання службы.

На Дзятлаўшчыне ў лютым 2007 года Цэнтр занятасці быў далучаны да ўпраўлення па працы і сацыяльнай абароне райвыканкама і ператвораны ва ўпраўленне па працы, занятасці і сацыяльнай абароне райвыканкама, якое працуе і па сённяшні дзень.

За час свайго існавання, а гэта ўжо больш за 30 гадоў, рэспубліканская служба значна пашырыла напрамкі сваёй работы. Цяпер ключавым інструментам рэгулявання занятасці насельніцтва выступаюць дзяржаўныя праграмы садзейнічання занятасці. Прыярытэтнымі напрамкамі мерапрыемстваў дзяржпраграм з’яўляюцца аказанне дапамогі грамадзянам у пошуку прыдатнай работы, садзейнічанне беспрацоўным у арганізацыі прадпрымальніцкай і рамеснай дзейнасці, а таксама дзейнасці па аказанні паслугаў у сферы аграэкатурызму, не застаюцца па-за ўвагай пытанні арганізацыі прафесійнай арыентацыі, падрыхтоўкі, перападрыхтоўкі і павышэння кваліфікацыі беспрацоўных, арганізацыі аплатных грамадскіх работ або арганізацыі перасялення беспрацоўных і членаў іх сем’яў у іншую мясцовасць на новае месца жыхарства і работы, забеспячэння мэтавай падтрымкі і сацыяльнай абароны грамадзян, якія страцілі работу.

На Дзятлаўшчыне важкі ўклад у развіццё службы занятасці раёна ў свой час унеслі былыя работнікі сферы: дырэктар Дзятлаўскага раённага цэнтра занятасці насельніцтва Алена Юрчык, галоўныя спецыялісты – Марыя Мілейка, Таццяна Кулеш (дарэчы, цяпер яна працуе ў камітэце па працы, занятасці і сацыяльнай абароне Гродзенскага аблвыканкама), Марыя Пачабыт, Ірына Кіслая.

Віншуем ветэранаў службы і ўсіх спецыялістаў сферы з прафесійным святам, жадаем моцнага здароўя, шчасця і дабрабыту. Няхай у Год міру і стварэння ўсім нам спадарожнічаюць стваральная праца, поспех, а над галавой будзе мірнае неба роднай краіны.

Ірына БАРАВІК,
намеснік начальніка аддзела па працы і занятасці ўпраўлення па працы, занятасці і сацыяльнай абароне райвыканкама

Подписывайтесь на телеграм-канал «Дятлово ОНЛАЙН» по короткой ссылке @gazeta_peramoga