Пагутарылі аб нязменных каштоўнасцях

Важнае Грамадства

Размову аб каштоўнасці чалавечага жыцця і граху дзетазабойства праз аборты з навучэнцамі старэйшых класаў установаў адукацыі горада Дзятлава правялі праваслаўныя святары.

Благачынны цэркваў Дзятлаўскай акругі іерэй Іаан Кісель расказаў удзельнікам мерапрыемства, што на базе епархіяльнага аддзела па пытаннях сям’і, абароны мацярынства і дзяцінства Навагрудскай епархіі Беларускай Праваслаўнай Царквы функцыянуе Цэнтр абароны мацярынства і сямейных каштоўнасцяў у гонар Жыровіцкай іконы Божай Маці, кіраўніком якога з’яўляецца іерэй Пётр Ткачэнка. Разам з яшчэ адным святаром епархіі, Аляксандрам Гракам, яны прывезлі ў Дзятлава тэматычную выставу “Ратуй узятых на смерць”.

Выступаючы перад школьнікамі, айцец Пётр звярнуўся да праблемы абортаў не толькі з духоўнага, але і з медыцынскага і маральнага пунктаў гледжання. Расказаў, як мянялася стаўленне да іх на працягу розных перыядаў нашай гісторыі, паразважаў над роляй жанчын і мужчын у прыняцці падобных рашэнняў, закрануў пытанне шкоды для жаночага арганізма і ўплыву на развіццё чалавецтва ў цэлым, прывёў сумныя лічбы статыстыкі і заклікаў моладзь сур’ёзна і адказна адносіцца да ўступлення ў шлюб і сямейных каштоўнасцяў.

Напрыканцы выступоўца пажадаў прысутным Божай дапамогі, любіць, цаніць і аберагаць жыццё, а ў далейшым – стаць шчаслівымі любячымі бацькамі сваім дзецям.

Ірына СТЫРНІК

Подписывайтесь на телеграм-канал «Дятлово ОНЛАЙН» по короткой ссылке @gazeta_peramoga