Падзяліліся сакрэтамі 100-бальных вынікаў

Важнае Грамадства

У нашай краіне сталі вядомыя вынікі цэнтралізаванага экзамену.

У такім фармаце беларускія адзінаццацікласнікі здаюць іспыты з гэтага года ўпершыню. Радуе, што на Дзятлаўшчыне ўжо з’явіліся першыя стабальнікі.

Як расказала намеснік начальніка аддзела адукацыі райвыканкама Алена Жадзейка, імі сталі гімназісткі Паліна Загдай і Лізавета Белавус, абедзве здавалі беларускую мову і рыхтаваліся ў педагога Аксаны Ванчук, трэцяя стабальніца – выпускніца сярэдняй школы № 3 горада Дзятлава Валерыя Лазута выбрала цэнтралізаваны экзамен па рускай мове, яе педагог Алена Ляўковіч. Увогуле ж, усе выпускнікі адзінаццатых класаў нашага раёна на першым іспыце па ЦЭ пацвердзілі свае гадавыя адзнакі.

Цікава было даведацца ў некаторых дзяўчынак, як удалося атрымаць максімальную адзнаку і чаго яны чакаюць ад дарослага жыцця.

Паліна Загдай:

– Сваю будучыню планую звязаць з лінгвістыкай. Да цэнтралізаванага экзамену па беларускай мове рыхтавалася з настаўніцай Аксанай Іосіфаўнай, займалася і самападрыхтоўкай, узмоцнена паўтарала і адпрацоўвала праграму на працягу апошніх двух гадоў. Здала ўжо і чакаю вынікаў другога цэнтралізаванага экзамену па англійскай мове, наперадзе – ЦТ па гісторыі Беларусі. Далёка не загадваю, але спадзяюся на добрыя балы. Калі казаць пра сакрэты поспеху, то найперш – гэта старанне і стрэсаўстойлівасць, а яшчэ напярэдадні іспыту абавязкова трэба добра выспацца, быць спакойным і ўраўнаважаным, калі выконваеш заданні. Цяперашнім дзесяцікласнікам я жадаю больш увагі надаваць выбраным прадметам, запасціся цярпеннем, менш “стрэсаваць” і, вядома ж, удачы ў наступным годзе на ЦЭ.

Лізавета Белавус:

– Мяркую, што дабіцца стабальнага выніку па беларускай мове мне дапамагла тая база, што была закладзена алімпіядамі па прадмеце, у якіх паспяхова ўдзельнічаю з 6 класа. З рэпетытарамі не займалася, большасць ведаў атрымала ад сваёй настаўніцы Аксаны Іосіфаўны ў гімназіі, старалася і сама.

Дарослае жыццё мяркую звязаць з медыцынай, а для гэтага ўжо здала другі цэнтралізаваны экзамен па біялогіі, 26 чэрвеня буду здаваць ЦТ па хіміі. Спадзяюся, і па гэтых дысцыплінах усё будзе добра. Што тычыцца сакрэтаў поспеху на шляху да 100 балаў, то тут усё індывідуальна. Напрыклад, для мяне было важна “прагнаць” матэрыял з настаўніцай і паўтарыць дома самастойна, а перад экзаменам добра адпачыць. З раніцы хвалявання не адчувала, пачыналася яно ў аўдыторыі, затое напрыканцы, калі выходзіла за дзверы, да мяне вяртаўся спакой. Сёлетнім дзесяцікласнікам для далейшай паспяховай здачы іспытаў раю паставіць перад сабой канкрэтныя мэты і ўпэўнена да іх ісці, перавагу аддаць падрыхтоўцы, аднак знаходзіць крыху часу і на адпачынак.

Ірына СТЫРНІК
Фотаздымкі прадастаўлены выпускніцамі

Подписывайтесь на телеграм-канал «Дятлово ОНЛАЙН» по короткой ссылке @gazeta_peramoga