Мікалай Струпавец: “Галоўнае – павага да людзей”

Галоўнае Эканоміка і сельская гаспадарка

Пагодлівым майскім днём, калі ў кветніках пачынае зацвітаць бэз, а ў садах свае далікатныя бела-ружовыя кветачкі выпускаюць яблыні, 80-ы дзень нараджэння адсвяткаваў Мікалай Струпавец, якога ў раёне добра ведаюць як былога дырэктара ААТ “Новаяльнянская міжрайсельгасхімія”.

Важкую дату на асабістым календары Мікалая Мікалаевіча не пакінулі па-за ўвагай. У дзень нараджэння са шчырымі віншаваннямі і падарункамі да юбіляра завіталі старшыні раённага аб’яднання прафсаюзаў Аляксандр Дубовік, раённай арганізацыі прафсаюза работнікаў аграпрамысловага комплексу Уладзімір Казак, савета ветэранаў Міхаіл Губар.

Імянінніку зычылі моцнага здароўя, актыўнага даўгалецця, бадзёрасці духу, клопату і ўвагі родных людзей, радасных дзён і абавязкова дажыць да “сотні”.

Цёплая сустрэча для Мікалая Струпаўца стала нагодай узгадаць мінулае, пагартаць старонкі біяграфіі, спыніўшыся на адметных падзеях жыцця.

Юбіляр расказаў, што нарадзіўся ён на Слонімшчыне ў вёсцы Заверша. У бацькоўскай сям’і гадавалася трое дзяцей, дзе Мікалай быў старэйшым, таму шмат дамашняй работы ляжала менавіта на яго плячах. У юнацтве далёкіх ад дома шляхоў не шукаў: па заканчэнні 10 класаў паступіў на тэхніка-механіка ў мясцовы Жыровіцкі тэхнікум механізацыі сельскай гаспадаркі. Працоўную дзейнасць пачынаў слесарам Слонімскай райсельгастэхнікі. У 1963 годзе быў прызваны на тэрміновую службу ў Савецкую Армію. Тры гады Мікалай адслужыў у Прыкарпацкай ваеннай акрузе ў ракетных войсках стратэгічнага прызначэння ў аддзяленні запраўкі ракетнага паліва.

Пасля вяртання на малую радзіму прадоўжыў працоўную дзейнасць механікам у калгасе імя Кірава. На роднай Слонімшчыне знайшоў і сваю другую палавінку – Рэгіну Уладзіміраўну, пачалося сямейнае жыццё. Аднак малады работнік разумеў, што ў яго ёсць задаткі і жаданне спасцігаць новыя веды і ўдасканальвацца ў прафесіі, а таму паступіў на завочнае аддзяленне Беларускага інстытута механізацыі сельскай гаспадаркі на спецыяльнасць інжынера-механіка. Гэта паспрыяла таму, што праз некалькі гадоў Мікалаю Мікалаевічу прапанавалі пасаду інжынера ў Сялецкім спецаддзяленні сельгастэхнікі, і маладая сям’я пераехала на Навагрудчыну. А праз некаторы час паклікалі і на Воранаўшчыну, ужо на больш адказную пасаду – галоўнага інжынера. Як вопытнага спецыяліста, які прайшоў розныя прыступкі сельскіх спецыяльнасцяў, добра ведае справу і станоўча сябе зарэкамендаваў на ўсіх участках, у 1985 годзе Мікалая Струпаўца прызначылі кіраўніком Новаяльнянскай  міжрайсельгасхіміі. У далейшым пасля рэарганізацыі прадпрыемства ў адкрытае акцыянернае таварыства ён прадоўжыў яго ўзначальваць ужо як дырэктар аж да самага выхаду на пенсію ў 2013 годзе.

На пытанне, што лічылі самым важным для сябе ў той перыяд, Мікалай Мікалаевіч без ваганняў адказвае:

– Галоўнае – гэта павага да людзей, уменне іх разумець, падтрымліваць. У нашым калектыве было каля сотні чалавек. Абслугоўвалі Дзятлаўскі, Навагрудскі, Карэліцкі раёны, а сродкамі хімабароны наогул забяспечвалі ўсю Гродзенскую вобласць. Толькі аўтамабільны парк арганізацыі налічваў каля 80 адзінак тэхнікі для дастаўкі такіх грузаў гаспадаркам-спажыўцам. У суткі прыходзіла да 30 вагонаў хімпрадукцыі. Дзякуючы зладжанай рабоце калектыву з году ў год Новаяльнянская сельгасхімія была нязменным лідарам у вобласці. Дзякуючы паспяховай фінансавай дзейнасці вялі будаўніцтва як вытворчае, так і жылля. Былі ўзведзены склады аміячнай вады і КАСу, пабудаваны 20-і і 24-кватэрныя жылыя дамы.

У працоўнай скарбонцы Мікалая Мікалаевіча дзясяткі ўзнагарод рознага ўзроўню і ўдзячнасць землякоў. Цяпер ён – пенсіянер са “стажам”, аднак і на заслужаным адпачынку сумаваць і сядзець без справы не ўмее. Займаецца домам і агародам, даглядае пладовыя дрэўцы на ўчастку. Радуюць бацьку і дзеці: дачка Алена жыве ў Мінску, працуе ў сферы гандлю, сын Сяргей – электраманцёр, жыве і працуе ў Брэсце. А яшчэ ён шчаслівы дзядуля траіх унукаў, адна з якіх – унучка Марыя – з дзяцінства займаецца балетам, яе выступленні можна пабачыць на сцэне сталічнага тэатра оперы і балета.

Родныя любяць збірацца разам. Не забываюць былога дырэктара і яго ранейшыя калегі: тэлефануюць, дзеляцца навінамі, цікавяцца пра здароўе, сустракаюцца разам яны і на сходах акцыянераў. Як зазначае юбіляр, калектыў сельгасхіміі быў дружным, таму ўспомніць заўсёды ёсць пра што.

Сучаснай моладзі Мікалай Мікалаевіч жадае ведаць родную гісторыю, цаніць мінулае, любіць сваю краіну і ўпэўнена глядзець у будучыню.

Ірына СТЫРНІК

Подписывайтесь на телеграм-канал «Дятлово ОНЛАЙН» по короткой ссылке @gazeta_peramoga



Теги: