Любімы горад, красуй у стагоддзях. Дзятлаву – 525! Паходжанне назвы Зецела

Важнае Хто крылы расправіў на роднай зямлі

Cучасная назва горада – Дзятлава — адрозніваецца ад старажытных, зафіксаваных гістарычнымі крыніцамі: Зецела, Здзецель, Здзенцель, Дзенцел, Здзечаль, Здзецел.

Яшчэ ў ХІХ стагоддзі і ў даваенныя гады мясцовае насельніцтва часцей выкарыстоўвала назву Зецела (Зецел). Старажытны тапонім, які захаваўся ў народнай гаворцы, — сведчанне ўстойлівасці лінгвістычных каранёў і гістарычнай памяці народа.

Адлік існавання сённяшняга Дзятлава пачынаецца з 1498 г., калі вялікі князь літоўскі Аляксандр падараваў паселішча Зецела з воласцю КанстанцінуIванавічу Астрожскаму. Падараваў менавіта не голыя абшары, не пусташ –а населеныя, здаўна абжытыя людзьмі мясціны. Астрожскаму быў дадзены дазвол  на пабудову драўлянага замка ў Зецеле.  Гэта дакументальны сведка паселішча – факт яго існавання на той час. Але гісторыя Зецела пачынаецца не з 1498 г., а намнога раней.

Так, Іпацьеўскі летапіс ад 1253 года засведчыў ваеннае сутыкненне і перамогу войска Літвы над галіцка-валынскім войскам: «…и послаша сторож Литва на озере Зьято и гнашачерез болота реки ІЦары…».  Даследчык А. П. Непакупны вызначыў, што назва возера Зьято  стала асноваю слова ў назве старажытнага Зецела. Суфікс «ела» ўжываецца толькі ў выпадках, калі  возера знаходзіцца ля вытоку альбо ў рэчышчы ракі, па назве якой паселішча і атрымала назву. Лінгвістычная ідэя А. П. Непакупнага была даследавана ў розных накірунках.

Ля вытоку рэчкі Дзятлаўкі і ў рэчышчы на поўнач ад Дзятлава, ніжэй па цячэнню, ў бок в. Засецце, знаходзяцца наслаенні торфу. У дакуменце XVI ст. пішацца пра вёску Засецце, побач з якой знаходзіўся «застенокь … сеножатный надь рекою Здетелкою обаполь  реки, которого есть волока целая сь полем и сь кустовьемь». Поле, парослае кустамі, магло сведчыць аб затарфаванасці рэчышча. Возера Зьято знаходзілася  менавіта тут, паміж населенымі пунктамі Засецце і Дзятлава. Назва возера прысутнічае ў абодвух тапонімах і падобна па гучанню да літоўскага дзеяслова sieti, што азначае «звязваць», «злучаць».

Непадалёк ад вёскі Засецце ў рэчку Дзятлаўку ўпадае  злева рачулка Патыльты і, крыху  ніжэй па цячэнню,  з правага боку, — Карачоўка. Яшчэ ніжэй абодвух суток Дзятлаўка рэзка паварочвае ўправа, наткнуўшыся на  пясчаную граду, што і магло паслужыць утварэнню прыроднага «штучнага» возера. Такім чынам, балцкамоўная назва возера, якая бытавала ў навакольнага насельніцтва, сведчыла пра ролю возера: яно звязвала, злучала дзве рачулкі ў рэчышчы Дзятлаўкі. Магчыма, назва возера ў той час у мясцовай гаворцы   гучаць як Сеці, альбо Сето.

Тэкст з летапісу аб бітве на возеры Зьято ўказвае на шлях,  якім галіцка-валынскае войска вымушана  было рухацца. Шлях звязваў карацейшаю дарогаю два гарады — Слонім і Наваградак —  і праходзіў праз возера Зьято (Сеці). Бітва адбылася зімой, і таму галіцка-валынскае войска кіравалася па замёрзлых руслах рэчак. Ад Слоніма войска ішло па лёдзе Шчары, далей звярнула ў яе правы прыток — рэчку Пад’яварку, потым у прыток апошняй – Карачоўку. Побач, прыкладна  за 750 м у адваротны бок, накіроўваўся  выток  рэчкі Дзятлаўкі, што ўпадае ў Моўчадзь праз яе прыток – Промшу. Гэтым шляхам можна было трапіць да Наваградка.

Тут, калі падымалася высокая вада ў перыяды вясенніх паводкаў і асенніх разліваў, гандляры і вандроўнікі маглі трапіць з басейна Шчары ў басейн Моўчадзі, мінаючы хуткія воды Нёмана. Зімой жа роўны лёд  невялікіх рэчак быў больш бяспечны, чым каварныя праталіны хуткага Нёмана. Летні шлях па Нёману ( ад вусця Шчары да Моўчадзі) станавіўся цяжкім з-за моцнай плыні вады самай хуткай з рэк Беларусі. Азначаны водны шлях па малых рэках паралельна Нёмана дазваляў дасягнуць Наваградка, скараціўшы значную адлегласць.Але,  з цягам часу,  рэчкі Дзятлаўка і Карачоўка,  забалоціліся, і іх рэчышчы пераадольваліся з цяжкасцю. Таму ўскрай балота ўзнікалі паселішчы, жыхары якіх знайшлі для сябе спосаб дадатковага заробку. Яны дапамагалі вандроўнікам пераадольваць багну, перацягваючы іх груз. Самой прыродай былі падрыхтаваны ўмовы ўзнікнення невялікага населенага пункта побач з волакам, дзе водныя вандроўнікі маглі адпачыць, знайсці сабе прытулак і ахову. Магчыма, невялікая застава і магла існаваць на тым месцы, дзе пазней узнікла Зецела.

Матэрыял прадстаўлены Дзятлаўскім гісторыка-краязнаўчым музеем паводле артыкулаў П.А.Русава

Подписывайтесь на телеграм-канал «Дятлово ОНЛАЙН» по короткой ссылке @gazeta_peramoga



Теги: