Калі будзе адрамантаваны лазнева-аздараўленчы комплекс?

Важнае Грамадства

У Дзятлаўскі райвыканкам паступіў калектыўны зварот мясцовых жыхароў па пытанні рамонту басейна райцэнтра.

Ён разгледжаны на сустрэчы намесніка старшыні райвыканкама Дзмітрыя Баравіка, начальніка аддзела жыллёва-камунальнай гаспадаркі, архітэктуры і будаўніцтва райвыканкама Алены Грамко, дырэктара Дзятлаўскага РУП ЖКГ Васіля Пецюка, яго намесніка па ідэалагічнай рабоце Віктара Дзедуля з прадстаўнікамі заяўнікаў, якія пакінулі свае подпісы пад зваротам.

У час размовы Васіль Пяцюк нагадаў, што басейн размешчаны на базе лазнева-аздараўленчага комплексу камунгаса, уведзенага ў эксплуатацыю ў 1994 годзе. За гэты перыяд работ па яго капітальным рамонце не праводзілася. Зразумела, што з цягам часу спатрэбіліся рамонт і мадэрнізацыя.

Падрабязней з планамі наконт аб’екта прысутных азнаёміў Дзмітрый Баравік:

– Зварот ужо не першы, таму пытанне разглядалася ў час рабочай паездкі ў раён намесніка старшыні Гродзенскага аблвыканкама Андрэя Жука. Яшчэ тады было агучана, і падкрэслю гэта зноў, што праектна-каштарысная дакументацыя па праекце “Рэканструкцыя лазнева-аздараўленчага комплексу па вуліцы Навагрудскай у горадзе Дзятлаве з выдзяленнем чэргаў будаўніцтва” распрацавана ў кастрычніку 2021 года. Запланаваны дзве чаргі рэканструкцыі аб’екта: першы пускавы комплекс – гэта работы па рамонце лазні коштам каля двух мільёнаў рублёў, другі – басейна коштам каля чатырох мільёнаў. Сметны каштарыс вызначаны на момант вырабу дакументацыі і можа мяняцца з улікам змянення цэнаў на будаўніцтва.

Зразумела, што такія значныя сумы могуць быць выдаткаваны толькі з абласнога бюджэту. Для выдзялення фінансавання Дзятлаўскі райвыканкам звяртаўся ў Гродзенскі аблвыканкам з прапановай аб уключэнні ў інвестыцыйную праграму Гродзенскай вобласці на 2023 год работ па рэканструкцыі лазнева-аздараўленчага комплексу ў Дзятлаве, у тым ліку басейна, аднак станоўчага рашэння не прынята.

Пры фарміраванні пераліку аб’ектаў інвестпраграмы на 2024 год райвыканкам паўторна ўнясе гэту ж прапанову.

Заяўнікі выказалі занепакоенасць, што праблему варта вырашаць хутчэй, бо з цягам часу не толькі яшчэ больш псуецца будынак комплексу, але і даражэюць работы па яго рэканструкцыі, а ў падрастаючага пакалення і жыхароў раёна адсутнічае магчымасць наведваць басейн у Дзятлаве.

У адказ на гэта людзям патлумачылі, што басейн у нашым раёне працуе яшчэ і ў саставе аквакомплексу ў галоўным корпусе філіяла “Санаторый Радон” ААТ “Белаграздраўніца”, і наведваць яго могуць усе жадаючыя.

Ірына СТЫРНІК

Подписывайтесь на телеграм-канал «Дятлово ОНЛАЙН» по короткой ссылке @gazeta_peramoga