Юлія Цярэшка: “Магчымасць задаць канкрэтныя пытанні”

Важнае Эканоміка і сельская гаспадарка

У Мінску прайшоў I рэспубліканскі форум прадпрымальніц “Энергія і стварэнне”, арганізаваны Беларускім саюзам жанчын.

У ім паўдзельнічалі больш за 280 бізнес-лэдзі з розных куткоў краіны, у тым ліку шматдзетная матуля з Дзятлаўшчыны, гаспадыня магазіна “Модная Белка” гандлёва-забаўляльнага цэнтра “Паніква” Юлія Цярэшка.

Абмяркоўвалася, як патэнцыял жаночага прадпрымальніцтва можа выкарыстоўвацца для развіцця эканомікі краіны і беларускага грамадства.

Старшыня верхняй палаты Парламента Наталля Качанава, якая прысутнічала на форуме, адзначыла, што ў 2021 годзе ў Беларусі было 68 тысяч жанчын-прадпрымальніц, цяпер у малым і сярэднім бізнесе іх працуе ўжо 74,5 тысячы. Разам яны ўяўляюць сабой вялікую сілу энергіі і стварэння.

У праграме сустрэчы былі майстар-класы, арганізаваныя пры падтрымцы Санкт-Пецярбургскага сацыяльна-эканамічнага інстытута, паказ мод ад беларускіх вытворцаў, у ліку галоўных тэм абмяркоўваліся магчымасці інвеставання ў Расіі, а таксама выкарыстанне сацыяльных сетак у якасці пляцоўкі па папулярызацыі бізнесу, удзельніцы форуму змаглі задаць свае пытанні кіраўнікам міністэрстваў фінансаў, эканомікі, антыманапольнага рэгулявання і гандлю, па падатках і зборах.

Юлія Цярэшка падзялілася сваімі ўражаннямі ад паездкі ў сталіцу:

– Паўдзельнічаць у рэспубліканскім форуме жанчын-прадпрымальніц мне прапанавала спецыяліст упраўлення па працы, занятасці і сацыяльнай абароне райвыканкама Ірына Баравік. Як чалавек з актыўнай жыццёвай пазіцыяй, я прыняла прапанову. Разумела, што там будуць узнімацца важныя пытанні, якія тычацца і мяне асабіста, бо працую выключна з беларускім адзеннем і абуткам. Сапраўды, закраналіся пытанні, якія тычацца пастановы № 713 “Аб сістэме рэгулявання цэн”, яны былі пачуты, і, спадзяюся, будуць у пэўнай меры перагледжаны. Атрымалася вельмі жывая размова, на жаль, мы былі абмежаваны ў часе, тым не менш, абмен меркаваннямі паміж органамі ўлады і прадпрымальніцамі рэспублікі адбыўся. Мяркую, і ў далейшым падобныя пляцоўкі для абмеркавання павінны стварацца, бо трэба вывучаць інтарэсы і праблемы розных бакоў. Я падтрымліваю сацыяльную палітыку нашай дзяржавы, бо і сама шматдзетная матуля, карысталася адпаведнымі льготамі. Разам з тым, у няпростых санкцыйных умовах у малога і сярэдняга бізнесу нашай краіны ёсць пэўныя цяжкасці. Чакаю, што некаторыя пункты пастановы № 713 усё ж такі будуць перагледжаны, што паспрыяе развіццю легпрама. У невялікіх паселішчах непараўнальныя тая колькасць пакупнікоў, якую абслугоўваем, і падатковая база, якая ўстаноўлена, таму пачынаеш задумвацца, ці выгадна працаваць на такіх умовах. Я люблю беларускую вытворчасць, таму і займаюся падобнымі таварамі. Лічу, што прадпрымальнікам, якія падтрымліваюць нацыянальны легпрам, абавязкова трэба даваць “зялёнае святло”. Спадзяюся, што ўсё зменіцца да лепшага.

Падобныя форумы натхняюць, спрыяюць развіццю, дапамагаюць данесці думкі грамадскасці да ўлады, даюць магчымасць задаць канкрэтныя пытанні і атрымаць канкрэтныя адказы.

Ірына СТЫРНІК

Подписывайтесь на телеграм-канал «Дятлово ОНЛАЙН» по короткой ссылке @gazeta_peramoga