Футбол на Дзятлаўшчыне: адна гульня для ўсіх

Важнае Грамадства

Зборная нашага раёна па футболе “ФСК Дзятлава” – удзельнік 2-й лігі Рэспублікі Беларусь па футболе ў ліку 14 раёнаў Гродзенскай вобласці. Пра развіццё самай народнай і самай масавай гульні на Дзятлаўшчыне раёне расказалі спецыялісты.

Дзмітрый Ёда, загадчык сектара спорту і турызму райвыканкама:

– Футбол у раёне карыстаецца вялікай папулярнасцю яшчэ з далёкіх 70-х гадоў мінулага стагоддзя, калі наша каманда “Будаўнік” заняла 3 месца ў чэмпіянаце Гродзенскай вобласці. Зборная была перайменавана ў “Матор”, які тройчы станавіўся прызёрам, а ў 1984 годзе – уладальнікам Кубка вобласці па футболе. У розныя часы дзятлаўская каманда называлася “Харчавік”, “Славянка”, “Ніва”, “Граніт-Агра”, “Белая Русь”. У 2019 годзе стала пераможцай 2-й лігі чэмпіянату Гродзенскай вобласці сярод аматарскіх каманд. Сёння ён набыў статус чэмпіянату Рэспублікі Беларусь, у ім “ФСК Дзятлава” на цяперашні момант займае другі радок у турнірнай табліцы. Больш чым 50-гадовая гісторыя раённага футбола адзначылася яркімі падзеямі і прозвішчамі, новаўвядзеннямі і пераменамі. Нязменнымі засталіся вялікая любоў і адданасць да гэтага віду спорту як гульцоў, так і балельшчыкаў. Заўважу, што за гэты час Дзятлаўшчына ні разу не прапусціла ўдзелу ў чэмпіянаце вобласці.

Яшчэ адной знакавай спартыўнай падзеяй гэтага года стане правядзенне ў Беларусі ІІ Гульняў краін СНД, якія адбудуцца з 3 па 15 жніўня. Беларусь мае станоўчы вопыт правядзення спаборніцтваў такога высокага ўзроўню. Сярод 11 гарадоў, дзе будуць праходзіць старты, задзейнічаны і наш абласны цэнтр – горад Гродна: там пройдуць спаборніцтвы па баскетболе і цяжкай атлетыцы. Дзятлаўчане змогуць стаць актыўнымі балельшчыкамі. Таксама чакаем старт фестывалю “Вытокі-2023”, які ў чэрвені адбудзецца ў горадзе Слоніме.

Вольга Васіленка,  дырэктар фізкультурна-спартыўнага клуба:

– З упэўненасцю можна сказаць, што футбольная каманда “ФСК Дзятлава” – усебеларуская каманда землякоў. З 35 яе ўдзельнікаў каля 40 % складаюць тыя, хто жыве ў раёне. Ёсць гульцы з Гродна, Мінска і іншых гарадоў, якія кожны раз прадстаўляюць Дзятлаўшчыну на чэмпіянаце.  У зборнай няма футбалістаў на кантрактнай аснове, гульня пераважна аматарская, гуляюць людзі розных прафесій. З топавых гульцоў, якія цяпер выступаюць за зборную раёна, можна назваць Арцёма Гузіка, які стаў лепшым бамбардзірам мінулага чэмпіянату, Аляксандра Жэгала, ён “завадзіла” каманды і яе арганізатар. На старэйшых раўняецца падрастаючае пакаленне, сёння ў зборнай ёсць як студэнты, так і выхаванцы дзіцяча-юнацкай спартыўнай школы, якія знаходзяцца на шляху да “вялікага” футбола. Толькі за апошняе дваццацігоддзе ў вышэйшае звяно падрыхтоўкі прыбылі 11 чалавек, сярод якіх Міхаіл і Дар’я Петрыкевічы, Павел Герус, Дзмітрый Дзірвук, Карына Альховік, якая з’яўляецца лепшым бамбардзірам нацыянальнай зборнай па футболе.

Уладзімір Ганчар, трэнер Дзятлаўскай ДЮСШ:

– Сёння ў нашым раёне робіцца шмат для развіцця гэтай па-сапраўднаму народнай гульні: спартыўная база Дзятлаўшчыны налічвае 10 футбольных і 11 міні-футбольных пляцовак. У Дзятлаўскай дзіцяча-юнацкай спартыўнай школе на аддзяленні “Футбол” займаюцца 167 чалавек. Для папулярызацыі гэтага віду спорту ў нас штогод пры падтрымцы Асацыяцыі “Беларуская федэрацыя футбола” праводзяцца ўжо вядомыя і новыя праекты раённага, абласнога і рэспубліканскага ўзроўняў: “Бітва пляцовак” (двойчы Дзятлаўшчына станавілася яго пераможцай), “Чэмпіён”, “Я – трэнер”, “Тата, мама, я – футбольная сям’я”, у якім у мінулым годзе прынялі ўдзел каля 60 сем’яў з нашага і суседніх раёнаў.

Віншую ўсіх, хто мае дачыненне не толькі да масавага футбола, але і ў цэлым да спорту на Дзятлаўшчыне, са святам. Веру, што інтарэс да здаровага ладу жыцця ў дзятлаўчан будзе расці і даваць станоўчыя вынікі, а новыя праекты ў футболе змогуць яшчэ больш прыцягнуць дзяцей і дарослых да гульні № 1. У гэтым сезоне ў планах – увайсці ў шасцёрку мацнейшых з 14 каманд Гродзенскай вобласці і прабіцца ў фінал, а затым пазмагацца за лідарства.

Вадзім Якаўчык, удзельнік каманды “ФСК Дзятлава”:

– Футбол на Дзятлаўшчыне – гэта не толькі відовішчная гульня, упэўненая каманда і азарт. Спартсмены выходзяць на поле і робяць поспехі для сваіх балельшчыкаў, а група падтрымкі  ў нас магутная. На працягу чэмпіянату  кожныя выхадныя мы сустракаемся з сапернікамі дома або на выездзе, калі гуляем дома – заўсёды землякі на трыбунах. Згодна з абласной статыстыкай, нашы балельшчыкі – адны з самых актыўных у вобласці, яны вераць у каманду і прыходзяць на стадыён незалежна ад выніковасці выступленняў. Пераважная большасць аматараў футбола ў нашым раёне – тыя, хто сам у пэўны перыяд часу быў звязаны з гэтай гульнёй. Запрашаю далучыцца да футбольнага руху ўсіх нераўнадушных. Інфармацыю пра гульні можна атрымаць у групе ВКонтакте “Футбол на Дзятлаўшчыне”, а таксама ў Інстаграм-канале трэнера Уладзіміра Ганчара. Хачу падзякаваць тым людзям, якія не з’яўляюцца спартсменамі, але даўно сталі неад’емнай часткай  спартыўнага руху: гэта спонсары з ліку арганізацый раёна, медыкі, якія нязменна суправаджаюць кожны матч, супрацоўнікі міліцыі, Дзятлаўская дзіцяча-юнацкая спартыўная школа, якая выхоўвае юных спартыўных зорачак і, нарэшце, работнікі фізкультурна-спартыўнага клуба, якія пастаянна займаюцца падрыхтоўкай пляцоўкі да гульні. Гэта свята наша агульнае, як і папулярны на Дзятлаўшчыне любімы ўсімі футбол. Шчыра віншую ўсіх з Днём фізкультурнага работніка і чакаю на гульнях 2-й лігі Рэспублікі Беларусь на стадыёне “Колас”.

Наталля АВЯРЧУК

Подписывайтесь на телеграм-канал «Дятлово ОНЛАЙН» по короткой ссылке @gazeta_peramoga



Теги: