Дзятлаўшчына фестывальная. Дзе набыць сувеніры?

Важнае Грамадства

Ярка, цікава, з размахам і баўленнем вольнага часу на любы густ праходзіць у нашым раёне адкрыты рэгіянальны фестываль сямейнага адпачынку “Зецельскі фэст”.

Ён ладзіцца пад дэвізам “Сем’і – за мір і стварэнне” з запрашэннем гасцей з розных куткоў Гродзеншчыны. Дарэчы, сем’і-ўдзельніцы з іншых раёнаў паедуць з Дзятлаўшчыны не з пустымі рукамі: у якасці падарунка-напаміна аб свяце кожная з іх атрымала набор пладовых дрэўцаў і ягадных кустоў для ўласнай сядзібы ад Дабрачыннай каталіцкай арганізацыі “Карытас” Гродзенскай епархіі.

Стракатымі паліцамі з адметнымі таварамі ручной работы прываблівае дзяцей і дарослых горад майстроў. Тут можна знайсці як карысныя рэчы, так і падарункі або набыць сувенір, які яшчэ доўгі час будзе нагадваць пра адпачынак на сямейным свяце ў Дзятлаве. А для самых цікаўных і крэатыўных, хто і сам гатовы ствараць і тварыць – майстар-класы ад мясцовых рамеснікаў.

Уменне за плячыма не насіць, ды і памятныя відэа або фотаздымкі можна зрабіць за справай. Дзятве ж даспадобы – аквагрым.

Для самых маленькіх і нястомных непаседаў таксама ўсё прадугледжана: калі надакучылі надзіманыя горкі, батуты, атракцыёны і салодкая вата, можна пакатацца на поні або завітаць на пляцоўку раённай бібліятэкі “Сям’я – гэта мы”, дзе спецыялісты райцэнтра запрашаюць пафатаграфавацца ў “Беларускую хатку” і праверыць ў цікавых гульнях на кемлівасць, наколькі дзятва і дарослыя ведаюць свой родны карай. “Смачны” інтэрактыў для гасцей пляцоўкі падрыхтавалі бібліятэкары Казлоўшчынскага філіяла. Іх конкурс “Сладкаежка” дазваляе не толькі выявіць сапраўдных знатакоў ласункаў, але і атрымаць у якасці прыза цукеркі. А вось Новаяльнянскі філіял прывёз з сабой “Паляну казак” і арганізаваў яшчэ адзін райскі куток для дзятвы, якую дарослыя могуць пакінуць на пляцоўцы бібліятэкі, пакуль прагульваюцца па іншых фестывальных.

Працуюць таксама гандлёвыя павільёны прадпрыемстваў і арганізацый нашага раёна з выставамі і дэгустацыямі, прыехалі са сваёй прадукцыяй і госці з Навагрудскага раёна.

Побач разгарнула свае экспазіцыі выстава дзіцячай творчасці ўстановаў адукацыі раёна, дзе таксама шмат цікавага, што можна ўзяць і сабе “на заметку” як від сумеснай сямейнай дзейнасці ў выхадны дзень.

Гасцінна адчынены дзверы і ў Дзятлаўскім гісторыка-краязнаўчым музеі, дзе на працягу фэсту праходзіць акцыя “Усёй сям’ёй у музей”. Як жыў раён у сівую даўніну, як змагаліся дзятлаўчане з ворагам ў Вялікую Айчынную вайну, што адбывалася ў пасляваенны перыяд, якія славутыя суайчыннікі тут нарадзіліся, выраслі, стваралі – пра ўсё раскажуць музейныя работнікі і правядуць па выставах творчасці ў залах. Калі ж пасля музейнай экскурсіі захочацца забраць з сабой невялікі напамін пра горад – тут таксама можна набыць сувенірную прадукцыю.

Папулярызуюць адпачынак з мясцовым каларытам работнікі сектара спорту і турызму райвыканкама. Хлеба-булачную прадукцыю ўласнай вытворчасці прывёз санаторый “Радон”, ёсць у асартыменце і лячэбныя гразі. Ладзяць дэгустацыі Дзятлаўскі філіял ААТ “Молочный Мир” і ААТ “Дзятлаўскі лікёра-гарэлачны завод “Алгонь”.

Ірына СТЫРНІК

Подписывайтесь на телеграм-канал «Дятлово ОНЛАЙН» по короткой ссылке @gazeta_peramoga