Дарожная азбука – у тэорыі і на практыцы

Важнае Грамадства

На базе сярэдняй школы № 1 горада Дзятлава прайшоў 49-ы раённы злёт-конкурс юных інспектараў дарожнага руху.

У ім прынялі ўдзел 8 каманд школ раёна.

Свята пачалося з урачыстай лінейкі, у час якой арганізатары павіталі ўдзельнікаў злёту, пажадалі ўдачы і яшчэ раз нагадалі правілы спаборніцтваў. Права падняць Дзяржаўны сцяг Рэспублікі Беларусь атрымалі гаспадары пляцоўкі, каманда сярэдняй школы № 1 горада Дзятлава, якая стала пераможцай у мінулым годзе.

Пасля жараб’ёўкі юныя інспектары дарожнага руху адправіліся на свае конкурсныя этапы. Яны прайшлі тэарэтычны экзамен па правілах дарожнага руху, паказалі веды і практычныя навыкі ў аказанні першай медыцынскай дапамогі, дэманстравалі сваё майстэрства ў фігурным кіраванні веласіпедам, паказвалі творчыя здольнасці ў агітацыйна-мастацкім прадстаўленні і падрыхтоўцы тэматычных насценгазет, выпуск якіх быў дамашнім заданнем для каманд. На кожным з этапаў спаборніцтваў веды і зладжаную работу юных інспектараў дарожнага руху ацэньвала журы на чале са старшым дзяржаўтаінспектарам міжраённага аддзела ДАІ па абслугоўванні Слонімскага, Дзятлаўскага, Зэльвенскага раёнаў Алегам Ляўкевічам.

Самыя моцныя веды правілаў дарожнага руху прадэманстравалі юныя інспектары з сярэдняй школы № 1 горада Дзятлава, на другім месцы – знаўцы Новаяльнянскай сярэдняй школы, закрыла тройку лідараў каманда Вензавецкай з сярэдняй школы.

У конкурсе “Фігурнае кіраванне веласіпедам” таксама не было роўных веласіпедыстам сярэдняй школы № 1, крыху саступілі ім юныя інспектары з гімназіі № 1 горада Дзятлава, трэцімі сталі навучэнцы Дварэцкай сярэдняй школы.

У намінацыі “Агітацыйна-мастацкае прадстаўленне” лепшымі сталі навучэнцы Вензавецкай сярэдняй школы, на другім месцы – Хвінявіцкая сярэдняя школа, трэцяе – у сярэдняй школы № 1 горада Дзятлава.

У  “Аказанні першай медыцынскай дапамогі” лідарам стала каманда Хвінявіцкай сярэдняй школы, другое месца – у сярэдняй школы № 1, трэцяе ­– у Дварэцкай сярэдняй школы. Лепшую тэматычную насценгазету выпусцілі ў Вензавецкай сярэдняй школе, на другой пазіцыі – Новаяльнянская, на трэцяй – Гезгалаўская сярэднія школы.

Па выніках усіх пройдзеных іспытаў чэмпіёнамі злёту-конкурсу сталі юныя інспектары дарожнага руху сярэдняй школы № 1 горада Дзятлава, паўтарыўшы свой мінулагодні поспех, “серабро” – у навучэнцаў Вензавецкай сярэдняй школы, “бронза” ­– у каманды Хвінявіцкай сярэдняй школы. Юныя інспектары дарожнага руху атрымалі дыпломы пераможцаў і прызёраў, а таксама памятныя падарункі ад спонсараў мерапрыемства – раённых арганізацый грамадскіх аб’яднанняў “БРСМ” і “Белая Русь”, ТАА “Ізакам”.

Пераможцы раённага конкурсу прадставяць Дзятлаўшчыну на яго абласным этапе, які адбудзецца 15 мая.

Алег Ляўкевіч падвёў вынік мерапрыемства, адзначыў высокі ўзровень падрыхтоўкі і звярнуў увагу на моманты, якія варта ўлічыць камандам пры падрыхтоўцы да юбілейнага, 50-га, злёту-конкурсу юных інспектараў дарожнага руху:

– У час іспытаў было відаць, што ўсе каманды сур’ёзна рыхтаваліся. Аднак неабходна “падцягнуць” веды па абноўленых правілах дарожнага руху, – заўважыў ён. – У мінулым годзе на гэтым этапе было дапушчана менш памылак, трэнерам неабходна засяродзіць увагу менавіта на новаўвядзеннях. Напрыклад, пасля змяненняў у правілах з’явілася новае паняцце – “сродкі персанальнай мабільнасці”, прад’яўляюцца іншыя патрабаванні да перасячэння праезнай часткі веласіпедыстам. Многія дзеці пакуль не ведаюць гэтых правілаў, што адбілася як на тэарэтычным  конкурсе, так і падрыхтаваных імі насценгазетах. Хацелася б, каб у школах праходзіла больш тэарэтычных і практычных заняткаў па вывучэнні правілаў дарожнага руху, і не толькі пры падрыхтоўцы да конкурсу, яны спатрэбяцца ў жыцці кожнаму чалавеку.

Наталля АВЯРЧУК

Подписывайтесь на телеграм-канал «Дятлово ОНЛАЙН» по короткой ссылке @gazeta_peramoga



Теги: