Далікатная праблема

Важнае Грамадства

Усе мы розныя, кожны са сваімі клопатамі і пытаннямі.

Што не асабліва патрэбна адным, вельмі клапоціць іншых.

Так, у рэдакцыю газеты “Перамога” звярнулася жыхарка вёскі Горка нашага раёна. Жанчына пакутуе на анкалагічнае захворванне, рэгулярна ездзіць у абласны цэнтр для праходжання курсаў хіміятэрапіі. У Дзятлава дабіраецца на таксі а шостай гадзіне раніцы, каб адсюль ужо ехаць далей на маршрутным аўтобусе. Гэтыя нязручнасці можна было б вытрываць, але да ўсяго ў такі ранні час платная прыбіральня на аўтастанцыі яшчэ не працуе. Паблізу таксама няма куды падацца: побач прыватны магазін, адміністрацыйны будынак Беларусбанка і райаддзел міліцыі, дзе наўрад ці будуць рады ранняму візіту. Яшчэ ёсць шаша з хуткасным рухам, а праз дарогу – кусты і поле, таксама не лепшае месца для гігіенічных мэтаў.

Што рабіць чалавеку, якому тэрмінова… трэба? Хоць ты бяжы і шукай схаванае ад людскіх вачэй і відэакамер месца, а хоць крычы “каравул”.

Мяркую, агучаная праблема турбуе не аднаго дзятлаўчаніна: аўтобусы праз аўтастанцыю ходзяць з 5.55 гадзін да 20.10. Прыбіральня ў ранні час можа спатрэбіцца не толькі даросламу чалавеку, але і бацькам з маленькімі дзецьмі, і не выключна ў цёплую пару года, але і зімой. Што рабіць тады?

Па вырашэнне праблемы мы звярнуліся ў райвыканкам і аўтобусны парк № 2 горада Ліды, да якога адносіцца Дзятлаўскі ўчастак.

– Аўтастанцыя ў Дзятлаве – сацыяльны, але стратны аб’ект, – расказаў намеснік дырэктара прадпрыемства Мар’ян Дзьяк. – За апошнія тры месяцы работы страты склалі 37 тысяч рублёў. Рэнтабельнасць работы прыбіральні – мінус 25 %. За 13 гадзін у суткі паслугамі прыбіральні карыстаюцца ад 15 да 20 чалавек, гэта мізэрныя лічбы. На сёння на аўтастанцыі па зменах працуюць два прыбіральшчыкі па графіку з 7 гадзін раніцы да 8 гадзін вечара. У іх абавязкі ўваходзіць прыбіранне памяшкання аўтастанцыі, аўтобусаў пасля рэйсаў, прыбіральні і продаж білетаў на ўваход у яе. Увядзенне дадатковай стаўкі на дадзеным аб’екце не апраўдвае сябе, аднак пры фінансавай падтрымцы Дзятлаўскага райвыканкама мы гатовы разгледзець гэта пытанне або знайсці іншыя шляхі рашэння. Мы адкрытыя для супрацоўніцтва. Што тычыцца прыбіральні на вуліцы, якая была закансервавана да кастрычніка гэтага года, будынак аварыйны і падляжыць дэмантажу.

У якасці часовай меры Мар’ян Іванавіч прапанаваў вырашыць праблему “па-людску”: у ранні час наведвальнікі аўтастанцыі ў якасці выключэння змогуць прасіць ключ ад службовага туалета ў касіра, пакуль аўтобусны парк сумесна з раённай уладай не прыйдзе да канчатковага рашэння.

Намеснік старшыні райвыканкама Дзмітрый Баравік запэўніў, што сітуацыя ўзята на кантроль і выйсце будзе знойдзена. Што тычыцца наведвання грамадскіх прыбіральняў у горадзе, для дзятлаўчан адкрыты такі аб’ект у магазіне “Родны Кут”, у час масавых мерапрыемстваў у Дзятлаве дадаткова выстаўляюцца біятуалеты з указальнікамі іх месцазнаходжання.

Наталля АВЯРЧУК

Подписывайтесь на телеграм-канал «Дятлово ОНЛАЙН» по короткой ссылке @gazeta_peramoga