Беларускія жанчыны – гэта стваральніцы

Важнае Грамадства

Старшыня Савета Рэспублікі Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь Наталля Качанава 16 мая сустрэлася з жаночым актывам абласной арганізацыі грамадскага аб’яднання “Беларускі саюз жанчын”.

Сустрэча адбылася ў Гродзенскім дзяржаўным універсітэце імя Янкі Купалы ў фармаце адкрытага дыялога, удзел у ёй прынялі 120 актывістак БСЖ Прынёмання.

У час размовы спікер адзначыла, што грамадскія арганізацыі павінны працаваць так, каб людзям хацелася ў іх прыйсці па закліку сэрца і разам рабіць важныя, патрэбныя справы як для сваёй арганізацыі, так і для краіны ў цэлым. Наталля Качанава падкрэсліла, што жанчыны – гэта дабрыня, міласэрнасць, спагадлівасць, усё тое, што ўласціва беларусам. Менавіта такія якасці яны павінны прыўносіць у грамадства, быць стваральніцамі, на гэта і нацэлена работа Беларускага саюза жанчын.

Уражаннямі ад сустрэчы ў Гродне падзяліліся дзятлаўчанкі.

Ларыса Жэгалік, педагог сярэдняй школы № 3 горада Дзятлава:

– Была рада пабываць на форуме. Прадстаўніцы жаночага аб’яднання Гродзеншчыны атрымалі ад Наталлі Іванаўны вычарпальныя адказы на свае пытанні аб законапраектах, якія прымаюцца ў Беларусі, дэмаграфічнай сітуацыі, выхаванні падрастаючага пакалення, моладзевым руху і іншыя. Словам, абмеркаваны важныя тэмы, якія тычацца жыцця нашай дзяржавы і цікавяць сучасных беларусак.

Ірына Красоўская, галоўны спецыяліст па ідэалагічнай рабоце КСУП “Жукоўшчына”:

– Наталля Качанава абазначыла тыя аспекты нашай работы, якія не павінны заставацца без увагі, працаваць над якімі трэба пастаянна. Агучыла тэмы, што ў сваіх выступленнях узнімаў Прэзідэнт. Я згодна, што і нам часцей варта выходзіць у масы, размаўляць з людзьмі, звяртаць больш пільную ўвагу на пытанні фарміравання патрыятызму, сямейных каштоўнасцяў. Згодна, што толькі разам мы можам ствараць дастойную будучыню.

Ірына СТЫРНІК

Подписывайтесь на телеграм-канал «Дятлово ОНЛАЙН» по короткой ссылке @gazeta_peramoga