Актыўнае даўгалецце. 10 спосабаў падоўжыць жыццё

Грамадства Свежыя навіны

Эліксір маладосці пакуль не знойдзены, хоць навукоўцы і вылучаюць даволі смелыя тэорыі і метады амаладжэння.

Праўда, нікому не патрэбны дадатковыя гады жыцця, калі яны будуць напоўнены хваробамі, пакутамі, немагчымасцю сябе абслугоўваць.

Якасць жыцця, стан фізічнага і псіхічнага здароўя маюць такое ж значэнне, як і яго працягласць. Захаваць актыўнасць і бадзёрасць духу, жывучы да 90-100 гадоў, на сёння не з’яўляецца нерэальнай задачай. Што ж трэба рабіць чалавеку, каб дасягнуць актыўнага даўгалецця?

Існуе нямала спосабаў, сярод іх выбралі 10 галоўных:

  1. Пазбягайце высокай стрэсавай нагрузкі, бо стрэс – “ціхі” забойца, ён прыводзіць да сардэчных захворванняў, запаленняў органаў, астмы, дыябету, дэпрэсіі. Нездарма кажуць, што ўсе хваробы ад нерваў, таму прыміце меры, як толькі заўважылі, што стрэс парушае ваша звыклае жыццё.
  2. Добра харчуйцеся, выбірайце неапрацаваныя, натуральныя і свежыя прадукты (садавіну, агародніну, нятлустае мяса, цэльназерневыя прадукты).
  3. Не курыце: тытунёвы дым разбурае бронхі, лёгкія, атручвае арганізм, зношвае сасуды.
  4. Спіце дастаткова і спакойна. Калі непакоіць бяссонніца – звяртайцеся да доктара і як мага хутчэй вырашайце праблему.
  5. Адмоўцеся ад алкаголю: большасць спецыялістаў упэўнены, што бяспечных дозаў спіртнога не існуе.
  6. Завядзіце хатняга гадаванца. Навукова даказана, што гэта дапамагае захоўваць здароўе і псіхалагічны камфорт. Уладальнікі свойскіх жывёл маюць больш стабільны артэрыяльны ціск і больш здаровую сардэчна-сасудзістую сістэму, карысны таксама клопат пра гадаванца і прагулкі з ім на свежым паветры.
  7. Будзьце актыўныя і энергічныя, рэгулярна выконвайце фізічныя практыкаванні з улікам агульнага стану здароўя і калі няма паталогій. Калі ўключыце ў графік практыкаванні з нагрузкай, яны дапамогуць захоўваць мышачную масу і ўмацоўваць косткі.
  8. Рэгулярна давайце нагрузку свайму мозгу: розум павінен быць такім жа актыўным, як і цела. Калі хочаце прадухіліць дэменцыю і старэць павольней, набывайце новыя навыкі, вывучайце незнаёмую інфармацыю.
  9. Актыўней уключайцеся ў грамадскае жыццё, дапамагайце іншым. Людзі, якія адчуваюць сябе патрэбнымі, жывуць значна даўжэй і адчуваюць сябе больш шчаслівымі.
  10. Заставайцеся аптымістамі, гэта лепшая жыццёвая стратэгія, бо дае дадатковыя сілы і жаданне жыць даўжэй.

Алена МАКОЎСКАЯ,
псіхолаг Цэнтра сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва Дзятлаўскага раёна

Подписывайтесь на телеграм-канал «Дятлово ОНЛАЙН» по короткой ссылке @gazeta_peramoga