“Адкрый Беларусь” і Дзятлаўшчыну таксама

Важнае Спорт і турызм

28-29 красавіка ў Мінску ў Рэспубліканскім Палацы культуры прафсаюзаў прайшоў маштабны турыстычны форум “Адкрый Беларусь”.

Гродзеншчыну і наш раён на ім прадстаўляла каманда ў саставе Дзмітрыя Ёды, Наталлі Калодка, Дзінары Харошка, Алены Абрамчык, фальклорнага калектыву “Мара” Дварэцкага дома культуры, нашых сяброў і памочнікаў.

За плячыма ўжо мелі вопыт нядаўняй выставы “Адпачынак-2023” і ведалі, што і як трэба паказаць, аднак абласны прафсаюз паставіў новыя задачы – здзівіць, пакарыць, прыцягнуць прафсаюзныя аб’яднанні і пярвічкі ў цікавыя мясціны Гродзеншчыны, адкрыць яе рэзервовы турыстычны патэнцыял для ўсёй Беларусі. Устаноўкі выставы таксама некалькі адрозніваліся ад папярэдніх: прывабіць не брэндамі рэгіёна, а невядомым, нязведаным, таму цікавым. У Міры, Нясвіжы, Старым замку ў Гродне былі амаль усе, а ў нас – нямногія. Сваю пляцоўку мы павінны былі прадставіць так, каб людзям захацелася прыехаць на Дзятлаўшчыну, убачыць яе прыродную прыгажосць, помнікі і знакавыя месцы.

Вырашылі папулярызаваць тры маршруты, якія ідэальна раскрываюць турыстычны патэнцыял Дзятлаўскага раёна: атэставаны “Дарогамі Дзятлаўшчыны”, што ўяўляе сабой падарожжа на аўтобусе па залатым коле нашай малой радзімы; водна-пешаходны з анімацыяй – “Ад цара да самавара” і веламаршрут “Партызанскай сцежкай па Ліпічанскай пушчы”. Усе яны былі прызёрамі абласнога прафсаюзнага турыстычнага конкурсу ў 2022 годзе. Акрамя раздатачнага матэрыялу і маляўніча аформленых маршрутаў, выкарысталі нагляднасць, напоўнілі музейнымі экспанатамі, у чым дапамаглі Дзятлаўскі краязнаўчы і Музей гісторыі і культуры народаў Дзятлаўшчыны гімназіі № 1. Майстры Анатоль Кардаш і Сяргей Балыкоў прадэманстравалі, што, акрамя суправаджэння экскурсавода, праграма экскурсіі можа быць дапоўнена ўдзелам у майстар-класах, гульнях, танцах. Турыстам падабаецца! Сучаснага вандроўніка адным аповедам не здзівіш, кожны раз трэба знайсці нешта новае, уключыць у туры, захапіць, інакш проста не паедуць.

Пры абароне пляцовак у састаў камісіі ўваходзілі старшыня Федэрацыі прафсаюзаў Беларусі Міхаіл Орда і міністр спорту і турызму Сяргей Кавальчук. Адказна? Безумоўна! Аднак прыемна і ганарова. Хацелася здзівіць Міхаіла Сяргеевіча, нашага земляка, і паказаць яму таямнічую Дзятлаўшчыну, якую ён для сябе, магчыма, яшчэ да канца не адкрыў, прадэманстраваць усім, што дзятлаўчане працуюць і крок за крокам рухаюцца да стварэння камфортных умоваў для турыстаў, распрацоўваюць новыя маршруты, бесперапынна вывучаюць свой турыстычны патэнцыял.

Ці атрымалася ажыццявіць задуманае? Спадзяёмся, удалося. Вынікі конкурсу будуць падведзены прыкладна праз месяц, прызавыя месцы вызначаць па рэгіёнах, значыць, прызёрам можа стаць Гродзеншчына, якую мы прадстаўлялі. З іншага боку, чаму можа? Павінна стаць! Мы ў гэта верым, а з намі яшчэ пяць пляцовак, якія таксама абаранялі гонар Прынёмання.

Кожнае падрыхтаванае мерапрыемства па-свойму карыснае: набываецца вопыт, нараджаюцца новыя ідэі і планы. У нас іх “грамадзьё”, як пісаў Уладзімір Маякоўскі. І яны далёка не фантастыка. Галоўнае – любіць сваю справу, сваю малую радзіму і крок за крокам рухацца да мэты. А мэта наша зразумелая – развіццё турызму на Дзятлаўшчыне!

Алена АБРАМЧЫК,
інструктар-метадыст па турызме Дзятлаўскага ФСК

Подписывайтесь на телеграм-канал «Дятлово ОНЛАЙН» по короткой ссылке @gazeta_peramoga