“Я твой навекі вечныя, Радзіма!”

Культура і адпачынак Свежыя навіны

Сярод шматлікага карагоду на небасхіле беларускага пісьменства гарыць зорка нашага земляка – пісьменніка і паэта Дзятлаўшчыны Віктара Шымука.

Ён нарадзіўся 2 красавіка 1933 года ў вёсцы Змяёўцы, сёлета яму споўнілася б 90 гадоў.

У час грамадзянскай вайны маці паэта была ў бежанстве за Масквой, там і пазнаёмілася з Мікалаем Шымуком, які служыў у арміі. Пазней яны вярнуліся ў Беларусь, дзе і прайшлі дзіцячыя гады юнага пісьменніка. Жылі бедна. Наведваў школу ў Янаўшчыне, у былым панскім маёнтку, але нядоўга – пачалася вайна. Пасля вызвалення Дзятлава ад акупантаў Віктар Шымук вучыўся ў школе ў Дзятлаве. Па заканчэнні 8 класаў працаваў адказным сакратаром Дзятлаўскай раённай газеты “За новую вёску”, адначасова працягваў вучобу ў вячэрняй школе. У 1951 годзе паступіў на аддзяленне журналістыкі філалагічнага факультэта БДУ імя Леніна. Вучобу сумяшчаў з працай у газеце “Калгасная праўда”, там жа пасля заканчэння ўніверсітэта застаўся працаваць. Працаваў таксама ў газеце “Звязда”, штотыднёвіку “Літаратура і мастацтва”. Член Саюза пісьменнікаў Беларусі, аўтар шматлікіх кніг. Ён шчыра пісаў пра Беларусь, родную Дзятлаўшчыну, пра простых людзей, пра спрадвечную цяжкую працу на зямлі.

З нагоды гэтай юбілейнай даты аддзел абслугоўвання і інфармацыі Дзятлаўскай раённай бібліятэкі ладзіў тэматычны вечар і выставу-партрэт “Я твой навекі вечныя, Радзіма!”. На мерапрыемства завіталі вучні 7 класа гімназіі № 1 горада Дзятлава з бібліятэкарам Ірынай Мядзведзевай, наведвальнікі аддзялення дзённага знаходжання для грамадзян пажылога ўзросту Цэнтра сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва Дзятлаўскага раёна і чытачы бібліятэкі. Слухачы пазнаёміліся з жыццёвым і творчым шляхам знакамітага земляка. Гучалі вершы і песні на вершы Віктара Мікалаевіча.

Пахаваны Віктар Шымук на дзятлаўскай зямлі – такім было апошняе жаданне паэта. На гранітнай гладзі пліты высечаны словы з яго верша “Чалавечая душа – праменьчык сонца”, таму што ён шчыра верыў у чалавека, у яго чулае і добрае сэрца, у яго душу.

Алена ЯКАЎЧЫК,
бібліятэкар аддзела маркетынгу і сацыякультурнай дзейнасці

Подписывайтесь на телеграм-канал «Дятлово ОНЛАЙН» по короткой ссылке @gazeta_peramoga