Школьныя аўтобусы – на кантрольную праверку. Яе прайшлі не ўсе

Важнае Здарэнні і бяспека

Супрацоўнікі міжраённага аддзела Дзяржаўтаінспекцыі сумесна з прадстаўнікамі Транспартнай інспекцыі правялі комплексную праверку аўтобусаў, якія ажыццяўляюць падвоз навучэнцаў ва ўстановы адукацыі на тэрыторыі горада Дзятлава і Дзятлаўскага раёна.

– Кантрольныя мерапрыемствы праведзены з мэтай праверкі адпаведнасці абсталявання школьных аўтобусаў згодна з устаноўленымі патрабаваннямі, выканання заканадаўства вадзіцелямі, а таксама службовымі асобамі, адказнымі за тэхнічны стан і эксплуатацыю такіх транспартных сродкаў, – адзначыў старшы дзяржаўтаінспектар Алег Ляўкевіч.

Асаблівую ўвагу спецыялісты звярталі на тэхнічны стан аўтобусаў, наяўнасць у іх рамянёў бяспекі, вогнетушыцеляў і аптэчкі. Кожны транспартны сродак павінен быць пазначаны таблічкай “Дзеці”. Цікавілі правяраючых допускі вадзіцеляў да кіравання, адпаведнасць катэгорыі і ці пройдзена навучанне. Важны крытэрый – у вадзіцеля за апошнія два гады не павінна быць адміністрацыйных правапарушэнняў у галіне бяспечнага дарожнага руху. Таксама была праверана наяўнасць допуску транспартных сродкаў да ўдзелу ў дарожным руху, прасцей кажучы, ці пройдзены тэхагляд, і наяўнасць страхоўкі. На жаль, адзін школьны аўтобус такога допуску не меў.

Па выніку абследавання перавозчыку, Дзятлаўскаму раённаму цэнтру па забеспячэнні дзейнасці бюджэтных і іншых арганізацый, выдадзена прадпісанне аб ліквідацыі недахопаў, выяўленых у ходзе маніторынгу.

Ірына КАМАРОВА

Подписывайтесь на телеграм-канал «Дятлово ОНЛАЙН» по короткой ссылке @gazeta_peramoga