Прыадкрыла “скарбонку часу”, сустрэлася з міністрам

Важнае Спорт і турызм

Наша юная зямлячка, навучэнка гімназіі № 1 горада Дзятлава Ганна Сіневіч стала пераможцай рэспубліканскага конкурсу юных экскурсаводаў музеяў установаў адукацыі і ўладальніцай дыплома І ступені Міністэрства адукацыі Рэспублікі Беларусь.

Яна расказала аб конкурсе і сваіх далейшых планах.

– Ганна, ці даўно ты стала юным экскурсаводам?

– Ужо два гады ўваходжу ў састаў савета гімназічнага музея “Гісторыя і культура народаў Дзятлаўшчыны” з’яўляюся экскурсаводам. Зацікавілася мінуўшчынай у час экскурсій, якія для нас ладзіла Алена Вікенцьеўна Радомская. Падумала, чаму б і мне не паспрабаваць сябе ў такой жа ролі?

– Як даведалася пра конкурс?

– Паўдзельнічаць у ім прапанавала зноў жа Алена Вікенцьеўна, паведаміла, што арганізатар конкурсу – Міністэрства адукацыі Рэспублікі Беларусь. З пачатку нам неабходна было прадставіць відэаролік з экскурсіяй, дзе я расказвала аб музейных экспанатах. З ім прайшлі раённы і абласны этапы адбору. Для ўдзелу ў рэспубліканскім, які праходзіў у фармаце “Фэст экскурсаводаў”, была выбрана група навучэнцаў, у састаў якой увайшла і я. Свае экспазіцыі “Музей у чамадане” прадстаўлялі 10 удзельнікаў, яшчэ 5 (і я сярод іх) – публічныя экскурсіі на сцэне з выкарыстаннем мультымедыяпрэзентацый і жывога ўзаемадзеяння з гледачамі. Так у намінацыі “Скарбонка часу” ва ўзроставай падгрупе да 14 гадоў з тэматычнай экскурсіяй “Месцы ведаць трэба” я стала абсалютнай пераможцай і ўладальніцай дыплома Міністэрства адукацыі.

– Раскажы падрабязней пра сваю экскурсію.

– “Месцы ведаць трэба” – экскурсія, галоўным чынам скіраваная на папулярызацыю нашага гімназічнага музея і яго топавых экспанатаў. Паколькі ў аснове стварэння музея – ідэя сумеснага пражывання на Дзятлаўшчыне розных этнасаў і канфесій, то і экспанаты для экскурсіі мы падбіралі характэрныя. Напрыклад, сярод іх былі старажытная лампада, ліст “Торы”, куфар 19 стагоддзя, чамадан з артэфактамі Вялікай Айчыннай вайны, вянчальная карона з экспазіцыі праваслаўных канфесій, а ксёндз-місіянер Андрэй Гоман з Афрыкі прыслаў музею абразкі-абярэгі святых Іосіфа і Марыі, намаляваныя на раслінным матэрыяле, была прадстаўлена і калекцыя манет перыяду ад Кацярыны Вялікай да Мікалая ІІ, калі беларускія землі ўваходзілі ў састаў Расійскай імперыі. Сваёй экскурсіяй мы паказалі, што незлічоная колькасць каштоўных рэчаў можа захоўвацца менавіта ў маленькіх гарадах і музеях. Людзям толькі трэба ведаць месцы, дзе будзе цікава, адметна, незвычайна.

– Ганна, якія ўражанні пакінула сустрэча з Андрэем Іванцом?

– З міністрам адукацыі мы сустрэліся пасля конкурсу ў час чаявання за круглым сталом. Сярод тэмаў, якія абмяркоўвалі, былі праблемы краязнаўчых і школьных музеяў, перспектывы іх развіцця. Я не пабаялася задаць Андрэю Іванавічу актуальнае пытанне аб увядзенні абавязковай школьнай формы. Ён патлумачыў, што ўхіл зроблены на дзелавы стыль, а ўжо ўстановы адукацыі самі акцэнтуюць увагу на каляровай гаме і пажаданых мадэлях. Увогуле, міністр адукацыі запомніўся мне чалавекам сучасным, дасціпным, які ўмее адкрыта, проста і зразумела размаўляць з моладдзю. Сустрэча пакінула самыя цёплыя ўражанні.

– Ці выбрала для сябе будучую прафесію?

– Яшчэ не, аднак маю масу карысных захапленняў, сярод якіх – футбол, валейбол, матэматыка, магу выступаць у якасці дыктара, экскурсавода, вядучай, лёгка ўключаюся ў розныя віды дзейнасці, калі яны мне цікавыя.

– Што ў далейшых планах?

– У наступным годзе мы з Аленай Вікенцьеўнай плануем прыступіць да даследчай работы, таму навык публічнага выступлення, які атрымала на конкурсе, мне яшчэ спатрэбіцца.

– Чаго пажадаеш моладзі Дзятлаўшчыны?

– Быць больш актыўнымі, праяўляць інтарэс да розных сфераў дзейнасці. Свет вакол нас поўны цікавінак і карыснай інфармацыі, варта толькі не праходзіць міма.

Ірына СТЫРНІК
Фота прадастаўлена ўдзельнікамі конкурсу

Подписывайтесь на телеграм-канал «Дятлово ОНЛАЙН» по короткой ссылке @gazeta_peramoga